НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Маскоўцам лепш супакоіцца

Маскоўцам лепш супакоіцца

23 жніўня мае сябры фронтаўцы назіралі на першы погляд неадэкватную зьяву. Некалькі асобаў разам з падпалкоўнікам Кузьняцовым прымацавалі да елкі ў Курапатах таблічку з надпісам у памяць загінулых ў Беларусі ад рук НКВД польскіх выйскоўцаў. Вакол шыльдачкі на елцы Кузьняцоў сабраў блізу 15 журналістаў (!), якія глядзелі на яе. Назаўтра «дэмСМІ» на поўным сур’ёзе напісалі пра гэтую справу як пра важную падзею.

Розныя памятныя таблічкі некаторыя людзі прыносяць у Курапаты літаральна ў кішэні, вешаюць на дрэвы ці крыжы. Гэта ня ёсьць грамадзкая падзея. А тут прымацавалі таблічку на елку – і 15 узбуджаных журналістаў робяць нейкі выкляд. У чым справа? -- пытаюцца маладыя людзі. -- Чаму так упарта ўжо трэці раз гэтыя маскоўскія асобы лезуць у Курапаты і хочуць прышпіліць да Курапатаў загіблых польскіх афіцэраў, калі вядома што парэштак іхных тут ня знойдзена і дакумэнтальных зьвестак пра іх тут няма? Палякі ж тое ведаюць. Дык чаго так настырна пхнецца ў Курапаты Масква?

Пытаньне па сутнасьці і адказаць можна коратка: Каб шляхам фальсіфікацыі і стварэньнем шуму ў СМІ пераарыентаваць у сьведамасьці людзей Курапаты (як помнік расейска-бальшавіцкага генацыду) на месца зьнішчэнья польскіх афіцэраў з катыньскага сьпісу. Гэтым самым усё заблытаць ў галовах людзей, перакуліць сутнасьць Курапатаў ды яшчэ сутыкнуць беларусаў з палякамі. Тут праглядваецца тыповае думаньне канторы з Масквы з дасканалым веданьнем польскай мэнтальнасьці. Упартасьць падпалкоўніка Кузьняцова і яшчэ пару асобаў тым і тлумачыцца. Вешаньне таблічкі на елку ніякая ні падзея, але прафанатары зьбіраюць пад гэта 15 журналістаў і пачынаюць вэрхал у СМІ. Методыка апэратыўнай прапаганды. Толькі ўсё гэта на кароткіх нагах, як бы не зьмянялі рыторыку аматары нібыта маскоўскага Мэмарыялу (дарэчы, у маскоўскім Мэмарыяле гэтая група не зарэгістравана). Лепш бы яны не ваявалі супраць Беларусі такім чынам. Мы іх ведаем.

24 жніўня 2013 г. Зянон Пазьняк

 

Дадаць у: