20 ліпеня ў Кіеве адбылося гучнае дэманстратыўнае забойства журналіста Паўла Шарамета. Падклалі выбухоўку і ўзарвалі разам з машынай днём у цэнтры горада. Першае пытаньне: за што і навошта яго дэманстратыўна забілі? Ён не займаўся карупцыйнымі справамі, ня меў уласнага бізнэсу, не займаўся палітыкай і ўвогуле -- ня быў той фігурай, якая магла б пабуджаць бандытаў на забойства. І што зьменіцца пасьля яго сьмерці ва ўсіх важных эканамічных, палітычных, інфармацыйных раскладах? Нічога ня зьменіцца. Дык навошта так цынічна-тэатральна забілі чалавека?
На ўжо зразумелае пытаньне "хто забіў?" можа даць афіцыйны адказ сьледзтва, у чым я, аднак, сумняваюся, бо надта відавочна ў гэтым тэракце відаць ашалелае ад нянавісьці ўсім вядомае міжнароднае бандыцкае рыла. Яно такое агіднае, што можа адпасьці ахвота ў сьледчых яго называць. Асабліва ў тых, хто хоча "умом понять Россию".
Забойства Паўла Шарамета -- гэта руцінная помста расейскіх спэцслужбаў, што жывуць па крымінальных законах. Помста за некіруемыя паводзіны і падтрымку ўкраінцаў. Адыход улева, управа, наперад і нават у тыл, -- караецца там ужо не па паняцьцях, а па няпісаных жорсткіх правілах антычалавечай арганізацыі. Гісторыя тут аб’ёмная, страшная, і прыкладаў процьма.
Па гэбісцкай логіцы злачынства, павінны былі забіць Яўгена Кісялёва, журналіста з большай вядомасьцю і вагой, які пераехаў у Кіеў і агентурная супраца якога з ФСБ публічна дакумэнтальна пацьверджана. Да гэтага ішло. Але забілі Паўла Шарамета.
Чаму гэта сталася зразумела толькі тым, хто ведае Расею, "вату", рускае праваслаўе і "русский мир".
Першаснае пытаньне іхняй палітыкі, першаснае па важнасьці, па дзеяньні і нянавісьці -- гэта ёсьць непрыняцьце і зьнішчэньне беларускай і ўкраінскай мовы. Усё астатняе -- газ, эканоміка, нафта, "бабло" і т. п. -- гэта ўсё потым. "Вата" сьпіннымі мазгамі адчувае, што ліквідаваць Украіну і Беларусь можна зьнішчыўшы беларускую і ўкраінскую мовы. Моўны ўкраінец і моўны беларус -- гэта для іх апрыоры ворагі, якіх ( па іхных паняцьцях) трэба забіваць. (Нядаўна нейкі "ватнік", зьбегшы зь Беларусі на Данбас, так і сказаў.)
Перад забойствам у жыцьці Паўла Шарамета адбыўся (нечакана для ўсіх і, магчыма, для яго самога) паварот у сьвядомасьці. Ён апублікаваў ліст, дзе засьведчыў сваё жаданьне павярнуцца тварам да Беларусі, да беларускай мовы, напісаў, што яму сорамна за свае ранейшыя паводзіны і скептыцызм да патрыётаў, якія шануюць мову і гавораць па-беларуску. Паведаміў нават, што купіў падручнік беларускай мовы і хоча выправіць страчанае раней.
Паўтаруся: трэба ведаць "вату", узровень думаньня расейскіх гэбістаў і псіхалогію чарнасоценцаў "русского мира", каб разумець зьявы, калі ў іх цалкам касабочацца мазгі ад нянавісьці.
Рэальна (хай сабе нават толькі фармальна, хай сабе нават зь нейкай рацыянальнай мэтай) гэты чалавек хацеў вырвацца з сетак чэкісцкай Масквы, вярнуцца, прыплысьці да беларускага берага. Прыплысьці ў цяжкі для Бацькаўшчыны час. Сусьветныя мярзотнікі і забойцы перашкодзілі яму тое ажыцьцявіць.
Гэта вельмі трагічная, сумная і павучальная гісторыя, якая выклікае абурэньне і жаль у чалавечых сэрцах, здуменьне і разважаньне пра нашае нацыянальнае існаваньне пра хуткацечнасьць людзкога жыцьця.
Мае спачуваньні родным і сваякам загінулага, мой жаль з таго, што адбылося, з таго, што ня сталася і магло быць.
22 ліпеня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК