НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

МЫ, БЕЛАРУСЫ, МУСІМ ПЕРАМАГЧЫ ЧАРНОБЫЛЬ!

МЫ, БЕЛАРУСЫ, МУСІМ ПЕРАМАГЧЫ ЧАРНОБЫЛЬ!

Паважаныя землякі, дарагія беларусы! Мінула ўжо 19 гадоў, як на нашу Беларусь апусьцілася чарнобыльская чорная зорка Палын. Тысячы людзей адарвалі ад родных хат і вывезьлі з роднай зямлі. І хаты зьнішчылі, расьцягалі, апаганілі чужыя людзі. Лапухоўе і крапіва, запусьценьне і зьдзічэлыя сабакі там, дзе было жыцьцё, шчасьце і родны кут. Што можа стацца страшней?!

За часы двух сусьветных войнаў, калі немцы і расейцы выпальвалі беларускія вёскі, то заставаліся папялішчы, падмуркі, родныя мясьціны, зямля. І жыцьцё працягвалася нанова, нібы прамінула хвароба, а існасьць жыве.

Чарнобыль жа пазбавіў беларусаў нават зямлі, нават бачаньня даляглядаў і роднага неба над галавой. Людзей вырвалі з коранем і кінулі ўбок, нібы куст, ссыхаць. Што можа быць цяжэй за гэтакі лёс?! А тыя, што засталіся, хварэюць, прыгнечаны духам і не дае Бог здаровых дзяцей, і ўцякае шчасьце з жыцьця, хоць ёсьць хата, далягляды і родныя мясьціны. Атручанае існаваньне. Якая ж зь яго праца, які плён, які набытак?

Угледзімся ў лёс гэтых людзей знутры, і мы зразумеем усю трагедыю нашага вялікага народа, які даўно застаўся безабаронны, кінуты на выжываньне.

Ёсьць Бацькаўшчына вялікая і неабсяжная, ёсьць Радзіма-Культура і Айчына-Нацыя, шмат для каго яшчэ незразумелая і неадчувальная. І ёсьць Радзіма штодзённая і канкрэтная, як сонца ўсход над сінім лесам, як скрып дзьвярэй бацькоўскай хаты, як сьпевы пеўня кожным ранкам і брэх суседзкага сабакі. Радзімы гэтай ужо няма. І разам зь ёй для шмат каго мінула ўсё навечна.

Вось што такое Чарнобыль. Гэта разьвітаньне з Радзімай, якой не вярнуць. У Курапатах нашы ворагі адбіралі ў простых людзей жыцьцё. А ў Чарнобылі, у чорным Палыне, гэтыя ж самыя спраўцы – адабралі ў людзей Радзіму.

Усяму гэтаму ёсьць назоў – вынішчэньне. Вынішчэньне Беларусі.

Мы павінны супроцьстаяць гэтаму з адвагай, але і зь веданьнем, і з разуменьнем.

У нашай гісторыі Беларускага Народнага Фронту ёсьць старонкі, калі, змагаючыся з КПСС за праўду пра Чарнобыль, мы перамаглі, і людзі, якіх ашуквалі камуністы і марылі хлусьнёй, даведаліся, што такое ёсьць для Беларусі Чарнобыль.

Цяперака перад нашай нацыяй паўстала вялікая неабходнасьць, нібы ледзяная гара – мы мусім збавіцца ад наступстваў Чарнобыля. Я ўпэўнены, мы пераможам яго, але толькі тады, калі пераможам разам усё нацыянальнае гора. Гэта значыць – акупацыйны прамаскоўскі рэжым, чарнобыль духоўны і Чарнобыль радыяцыйны. Гэта цяпер – адна бяда і адна антыбеларуская палітыка, адзін зборны назоў для ўсяе навалы.

Так трансфармуецца і гэтак акрэсьліваецца нашае паняцьце пра смутны час, які перажывае беларускі народ – эпоха Чарнобыля.

Дай, Божа, нашаму народу сілу перажыць гэтую эпоху і перамагчы стогаловы Чарнобыль. Закасвайма рукавы, вымайма мячы, вастрэма думкі, гартуйма ідэі для Перамогі!

Жыве Беларусь! Слава героям!

Зянон ПАЗЬНЯК

26 красавіка 2005 г.

Дадаць у: