НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

МІНУЛА ХХ-Е СТАГОДДЗЕ

МІНУЛА ХХ-Е СТАГОДДЗЕ

Мінула ХХ-е стагоддзе, скончылася 2-е тысячагоддзе і пачалося трэцяе. I мінула яно, і пачалося неяк незаўважна, без належнай увагі людзей, без падсумоўкі і раздумленьняў, без пакаяньняў і без надзей. Як быццам усе занятыя сваімі клопатамі, больш важнымі, чым задуменьне над вечнасьцю і сэнсам гісторыі.

У навагодні пераход стагоддзяў, гледзячы эўрапейскі тэлевізійны эфір, назіраючы калейдаскоп больш паўсотні нацыянальных праграмаў, нельга збавіцца ад уражаньня, што бачыш адну вялікую забаўляльную праграму шумнай духоўнай пустэчы, робленай весялосьці і агрэсіўнай бессаромнасьці. Моляцца ў Ватыкане, а вакол — мітусіцца Вальпургіева ноч Эўропы. Гэта ў эфіры. I гэта адбітак часу, адлюстраваньне ўзроўню тых людзей, тых пластоў што ўсплылі на паверхню культуры.

Чаму гэтак адбываецца — варта задумацца разам. Чалавек жывы ня можа ня думаць пра сэнс існаваньня. Але цяпер, на пераломе стагоддзяў трэба азірнуцца ў глыбіню, каб убачыць, што было.

ХХ-е стагоддзе было стагоддзем тэхнічнага разьвіцьця. Кардынальна зьмянілася хуткасьць і ўзровень камунікацыяў між людзьмі і адпаведна — ўяўленьне пра прастору. Чалавек, сьведама ці нясьведама, стаў адчуваць сябе істотай не ў бясконцым нязьведаным сьвеце, як раней, а жыхаром на круглай зямлі ў замкнутай прасторы. Разьвіцьцё хуткасьці камунікацыяў пашырыла гарызонты, але абмежавала сьвет. Хуткасьць не дала эканоміі ў часе, але паскорыла рытм. Людзі сталі больш ведаць пра сьвет, але ці сталі яны лепшымі? У сфэры грамадзкіх дачыненьняў ХХ-е стагоддзе запомнілася ў гісторыі як час крывавых сусьветных войнаў, масавага зьнішчэньня людзей, таталітарных ідэалёгіяў і асэнсаванай, знарочыстай, фантастычнай хлусьні.

Для нас, беларусаў, гэтыя сто гадоў былі драматычным выпрабаваньнем, поўным сьмерцяў і пакутаў. Тым ня менш, мінулае стагоддзе сталася для нас больш выніковым, чым ХІХ-е, калі ўсе нашыя паўстаньні і войны з Расеяй не далі выніку.

У ХХ-м стагоддзі была сьцьверджана Беларуская Нацыянальная Ідэя, адроджана Беларуская Дзяржава і аб’яўлена яе Незалежнасьць.

Сэнс гістарычнага існаваньня кожнага народу — у стварэньні нацыянальнай дзяржавы і разьвіцьці нацыянальнай культуры. Вось чаму для беларусаў найважнейшымі былі падзеі пачатку і канца ХХ-га стагоддзя. А менавіта: 1918 год, калі была створаная і аб’яўленая незалежнай Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), і 1991 год, калі была зьліквідаваная маскоўская ўлада КПСС і адноўленая незалежнасьць Беларусі.

Гэтыя падзеі ёсьць для нас найважнейшым вынікам ХХ-га стагоддзя, які ўдалося дасягнуць велізарнымі высілкамі, ахвярнасьцю, працай і ахвярамі прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага Адраджэньня.

Азіраючыся ўсьлед стагоддзю, зададзімся пытаньнем: чаго нам, беларусам, не хапіла, каб давесьці ўсё да канца? Шмат чаго неставала, але найперш — не хапіла нам нацыянальнай салідарнасьці.

Беларусы, асабліва перад абліччам чужых нашаму народу сілаў павінны падтрымліваць адзін аднаго. Беларус беларусу мусіць спрыяць і шанаваць усё беларускае. Гэта абавязковая ўмова беларускай свабоды. Інакш нават геніяльныя справы вялікіх беларусаў будуць змарнаваныя, стануць ня чыньнікам перамогі, а толькі чарговай ахвярай на алтар нацыянальнага вызваленьня.

Вядома, што нельга здабыць свабоду без ахвяраў. Але свабода не дасягаецца толькі ахвярамі.

Дзень у дзень крочыць ужо па нашай зямлі ХХІ-е стагоддзе. Мы перайшлі ў яго з усімі нашымі турботамі, трывогамі і хваляваньнямі за наш лёс. Нашым людзям існуецца цяпер так цяжка, гэтак бедна і непрытульна, што беларусы ня могуць не задумвацца: а што чакае іх у будучыні. Шмат хто па звычцы спадзяецца, што нешта здарыцца, што нехта дапаможа, што неяк жа ж будзе. Але гэта памылковыя ўяўленьні. Бо ўсё залежыць не ад некага, а толькі ад нас, беларусаў і толькі мы можам самы сабе дапамагчы, і толькі так будзе, як мы зробім.

Самае вялікае выпрабаваньне, якое ўжо нясе нам ХХІ-е стагоддзе, — і ня толькі нам, але і ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Эўропе — гэта разбурэньне маралі і маральны рэгрэс. Д’ябальская атака брыдоты і паскудства ідзе на Беларусь з двух бакоў: з кагэбоўскай Расеі і зь лібэральнай Эўропы.

Гэта комплексная атака, але калі вылучыць галоўнае, то самай страшнай заганай, што ідзе з Усходу гэта ёсьць алькагалізм, п’янства, стымуляванае ў нацыянальным маштабе.

На Беларусі п’янства рэзка пашырылася за апошнія 5-6 гадоў. У канцы ХХ-га стагоддзя на Беларусі, амаль у паўтары разы перавышаны дапушчальны парог спажываньня алькаголю на кожнага жыхара краіны, пасьля чаго пачынаецца незваротны працэс выраджэньня этнасу.

Для параўнаньня: у Беларусі спажываецца больш за 11 літраў алькаголю ў год на аднаго жыхара. У Расеі — 9 літраў, на Украіне — 4,5 літра. Навуковая і міжнародна прынятая норма алькагольнага парогу, пасьля якога пачынаецца дэградацыя этнічнай супольнасьці, складае 8 літраў.

Да сярэдзіны 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя абсалютным чэмпіёнам па алькагольным спойваньні і выраджэньні была Расея. Тое, што здарылася зь Беларусьсю ў канцы ХХ-га стагоддзя і набірае моцы цяпер — гэта ёсьць этнічная і народная катастрофа. Патрэбныя вельмі хуткія, радыкальныя і эфэктыўныя захады, разьлічаныя на доўгі час (адно-два пакаленьні), каб гэты працэс затармазіць.

Самай небясьпечнай заганай, што шчэміцца да нас з брусэльскай Эўропы, — гэта ўзаконьваньне чалавечай брыдоты на падставе фальшыва ўспрынятай лібэральнай канцэпцыі правоў чалавека. Ня можа быць свабоды граху. Чалавек ня мае права на разбэшчанасьць, на самазьнішчэньне (хоць і здольны гэта рабіць). Грамадзтва не павінна такое цярпець.

Дзе ж компас, дзе ж той справядлівы шлях, дзе зорка, якая павінна сьвяціць беларусам у ХХІ-м стагоддзі над дарогай, што вядзе ў Беларускі Храм?

Я мяркую, што Беларусь павінна вярнуцца да Хрысьціянства. Беларусь у ХХІ-м стагоддзі мусіць адрадзіцца як Хрысьціянская краіна. Беларуская ідэя, абапертая на традыцыі беларускага Хрысьціянства — гэта шлях для нас найбольш унівэрсальны і правільны, бо толькі такая сьветлая і магутная ідэя магла б дапамагчы беларусам вылезьці з глыбокай ямы, у якую ўпіхнулі наш народ ворагі беларушчыны.

У нашай гісторыі ёсьць шмат дзівоснага і містычнага. Дзівосным было нашае ўстаньне з попелу ў канцы 80-х гадоў. Дзівосным было вяртаньне незалежнасьці ў 1991-м годзе вельмі малымі адраджэнцкімі сіламі ў Вярхоўным Савеце. Дзіўнымі здаюцца цяпер рабскія пакуты народа, структура інтэлектуальных магчымасьцяў якога ў чатыры разы перавышае сярэднеэўрапэйскі ўзровень. Дзіўным здаецца паніжэньне нашчадкаў тых, якія ніколі не прыгняталі іншыя народы і нават палонным іншаверцам давалі волю, зямлю і шляхецтва. Дзіўным ёсьць зьневажэньне народа, які трымае ў руках незвычайны сымвал — Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Ісуса Хрыста. Гэты сьцяг у рэальнасьці зьяўляецца галоўным зьместам варожага перасьледу беларусаў і галоўным сэнсам беларускага змаганьня.

Магчыма, што Беларусь і яе народ чакае незвычайная будучыня і сьветлая доля. Магчыма, беларускім прарокам у ХХІ-м стагоддзі адкрыецца яе сэнс. Сёньня ж ужо відавочна і ўсім зразумела: ніколі беларускія рыцары Сьцяга ня выпусьцяць з рук наш сьвяты Бел-Чырвона-Белы, наш адвечны беларускі сымвал — Сьцяг Беларускай Нацыі.

Зянон ПАЗЬНЯК

4-га студзеня 2001 г.

Беларускія Ведамасьці, № 31 | сьнежань 2000 г.–студзень 2001 г.

Дадаць у: