НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

МАТЭРЫЯ — ЗА ДУШУ

Мне прышлося зьвяртацца асабіста з пасланьнем да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязьняў, спыніць арышты і рэпрэсіі супраць беларусаў. Вязьняў пачалі выпускаць групамі. А нядаўна (толькі што) выпусьцілі знакавую асобу, аб якой я асабіста прасіў, -- Паліну Шарэнду-Панасюк, якую ў турме мэтанакіравана катавалі і штурхалі ў магілу. Цяпер яна на свабодзе.

З боку Лукашэнкі павольнае выпусканьне вязьняў, і асабліва Паліны Шарэнды-Панасюк, -- гэта гучнае сьведчаньне аб гатоўнасьці да перамоваў з Эўразьвязам па пытаньні вызваленьня палітвязьняў у абмен на спыненьне вызначаных (на перамовах) эканамічных санкцыяў. Не прыняць гэтага сігнала ў такіх абставінах, мне здаецца, было б недаравальным працягам тупіковай палітыкі, адмаўленьнем ад эмпатыі і здаровага сэнсу.

Тым больш што палітыка эканамічных санкцый, якая рэалізоўвалася на працягу амаль пяці гадоў і якая прывяла ўжо да ўсебаковай ізаляцыі Беларусі, да пагаршэньня жыцьця Беларускага народа, не паўплывала на ўладу рэжыму Лукашэнкі і не ў стане вырашыць праблемы палітычных зьняволенных.

Зьявілася магчымасьць рэальна выцягнуць закладнікаў-беларусаў з турэмнай катоўні -- прыняць знакі на гандаль беларускімі душамі, які прапануе Лукашэнка (матэрыя -- за душу). Гэта цяжка. (Гэта, як гандаль зь Пеклам.) Але такая ёсьць палітыка цывілізацыі ў дачыненьнях з прарасейскай дыктатурай. Ня можа быць матэрыяльнасьць важней за душу.

7-02-2025

Зянон Пазьняк

Дадаць у: