(Выступ на красавіцкім 2017 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Зьяўленьне Дэкрэту №3 цяжка абгрунтаваць эканамічнай і сацыяльнай неабходнасьцю. Можна было адразу прадбачыць яго невысокую фінансавую эфэктыўнасьць для кіроўнай «хунты» (5-10%) і прычыну для ўзбуджэньня сацыяльных пратэстаў людзей.
Цяжка абгрунтаваць дзяржаўнай логікай таксама ўпартасьць улады ў працягу існаваньня гэтага дэкрэту пасьля таго, як па ўсёй Беларусі пачаліся дэманстрацыі абурэньня.
Сытуацыю праясьнілі рэпрэсіўныя падзеі перад 25 Сакавіка, потым сакавіцкае пабіцьцё жыхароў Менска і паляваньне ОМОНа на пешаходаў, і асабліва наступны пасьля сапсаванага сьвята перасьлед выбраных асобаў і нішчэньне грамадзянскай супольнасьці.
Дэкрэт №3 адыгрывае правакацыйную функцыю па выяўленьні і абмежаваньні актыўных людзей, якія патэнцыйна маглі б пагражаць рэжыму альбо стаць на абарону Рэспублікі Беларусь ў выніку агрэсіі з Усходу.
Ідэя правакацыі дэкрэтам, паколькі яна зьвязана зь імем такога функцыянэра, як Н. Качанава, прыйшла хутчэй за ўсё ад расейскага ФСБ. “Правіцель” пра тое ведае і адмяніць свой дэкрэт ня можа. Дэкрэт цалкам адпавядае яго паняцьцю ўлады над народам.
Прыёмы вынішчэньня і абмежаваньня нацыянальнага грамадзкага поля праводзяцца Лукашэнкам рэгулярна пры непасрэдным уплыве розных спэцслужбаў Расеі і яе агентуры ва ўладзе і ў мясцовым КГБ.
Найбольш значная правакацыя і найбольш стратны разгром беларускай грамадзянскай супольнасьці адбыўся ў 2010 годзе пасьля імітацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Галоўную правакатарскую ролю тут адыгралі Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч (абодва таксама атрымалі турэмныя тэрміны).
На цяперашнім этапе рэпрэсіяў мы бачым, што дарога расчышчаецца для аднаго Статкевіча. Прычым робіцца ўсё груба і прымітыўна, у спадзяваньні, што новыя людзі, якія выйшлі на вуліцы, ні ў чым не разьбяруцца. Задача рэжыму “зачысьціць” зноў беларускае грамадзтва і запалохаць людзей, зьбіць хвалю пратэстаў, ня даць людзям арганізавацца.
Перад Днём Волі пазамыкалі за краты дзяжурных “апазыцыянэраў” (Лябедзек, Рымашэўскіх ды іншых), каб не перашкаджалі Статкевічу і ня блыталіся пад нагамі. Пад заклікі Статкевіча, каб усе выходзілі на вуліцу 25-га Сакавіка і што ён скажа потым , што людзям рабіць, улада стварыла антыпраўную сыуацыю – афіцыйна не дазволіла шэсьце, а потым схавала Статкевіча нібыта за краты. Людзі вышлі на вуліцу, ня ведаючы, што будзе, што рабіць і чаго чакаць. Тут адбыўся жорсткі напад ОМОНа і пабіцьцё мірных грамадзян. Больш за тысячу затрымалі і разьвезьлі па месцах затрыманьня.
Праз два дні аб’явіўся бадзёры, вясёлы (нават вальяжны) Статкевіч і пачаў даваць інтэрв’ю аб тым, як “нейкія” асобы адчынілі дзьверы ў кватэру “фомкай” (Статкевіч не вытурваў «дамушнікаў») накінулі яму цёмны мяшок на галаву, вывелі на двор, пасадзілі (як ён казаў) у шыкоўны “лексус” (гэта ж які відушчы – праз мяшок убачыў) і адвезьлі ў турму КГБ.
І вось калі яго ў той турме выводзілі з камэры “ў прыбіральню”, -- расказваў Мікола ўражаным журналістам, -- дык ён крычаў на ўсю вязьніцу: “Тэрарысты! Тут Статкевіч!”
Закавычка ў тым, аднак, што ў турмах Беларусі не існуе агульных прыбіральняў для арыштантаў. Прыбіральня ёсьць у камэры. А калі няма, -- то яе замяняе легендарная ў турэмным фальклёры “параша”.
Увогуле хлусьню і дзеяньні гэтай асобы ўжо добра прааналізавалі спэцыялісты, якія ведаюць, як працуюць спэцслужбы. Усё гэта выкладзена ў Сеціве. Дарэчы, 24 сакавіка Статкевіч выходзіў у Інтэрнэт з паведамленьнем. Гэта тады, калі яго жонка нібыта ў роспачы і ў няведаньні “шукала” зьніклага Міколу.
Рэжым ня ўпэўнены, ці здушыў бы настрой людзей 25-га Сакавіка. Яму трэба мець кіруемы пратэст. Калі б 25-га не схавалі Статкевіча, то яго трэба было б затрымаць і пасадзіць за краты, як іншых, і тым самым страціць агентурнае кіраваньне пратэстнай актыўнасьцю ў Менску. Цяпер жа Статкевіч вольны і зноў заклікае (заўважце, не на агульнанацыянальную гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС), а на савецкія сьвяты – на 1-га і 9-га траўня. Паведамляецца, што трэба, каб выходзіла ўсё больш і больш людзей, аж пакуль рэжым не ўбачыць сілу і не капітулюе. Агучана вось такая ілюзія.
Рэжым, аднак, разумее, што сытуацыя ня высьпела і, каб не стала горай, гатовы жорстка здушыць усё напачатку. Статкевіч, як і ў 2010 годзе, як і 25 Сакавіка, можа саслужыць тут патрэбную службу.
Роля “навальных” у савецка-расейскім КГБ добра адпрацавана (дасканала ўжывалася яшчэ ў царскай жандармэрыі).
Тым часам мы бачым, што правальную сытуацыю рэжыму ўдалося стварыць толькі ў Менску. Актыўныя пратэсты ў іншых гарадах Беларусі сталі для ўлады нечаканасьцю. Прытым беларусы засьведчылі добры ўзровень разуменьня палітыкі рэжыму і сьмеласьць у паводзінах.
Істотна таксама тое, што пратэставаць стаў сацыяльны электарат Лукашэнкі, нават пэнсіянэры. Справядлівасьць на баку людзей. Але неарганізаваны народ можа толькі засьведчыць пра свае думкі і дачыненьні. Каб змагацца за сваю праўду, людзі павінны арганізавацца. Правакатары і агентура супрацьдзейнічаюць народнай самаарганізацыі ўсімі спосабамі.
Наша пазыцыя ўжо аб’яўлена – гэта народны рух “Вольная Беларусь”. Самае галоўнае напачатку – гэта стварыць групы падтрымкі “Вольнай Беларусі” па ўсёй краіне. Важна, каб узьнікалі такія групы аднадумцаў. Наступныя крокі ўжо будуць хутчэйшыя.
Цяпер важна накапіць сілы ў беларускім грамадзтве, якое прачынаецца, ня даць сябе справакаваць на разгром і нясьпелыя дзеяньні. Выступіць, магчыма, прыйдзецца толькі адзін раз. Цяпер трэба мацнець, асьвячацца, салідарызавацца і гуртавацца, бо наперадзе – “Вольная Беларусь”.
Асноўная задача – ліквідацыя антынароднага рэжыму Лукашэнкі, адмена антынародных акупацыйных дэкрэтаў, указаў і псэўдазаконаў, вяртаньне беларускай Канстытуцыі 1994 года, правядзеньне справядлівых выбараў у рэальны парлямант і пабудова вольнай дэмакратычнай народнай Беларусі.
Цяжкасьці, якія стаяць на шляху да свабоды, правакатары і дзейнасьць антынацыянальнай улады, хай не палохаюць змагароў, бо перамога будзе за імі.
Трэба, аднак, бачыць тую варожую сілу, якая стаіць за дэкрэтам №3 і за ўсёй лукашысцкай уладай. Перш чым рабіць, трэба разумець, што йдзе пэрманэнтная вайна Масквы супраць беларускай нацыі. Яна не спыняецца ўжо чатыры стагоддзі. На сёньняшні дзень гэта гібрыдная вайна, якая ўключае ў сабе ўнутраную акупацыю, эканамічную і анталагічную вайну (г. зн. вайну супраць нацыянальнай культуры). Ва ўсіх гэтых войнах галоўную стратэгічную, тактычную і апэратыўную ролю адыгрываюць таемныя палітычныя спэцслужбы Расеі.
Асаблівую небясьпеку ўяўляе тое, што злавесная таемная палітспэцслужба Расеі (НКВД-КГБ-ФСБ) вось ужо 17 гадоў валодае абсалютнай уладай у Расеі, усталяваўшы антыдэмакратычны карпаратыўны рэжым гэбізму. КГБ ёсьць там цяпер галоўнай палітычнай дзяржаўнай сілай ў гэбісцкім рэжыме грамадзтва. Гэта кіроўная таемная супэр-партыя на дзяржаўным бюджэце ў Расеі, якая праз агентуру і праз Лукашэнку ажыцьцяўляе сваю палітыку ўнутранай акупацыі ў Беларусі
Вось сутнасьць. Калі гэтага не разумець (і потым, калі ня ведаць як ваююць спэцслужбы) – ня трэба ісьці ў палітыку і пратэставаць у паветра. Будзе толькі параза.
Пуцінскі рэжым зайшоў у тупік са сваёй сярэднявечнай палітыкай, заграз і ў Сірыі, і ва Украіне. У наступным годзе ў Расеі выбары прэзыдэнта. Пад пагрозай улада і мільярды Пуціна. Мазгі гэтых сярэднявечных людзей працуюць па стэрэатыпах КГБ у адным накірунку, каб уехаць ва ўладу на плячах абдуранага грамадзтва. Узарваць, напрыклад, дамы зь людзьмі і маленькая пераможная вайна. Узарваць мэтро зь людзьмі – і маленькая пераможная вайна.
Гэтакая маленькая пераможная акцыя супраць Беларусі рыхтуецца ў Расеі ўвесь час, чаргуючыся з успышкамі прапаганды рознага кшталту. У апошні час выпусьцілі абойму крытыканаў, якія даводзяць, што Беларусі нічога з боку Масквы не пагражае.
Галоўнае, што непакоіць Крэмль, гэта ці будзе супраціўленьне беларусаў, калі пачаць нейкую агрэсіўную акцыю. Гэты расейскі інтэрас падводным каменем ляжыць пад дэкрэтам №3 і пад усімі дзеяньнямі рэжыму зь імі зьвязанымі. І тое, што здаецца абсурдам для беларускага абывацеля (калі арыштоўваюць, напрыклад, людзей за ўдзел у легальнай арганізацыі, якая ўжо 15 гадоў не існуе), то для Масквы тое ёсьць абгрунтаваным і лагічным, бо гэтыя людзі якраз маглі б аказаць супраціў маскоўскай інвазіі. Трэба было толькі прыдумаць нейкі повад і зачэпку, каб іх арыштаваць. Такая ж самая падаплёка з усімі астатнімі арыштамі.
Вось гэтыя, здавалася б, “абсурды”, якія робіць Масква рукамі Лукашэнкі, прымушаюць нас – беларусаў – вельмі ўважліва паставіцца да расейскіх вайсковых так званых «вучэньняў» на нашай тэрыторыі ў верасьні гэтага года. Маскоўцы хочуць заехаць сюды ў 4162 вагонах. Гэта адна-дзьве арміі, плюс тэхніка і танкі.
Зразумела, што тут ніякія не вучэньні, а план ваеннай авантуры. (Па міжнародных правілах на вучэньнях нельга зьбіраць больш чым 13 тыс. вайскоўцаў). Беларусам ня трэба зьвяртаць увагі на разважаньні ўсялякіх расейскіх балбатуноў, якія кажуць, што Масква таго не плануе і г.д. Пачытаўшы і паслухаўшы такіх гаваруноў, неабходна рэальна рыхтавацца сустрэць паўзучую агрэсію так як трэба. Ні адзін вагон, ні адзін расейскі цягнік з расейскім войскам не павінен заехаць на тэрыторыю сувэрэннай Беларусі.
У Маскве ліхаманкава рыхтуюцца да падзей у Беларусі; рашылі разбурыць Народны Мэмарыял Курапаты («Лес Крыжоў»), пабудаваны народам пры каардынацыі нашай Партыі (КХП -- БНФ). Магільнік савецка-маскоўскага генацыду ім, як бяльмо на воку. Асабліва цяпер, калі пачаў абуджацца Беларускі народ. Лукашэнка, які ўвесь час рознымі спосабамі імкнуўся зьнішчыць Курапаты, цяпер аддаў загад за тры тыдні правесьці «конкурс» (гэта значыць імітацыю конкурсу), пабудаваць у Курапатах капліцу і запусьціць туды гэбоўскіх папоў РПЦ у пагонах пад сутанай – самай абскурантысцкай антыбеларускай арганізацыі, якая жыве нянавісьцю і зьяўляецца яе рассаднікам у Беларусі.
Наша Партыя і нашыя дзечы афіцыйна і падрабязна выказаліся і далі ацэнку чарговай падступнай навале рэжыму на Народны Мэмарыял Курапаты. Дарэчы тэставай прыкметай эадумкі разбурэньня Мэмарыялу у рыторыцы ворагаў і фальшывых «прыхільнікаў», зьяўляецца іхняе дружнае маўчаньне, негаварэньне, і неўпамінаньне пра Народны Мэмарыял. Ўсе ворагі праўды і культуры маўчаць пра Народны Мэмарыял і робяць выгляд, што нічога ў Курапатах няма, што хачуць ўлезьці ў Курапаты, як у пустое месца. Такая ёсьць тактыка гэтай цемры на сакральнай зямлі. Ім вельмі хочацца плюнуць народу ў сэрца.
Мы агучылі два звароты. Першы – гэта заклік да творчых асобаў на ўдзельнічаць ў рэжымнай прафанацыі конкурсу аб мэмарыялізацыі Курапатаў. За гэтай падступнай задумай рэжыму стаяць ідэйныя нашчадкі сталінскіх забойцаў, яны прыдумалі бутафорскую «лінію Сталіна», апранаюць форму сталінскага НКВД на парадах і ніколі ня былі ў Курапатах.
Другі наш зварот да ўсіх Беларусаў – выступіць масава ў абарону Народнага Мэмарыяла Курапаты, недазволіць антыбеларускай уладзе паглуміцца над крывавай і сьвятой зямлёй. Няхай яны пакінуць у спакоі Курапаты. Хай вернуць трохсотмэтровую ахоўную зону вакол Курапатаў, якую незаконна ліквідавалі, каб захаваць там незаконна пабудаваны рэстаран-бардэль пад нацынальна зьняважлівай назвай «Бульбаш-хол». Зьнясіце прэч свой бардэль і ня лезьце ў гэтае месца. Беларусы мэмарыялізавалі магільнік самы, дагледзяць яго і абароняць ад нечысьці.
А ўвогуле за ўсю гісторыю варожага вынішчэньня нашага народа і нашай культуры, не было, не нараджала яшчэ пекла больш подлай, ілжывай і здрадлівай асобы, чым Лукашэнка. Ніхто не зрабіў больш шкоды для Беларускай нацыі, чым гэты паганец, ніхто яшчэ, нават самы шалёны, не дадумаўся абазваць працавіты беларускі народ «дармаедам», ніхто яшчэ так зьдзекліва, цынічна і па-хамску не рабаваў яго працу. Ніхто не дадумаўся абкласьці падаткамі беспрацоўных людзей і працавітых назваць тунеядцамі.
Аднак тое, што стаіць за дэкрэтам нумар тры, больш небясьпечнае, чым сам правакацыйны дэкрэт. Беларусам, паўтаруся, вельмі важна накапіць сілы, арганізавацца і не падставіцца раней часу. Ня трэба хадзіць за правакатарамі, якія ўвесь час падстаўляюць людзей. Ня трэба хадзіць на іх заклікі ні на 1-га, ні на 9-га траўня. Гэта савецкія сьвяты. Рэжым нагоніць туды сваёй публікі па разнарадцы, каб выклікаць нянавісьць і канфлікт між беларусамі. Трэба пазьбегнуць канфлікту ў народзе. У нас адзін вораг: здраднік Лукашэнка і пуцінская Масква. Народ адзіны. Мусіць быць нацыянальная салідарнасьць. Тады можна будзе дасягнуць волі і перамогі і Вольнае Беларусі!
Слава Айчыне!
9 красавік 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК