У жыцьці мне здаралася спатыкаць добрых людзей, не беларусаў, але шчырых прыхільнікаў (мілашаў) беларушчыны. У той час, калі саветы зьдзекваліся з усяго беларускага і душылі нашу мову, чужыя людзі, іншаземцы – былі ў захапленьні ад нашага народа, вывучалі і шанавалі нашу незвычайна прыгожую мову, якая для іх была нібы музыка.
Памятаю, даўно ў Рызе зайшоў я ў Акадэмію Навук, а доктар навук вядомая літаратуразнаўца Мірдза Абала вочы ў гару ўздымае і гэтак у захапленьні па-беларуску кажа: “Ах-ах, бяру адпачынак і еду ў Беларусь у вёскі, на Гарадзеншчыну. Ах, люблю! Мову паслухаю, зь людзьмі пагавару”. А карэнны жэмайт мой знаёмец летувіс з Каўнаса Ёзас Рыбікаўскас так палюбіў нашу мову, што стаў нават па-беларуску вершы пісаць.
Шмат было такіх мілашаў-палякаў. І гэта нягледзячы на моцны шавіністычны антыбеларускі струмень у старой польскай палітыцы. Калі ў пачатку ХХ-га стагоддзя Людамір Рагоўскі (кракаўскі паляк) пасьвяціўся беларушчыне, то потым “эндэкі” не маглі яму дараваць ні “Беларускай сюіты”, ні гімна “А хто там ідзе”, ні працы ў беларускім тэатры. Яго цкавалі, і калі кампазытар у 20-х гадах захварэў на сухоты, то застаўся ў адзіноце і без падтрымкі. Да гонару беларусаў, урад БССР (той, якога яшчэ не разбамбіў Сталін) выдзеліў Рагоўскаму грашовую дапамогу і субсідыю на лячэньне.
Цяпер, ужо пасьля камунізму, мая жонка Галіна Фёдараўна некалькі сэмэстраў выкладала беларускую мову ў Варшаўскім унівэрсітэце (студэнты самы сабе выбіралі мову, якую зьбіраліся вывучаць). На канікулы яны ехалі пасьля навучаньня ў Беларусь у вёскі, часта – на Палесьсе. Потым прыязджалі і ўсклікалі па-беларуску: “Ах-ах, які народ, якая мова! Jaki dobry naród, jaki piękny język!
Выпадкі захапленьня нашай мовай і праявы сантыментаў да Беларусі я спатыкаў часта. Добрыя людзі з-за мяжы ўмеюць дакладна адчуць шчырую сутнасьць нашага народа. Яна ім падабаецца. Часам, магчыма, таму, што знаходзяць у нас тое, што страцілі ўжо ў сябе дома.
З заходніх людзей мы знаходзім найбольшае разуменьне і падтрымку, як ні дзіўна, у амэрыканцаў. Я кажу “як ні дзіўна”, бо вельмі ж ужо розныя грамадзтвы і тыпы мэнтальнасьці. Але сантымэнты тут, на мой погляд, ня толькі ад таго, што некаторыя зь іх яшчэ знаходзяць у Беларусі тое, што ўжо затаптана ў ЗША. У Амэрыцы жыве разуменьне і адчуваньне вялікай каштоўнасьці нацыянальнай свабоды. У Амэрыцы гэта шануецца, і нацыянальныя пачуцьці таксама. Вось тут шмат якія амэрыканцы здольныя ўбачыць нашу бяду, а мы ў гэтым станоўча ўспрымаем амэрыканцаў.
Нядаўна я пазнаёміўся з такім прыхільным амэрыканцам. Гэта вядомы ўжо беларусам Джан Канстадтэр, шчыры фотааматар і творчы фотамастак. (Фатаграфіі Канстадтэра можна паглядзець на ягонай старонцы http://radzimaphoto.com/ ). У нядзелю, 3 жніўня, у беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адчынілася выстава фатаграфіяў Джана Канстадтэра. Ён здымае ўжо шмат гадоў людзей у Беларусі, найбольш – на Палесьсі. Характэрнасьць яго творчасьці – станоўчыя вобразы, сьветлы быт людзей і сьветлая вера. Гэта сьвядомая эстэтычная канцэпцыя Джана, і зыходзіць яна, як я зразумеў, з сьветлых адносінаў і пашаны да нашых людзей. Гэта вельмі кранае. З другога боку гэта правільна і разумна.
Жывучы ў сваім космасе, мы, беларусы, як бы не заўважаем звычайнага і не зьвяртаем увагі на тое, што нам звыкла. Чалавеку з-за мяжы тое, што нам звычайна і штодзённа, -- здаецца навіной і нашай сутнасьцю. Ён стараецца адлюстраваць гэта ў творчасьці і як бы адчыняе нам нас самых. Але для гэтага патрэбны сьветлы талент (сьветлы геній) і здольнасьць любіць людзей. Прынамсі, паважаць іх. Такі ёсьць Джан Канстадтэр у сваёй беларускай творчасьці. Бальшыня яго фота на выставе – гэта беларусы, зьнятыя ў цэрквах, у працы і ў побыце, жыхары Століншчыны (вёскі Рубель, Аздамічы, Альшаны і іншыя). Дарэчы, я там неаднаразова бываў у 60-х гадах і пазнаю на фота той нязьменны дух.
Джан тонка разумее беларусаў. Калі першы раз падыходзіш, скажам, да незнаёмай бабулі (кажа фотамастак) і пачынаеш гаварыць (а Джан добра ўмее размаўляць па-беларуску), то ніякія твае лёзунгі, думкі, ідэі, ацэнкі і г. д. ня маюць уплыву і значэньня. Бабуля глядзіць, слухае і вырашае адзінае пытаньне: хто перад ёй – сумленны чалавек ці махляр. І калі яна тое вырашыла, тады адпаведным чынам і вядзецца размова.
Часам нешта ўражвае амэрыканца, а для беларуса нават незразумелая прырода яго зьдзіўленьня. У Джана ёсьць вядомая фатаграфія “Маруся і яе дочкі”. На фота тры прыгожыя беларускі, якія, я б сказаў, ствараюць атмасфэру прыгожых душаў і добрага беларускага побыту (фатограф усё гэта добра выявіў у фатаграфіі.) У гэты час (распавядае мастак) якраз падыходзяць два падлеткі гадоў 15-16-ці. Адзін зь іх – сын жанчыны, субяседніцы Джана. Яна і кажа сыну гэтак сабе ціха і спакойна, што яму трэба пайсьці і зрабіць тое і тое. Сын усё кінуў і моўчкі пайшоў рабіць тое, што сказала маці.
Ну што можа быць больш звыклага ў нас, у Беларус,і і хто на тое будзе зьвяртаць увагу? Тым часам Джан уражаны. Ён пытае ў кабеты, а чаму сын пайшоў рабіць тое, што яна сказала? “Мусіць”, -- адказала жанчына і далей гаворыць сабе пра іншае. І мастак распавядае нам, як гэта добра ды хораша.
Тут павінен патлумачыць беларусам, якія, напэўна ж, не разумеюць, у чым справа. Амэрыканцы ў сем’ях сваіх дзяцей, як правіла, не выхоўваюць, не прывучаюць і не прымушаюць. Бацькі ў асноўным занятыя самы сабой. У амэрыканцаў часта звыклая справа, што дзеці нічога ня ўмеюць рабіць, не дапамагаюць бацькам і г. д. Адпаведна, асабліва ў падлеткавым і юнацкім узросьце, дзеці бацькоў часта ня слухаюць, часам нават і не паважаюць. Такое становішча цяпер пашыраецца, амэрыканская сям’я перажывае крызіс. (Пра прычыны і праблемы крызісу я тут не кажу.)
І вось амэрыканец, ведаючы сваё грамадзтва, прыязджае ў Беларусь, у веруючую Століншчыну і бачыць гарманічныя сем’і, разумны быт, дзе людзі яшчэ не забыліся Запаведзі і, вядома ж, асноўную Хрысьціянскую Запаведзь культуры: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. І амэрыканца яно ўражвае. Удакладню: сьветлага, добрага амэрыканца. Разбэшчанаму чалавеку ўсё прыстойнае – праціўна і незразумела. Ён схільны пасьмяяцца над цнотай і сьвятым. Ды і не паедзе такі ў царкву ці на поле, дзе полюць буракі. А вось Джан паехаў і адчыніў для сябе цэлы сьвет, які стаў часткай яго творчага духа, а можа нават і жыцьця. “Вось-вось, -- кажа Джан, -- ад’язджаю ў Беларусь на жнівень. Вельмі творчы месяц, поўна царкоўных сьвятаў ды збор ураджаю. Ёсьць што здымаць. Ёсьць што пабачыць”.
“Ю вэлкам!” І, як кажуць фотамастакі, -- “добрага сонца!”.
8 жніўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК