Зянон Пазьняк: Павінна быць народная воля.
Гэты мой зварот да ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у перадвыбарчай кампаніі, да арганізатараў і выканаўцаў збору подпісаў, а таксама да законных прэтэндэнтаў на выбары.
Рэальная сітуацыя выглядае так:
- Лукашэнка ня мае права балатавацца на трэці тэрмін.
- Бюлетэні, у якіх упісаная асоба, што ня мае права балатавацца, ёсьць незаконныя.
- Удзел у такіх выбарах па схеме і правілах рэжыму дапамагае забясьпечыць фальшывую перамогу Лукашэнкі.
- Выбары па схеме рэжыму незаконна выйграе рэжым.
- Масква заігрывае з прэтэндэнтамі на выбары, каб уцягнуць іх у правілы фальшывай выбарчай гульні і зрабіць бачнасьць законнасьці.
- Масква цьвёрда і даўно паставіла толькі на Лукашэнку, бо ад захаваньня ўлады Лукашэнкі ў Беларусі залежыць лёс сучаснай улады ў Крамлі.
Высновы:
- Незаконнай схеме выбараў рэжыму трэба супрацьпаставіць альтэрнатыўную народную і законную схему выбараў і ажыцьцявіць яе.
- Нельга адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, бо з боку рэжыму справа йдзе не аб законных выбарах, а аб захопе ўлады пры дапамозе выбараў. Пры адмаўленьні ад выбараў улада будзе захоплена. (Мэханізм адпрацаваны).
Што рабіць:
- Трэба праводзіць Народнае галасаваньне.
Гэта значыць, што ў рамках афіцыйнага тайнага галасаваньня народ галасуе самастойна сваімі бюлетэнямі. Гэта ёсьць законнае дзеяньне, пагрунтаванае на артыкуле трэцім Канстытуцыі.
Дзеяньні выбаршчыкаў у Народным галасаваньні не пярэчаць выбарчаму заканадаўству.
Працэдура Народнага галасаваньня:
- На ўчасткі для галасаваньня выбаршчыкі йдуць са сваімі заранёў падрыхтаванымі бюлетнямі, дзе ўпісанае прозьвішча альтэрнатыўнага народнага кандыдата, за якога яны галасуюць. (Можна ўзяць з сабой чысты ліст паперы, тады свой бюлетэнь можна напісаць у кабіне для галасаваньня). Гэта ёсьць Народны Бюлетэнь.
- Выбаршчык бярэ бюлетэнь рэжыму, ставіць подпіс у сьпісе выбаршчыкаў і йдзе ў кабіну.
- У кабіне выбаршчык кладзе ў кішэню бюлетэнь рэжыму і дастае свой бюлетэнь.
- У скрыню для галасаваньня выбаршчык апускае свой бюлетэнь.
- Выбаршчык захоўвае бюлетэнь рэжыму для перадачы яго Народнай Грамадзкай Камісіі (НГК).
Вынікі галасаваньня будуць відавочныя. Важна захаваць бюлетэнь рэжыму і перадаць яго ў НГК. Больш 50 адсоткаў такіх бюлетэняў, сабраных НГК, будзе сьведчыць аб Народным імпічманце Лукашэнкі і аб адхіленьні яго ад улады.
Падкрэсьліваем, гэта працэдура законная, дэмакратычная і мірная.
Пасьля Народнага галасаваньня і Народнага імпічманту ўлада будзе перададзена Часоваму Ураду, які арганізуе новыя выбары прэзыдэнта і парляманту.
Заклікаем прыняць удзел у далейшым фармаваньні і разгортваньні Народнай Грамадзкай Камісіі (НГК). Галоўная задача НГК – збор сабраных выбаршчыкамі бюлетэняў рэжыму, аб’яўленьне вынікаў галасаваньня грамадзтву, арганізацыя працэдуры Народнага імпічманту Лукашэнкі, перадача ўлады Часоваму Ураду.
Зянон Пазьняк
5 студзеня 2006 г.
Тэлефон Каардынацыйнага воргану НГК: +375 29 661-51-43
НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ
Па патрабаваньні Масквы Лукашэнка зьнянацку для Беларусаў прызначыў датэрміновыя выбары прэзыдэнта раней патрэбнага часу (на 19 сакавіка 2006 г.). Датэрміновыя выбары, аднак, законна не абгрунтавалі. Расея сьпяшае падтрымаць свайго стаўленьніка, бо тэндэнцыі ў грамадзтве паказваюць, што справы гэтых двух рэжымаў могуць пагоршыцца. Таму робяць што хочуць, не зважаючы на ўспрыняцьце людзей.
Тут разьлік, што калі 19 сакавіка яны праваляцца на выбарах, то па закону Лукашэнка яшчэ амаль паўгода застаецца на сваёй пасадзе. Тады пуцінская Масква спадзяецца разьвязаць у Беларусі грамадзянскі канфлікт (вайну) за ўладу і зьліквідаваць законнага новавыбранага прэзыдэнта. Нічога, аднак, у іх ня выйдзе, бо мы іхныя спадзевы бачым.
З іншага боку, яны мяркуюць, што зімой у маразы нам не ўдасца сабраць 150-200 тыс. подпісаў, бо будынкі, дамы, студэнцкія інтэрнаты і іншыя памяшканьні рэжым зьбіраецца заблякаваць. Але й тут яны памыляюцца. У Кіеве ўкраінцы ў час выбараў нават начавалі на вуліцы ў маразы.
Бязьлітаснасьць, несумленны падыход да беларусаў толькі павялічыць народны энтузіязм, нягледзячы на мароз.
Беларусь усяроўна пераможа гэтую чужародную навалу. Усе беларусы памятаюць як рэжым і ягоная прадажная квазіапазыцыя абдурвалі іх у кастрычніку 2004 года і заганялі народ на незаконны рэфэрэндум. Народ не павінен быў удзельнічаць у антызаконнай справе рэжымнай улады. А вось цяпер бачым вынік гэтага нібыта «апазыцыйнага» удзелу ў антыканстытуцыйным рэфэрэндуме: Лукашэнка зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары, хаця па Канстытуцыі ён ужо ня мае на гэта права. Зноў рыхтуюць фльсіфікатарскае ашуканства і шмат хто думае, які сэнс тады галасаваць – усяроўна скруцяць і падмануць.
Але сэнс ёсьць. Сілай зьяўляемся мы – народ, а не прамаскоўскі рэжым і ня кучка псэўдаапазыцыйных калябарантаў з Масквой (не Лукашэнка і не падстаўныя калякіны-мілінкевічы). Ня слухайце гэтай прадажнай публікі!
Трэба абавязкова ўсім масава ісьці на выбары (рэжым гэтага баіцца), а пасьля галасаваньня не разыходзіцца, а ісьці ў цэнтар Менска на Цэнтральную плошчу, быць разам і чакаць аб’яўленьня вынікаў галасаваньня. (Той хто жыве бліжэй каля Менска, той пасьля галасаваньня прыязджае ў Менск).
У нашых сілах і ў нашых законных магчымасьцях затармазіць і спыніць машыну фальсіфікацыі. Гэта можа зрабіць кожны беларус і ўсе разам.
Дзеля перамогі народа над фальсіфікацыйнай сістэмай трэба рабіць народнае галасаваньне. Сутнасьць народнага галасаваньня ў наступных дзеяньнях выбаршчыкаў:
– на ўчасткі для галасаваньня выбаршчыкі йдуць са сваімі заранёў падрыхтаванымі бюлетэнямі (альбо з чыстым лістом паперы, тады свой бюлетэнь можна напісаць у кабіне для галасаваньня);
– выбаршчык бярэ бюлетэнь рэжыму, ставіць подпіс у сьпісе і ідзе ў кабіну;
– у кабіне выбаршчык кладзе ў кішэню бюлетэнь рэжыму і дастае свой;
– у скрыню для галасаваньня выбаршчык апускае свой бюлетэнь;
– выбаршчык захоўвае бюлетэнь рэжыму да перадачы яго грамадзкай камісіі.
Народны бюлетэнь
– На чыстым лісьце паперы выбаршчык піша прозьвішча, імя, імя па-бацьку беларускага народнага кандыдата (альтэрнатыўнага рэжыму), за якога ён галасуе і ставіць насупраць яго прозьвішча значок (птушачку), а ўнізе ліста ставіць любы васьмізначны лік.
– Тое ж самае выбаршчык робіць на афіцыйным бюлетэні рэжыму (птушачка насупраць прозьвішча і ўнізе васьмізначны лік такі самы як на народным бюлетэні).
Народны (альтэрнатыўны) бюлетэнь будзе зьнешне адрозьнівацца ад бюлетэня рэжыму. Пры адкрыцьці скрыняў адразу будуць відаць вынікі галасаваньня. Васьмізначны лік дапаможа выбаршчыку ў выпадку патрэбы пракантраляваць свой голас. Але хто ня хоча, той можна не пісаць васьмізначны лік. Галоўнае забраць з сабой бюлетэнь рэжыму і апусьціць у скрыню для галасаваньня свой народны бюлетэнь.
Беларускі Вызвольны Рух (пры агульнай каардынацыі з боку Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) стварае Нацыянальную грамадзкую камісію (НГК).
НГК даводзіць да людзей інфармацыю аб парадку народнага галасаваньня. Пасьля галасаваньня НГК арганізоўвае збор і падлік незаконных бюлетэняў рэжыму, якія захоўваюцца ў выбаршчыкаў.
Вынікам усіх гэтых дзеяньняў павінны стаць новыя сапраўдныя дэмакратычныя выбары прэзыдэнта на законных падставах. (Трэба ўлічыць, што нават калі ўлады не дапусьцяць народнага (альтэрнатыўнага) кандыдата да ўдзелу ў выбарах, – усёроўна трэба ставіць у бюлетэні ягонае прозьвішча. Такі прынцып народнага галасаваньня.)
Удакладненьне. Выбары не пагрунтаваныя на канстытуцыі – незаконныя. Бюлетэні рэжыму, у якіх упісаны кандыдат, які не мае права балатавацца, – незаконныя.
Народнае галасаваньне ў сістэме існуючага заканадаўства ёсьць тым часам цалкам законнае дзеяньне і пагрунтаванае на артыкуле трэцім дзеючай канстытуцыі, які запісаны гэтак: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ. Народ ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя ворганы ў формах і межах, вызначаных канстытуцыяй.
Любыя дзеяньні па зьмяненьні канстытуцыйнага ладу і дасягненьні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі мэтадамі, а таксама шляхам іншага парушэньня законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам».
Дзеяньні выбаршчыкаў у народным галасаваньні нідзе не пярэчаць выбарчаму заканадаўству. Народ мае права на народнае галасаваньне («ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна») згодна закона і згодна ўдакладненьня артыкула трэцяга канстытуцыі аб парушэньні закона («і дасягненьні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі мэтадамі»). У дадзеным выпадку закон груба парушаецца А. Лукашэнкам, бо ён не мае больш права балатавацца на прэзыдэнта і ўдзельнічаць у выбарах. Ягоныя дзеяньні характарызуюцца «гвалтоўнымі мэтадамі».
Падкрэсьліваю, што ў пэрыяд выбараў улада па закону ня мае права зьмяняць заканадаўства і прымаць якія-небудзь падзаконныя акты, накіраваныя на абмежаваньне правоў і зьмяненьне магчымасьцяў выбаршчыкаў. Улада ня мае права забараняць партыйную дзейнасьць, распускаць партыі, зачыняць газэты і г.д.
Будзьма сьмелымі і ўпэўненымі ў нашым праве і ў нашай праўдзе.
Паведамляю, што ня гледзячы на перасьлед і вымушанае быцьцё за мяжой, маё права балатавацца і ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах пацьверджана спэцыяльным рашэньнем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь № Р-120/2001 ад 15.06.2001 г.
Як толькі спыніцца прамаскоўскі рэжым і ўсталюецца беларуская народная дэмакратычная ўлада, беларускія суды будуць выконваць законы і паважаць права, а Часовы Беларускі Урад прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў.
Ня боймася! Пераможа наша праўда! Перад нашай масавай сілай Масква ня здолее пачаць у нас грамадзянскі канфлікт, бо яны цудоўна ведаюць (і гэтага баяцца), што беларуская армія і беларуская міліцыя стане на бок свайго народа. Нічога Маскве ўжо не дапаможа, ні расейскія гэнэралы, ні расейская ФСБ, ні падстаўныя лябедзкі-калякіны-мілінкевічы. Мы ўсё ведаем, чым яны займаюцца. Яны думаюць ашукаць беларускі народ, але іхная пасьпешнасьць толькі паскорыць крах прамаскоўскай дыктатуры. Набліжаецца канец рэжыму Лукашэнкі.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ
22 сьнежня 2005 г.