НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Народнае Галасаваньне – выхад з тупіка

Народнае Галасаваньне – выхад з тупіка

26-га лютага газэта “Нью-Ёрк Таймс” зьмясьціла вялікі артыкул пад загалоўкам “Зьвяржэньне апошняга Эўрапейскага экс-савецкага дыктатара.” (Аўтар STEVEN LEE MYERS) У артыкуле напісана: “Адміністрацыя Буша, якая вызначыла рэжым у Беларусі, як “апошнюю тыранію” ў Эўропе, патраціла ў мінулым годзе 11,8 мільёнаў даляраў на прапаганду дэмакратыі і плануе патраціць у гэтым, 2006-ым годзе, 12 мільёнаў даляраў.

Фонд Нэшнл Эндаўмэнт фо Дэмокрасі, фінансуемая Кангрэсам грамадзкая арганізацыя для прапаганды свабоды за межамі ЗША, патраціла 2,2 мільёны даляраў у выглядзе 49 грантаў, зьвязаных з выбарамі ў Беларусі.”

Зьвесткі аб тым колькі мільёнаў даляраў дае Амэрыка штогод “палітбізнэсмэнам” ў Беларўсі зьмешчаныя на “сайце” Дзярждэпартаманту ЗША. Дзе зьнікаюць гэтыя грошы дакладна ня адкажуць нават амэрыканцы (што само па сабе выглядае камічна, бо ў Беларусі добра ведаюць, як даляры кантралююцца “апазыцыйнай” агентурай КГБ і як “выкарыстоўваюцца”). Натуральна, што вынік такога фінансаваньня – поўная адсутнасьць вынікаў і паўсюдная імітацыя “апазыцыйнага” працэсу . Апазыцыйны палітбізнэс і карупцыя, зразумела, ня шкодзяць Лукашэнку (наадварот дазваляюць яму час ад часу зрываць маскі з “отморозков” і пускаць у паветра свае філіпікі). Але гэта ўсё вельмі замінае сапраўднаму беларускаму дэмакратычнаму руху і блытае людзей, бо імітатары, як і беларускі дэмакратычны рух, карыстаюцца падобнай антырэжымнай тэрміналёгіяй і ў пэўнай ступені тактыкай. Яскравы прыклад сытуацыі цяпер – адносіны да Народнага Галасаваньня. Не прызнаць рацыі Народнаму Галасаваньню нельга, але рашыцца на яго яны аказаліся няздольнымі. І найперш таму, што прынялі чужыя грошы, а грошадаўцы Народнага Галасаваньня не плянавалі. Тут ня існуе палітычнае волі. Сытуацыя поўная абсурду, але, відаць, нікому ня сорамна. Самы кандыдыты на прэзідэнта заяўляюць, што пераможа фальсіфікацыйная машына Лукашэнкі і самы йдуць у горла гэтай машыны ды яшчэ й людзей заклікаюць “прагаласаваць”. Так марнуецца шанц перакуліць рэжым Лукашэнкі і выкінуць хама з сістэмы выбараў.

Пасьля 2 –га сакавіка (які засьведчыў пасіўнасьць масаў і крымінальнасьць рэжыму) трэба зразумець, што грамадзтва не гатовае да барыкадаў, але Народнае Галасаваньне яно можа выйграць.

Для палітыка трэба мець найперш дзьве якасьці: прадбачаньне падзеяў і палітычную волю. Але гэта ніколі не ўратуе становішча калі не валодаць мастацтвам – уменьнем памяняць коней на пераправе. Цяпер якраз (і нажаль) узьнікае такая сітуацыя. Найперш прыняць рашэньне трэба Мілінкевічу (дакладней ягонаму штабу, бо Мілінкевіч сабой не распараджаецца). Што датычыць Казуліна, то малаверагодна каб ён павярнуўся да Народнага Галасаваньня. Кампанію (у схеме пастаўленых задачаў) ён праводзіць практычна без памылак, энэргічна і дакладна. Лубянка ўсё ж, відаць, не адмовілася ад варыянту замены Лукашэнкі. Гэта можа, аднак (зважаючы на крымінальную палітыку Пуціна), прывесьці да нечаканых падзеяў. Тым больш што загады і прамовы Лукашэнкі апошнім часам выглядаюць цалкам неадэкватнымі. Тым часам шлях эфэктыўны, для бальшыні прыймальны і надзейны – гэта Народнае Галасаваньне

4 сакавіка 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: