НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НАША ЖЫЦЬЦЁВАЯ АБАРОНА

НАША ЖЫЦЬЦЁВАЯ АБАРОНА

(Выступ на кастрычніцкім 2014 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

 

            Галоўнае пытаньне зараз у нашай частцы сьвету і галоўная пагроза нам, беларусам, -- гэта руская агрэсія, рускі фашызм і дыверсійная гібрыдная вайна маскоўцаў супраць Украіны. Пры любым зыходзе гэтай вайны агрэсія можа мець працяг супраць Беларусі. 

            Лепшага для сябе васала, чым Лукашэнка (“нашага сукінага сына”, як кажуць расейцы) яны ня знойдуць. Рэдкасная істота. І тым ня менш пэўным маскоўскім палітэксцэнтрыкам гэтая істота ўжо “изрядно” надакучыла. Ім хочацца яшчэ лепшага, каб усё рабіў, як гэты, але менш балбатаў, ды не мельцяшыў у вачах.

            Рацыянальнага тут мала, бо перад кожнымі нібыта выбарамі ў Беларусі Масква заўсёды запускала ва ўжытак такую дэзу. Тым ня менш прыслухацца варта, каб шмат якім беларусам, якімі зацікавілася палітыка, адказаць на істотнае для іх пытаньне: як адносіцца да Лукашэнкі, калі Расея пачне новы захоп Беларусі, а Лукашэнка стане гэтаму супраціўляцца? Супраціўляцца, вядома, ён ня будзе. Але людзі схільныя да фантазіі.

            У палітычным плане тут стандартная, зразумелая і простая сытуацыя. Лукашэнка і Масква для Беларусі – гэта адна сатана. Беларускае нацыянальнае супраціўленьне павінна выступіць супраць гэтых абодвух галоў трохгаловага зьмея. (Трэцяя галава гада – гэта нямецкая Эўропа. Але беларусам, на жаль, тое зразумець пакуль цяжка, хоць уся наша гісторыя і сучаснасьць пра гэта крычаць).

            Калі беларускае супраціўленьне выступае супраць Лука-Масквы, то яно заяўляе пра сябе як змагарная альтэрнатыва акупацыі і анэксіі. Адчыняецца сэнс і пэрспэктыва змаганьня дзеля перамогі і свабоды.

            Калі супраціўленьня агрэсіі ня будзе, то анэксію зробяць па аўстрыйскім варыянце 1938 года з рускай дэзынфармацыяй усяму сьвету, што адбылося “далучэньне” па волі народа.

            І трэці (чыста тэарэтычны) варыянт, які не ўзьнікне, але пра які гавораць. Гэта калі грамадзтва паспрабуюць падзяліць паміж акупацыйнай Масквой і маскоўскім васалам Лукашэнкам, які нібыта ўспрацівіцца Маскве. Рэальна такое з вобласьці палітфантастыкі, бо супярэчыць прыродзе рэчаў. Але (заўважце) менавіта гэты варыянт цяпер інтэнсіўна распрацоўвае агентура, пачынаючы ад так званых “дэмСМІ” да Мілінкевіча і іншых канторскіх палітыкаў. Яны заклікаюць падтрымаць злачынцу нацыі Лукашэнку ў яго нібыта супраціўленьні Расеі і гуртавацца вакол нішчыцеля Беларусі, бо ён, маўляў, ужо гарант суверэнітэту  і гатовы ваяваць з Масквой.

            Чаму такое чуецца? Найперш гэта мэтад дэзынфармацыі і маскоўскай прапагандысцкай вайны, каб недапусьціць нацыянальнай альтэрнатывы і супраціўленьня магчымаму рускаму ўмяшальніцтву і агрэсіі. Тут імкнуцца паказаць беларусам фальшывую сытуацыю і хлусьлівыя арыентыры. Зь іншага боку ўся канторская раць і ўся прадажная публіка вакол яе, якая корміцца ападкамі чужой геапалітыкі і паразітуе на няшчасьці нацыі, уся гэтая кампанія нюхам адчула рэальны (а не дэмагагічны) паварот у палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, і  адпаведна карэктуе свае паводзіны.

            Некалі, у 90-х, яны (эўрапалітыкі) доўга круцілі катрынку аб “дэмакратычнай” Расеі, імкнуліся “дэмакратызаваць” Беларусь, загнаўшы яе ў нібыта “дэмакратычную” Расею, папалілі мноства сваіх агентаў, пачынаючы ад Віка ды Севярына да розных нямецкіх палітычных дам. Потым настала чарга дэмагогіі пра так званыя “правы чалавека” ды пра “каштоўнасьці дэмакратыі”. Заходнія бюракраты спарадзілі ў Беларусі на гэтых фішках плойму псэўдапалітычных паразітаў. Нарэшце цяпер яны ўжо скінулі маску і сказалі проста: “беларусы, падтрымлівайце (sic!) прэзыдэнта Лукашэнку”. Ён ужо ў іх і “прэзыдэнтам” стаў. Такая эвалюцыя дэмагогіі. Але сутнасьць не зьмянілася.

            Нагадаю, што пра падтрымку “прэзыдэнта” сказала нядаўна публічна афіцыйная прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора. У вэрбальнай палітыцы – гэта сэнсацыя, скандал, бомба для СМІ, дыпляматычная галаваломка для палітыкаў Эўропы. А тым часам – тут поўнае маўчаньне. Ніхто з палітыкаў Эўразьвязу нават не скамэнтаваў гэтыя словы афіцыйнай асобы. Чаму? Таму што гэта пазыцыя. Так ім патрэбна.

            Цікавыя і паводзіны так званай “дэмжурналістыкі”. Ніхто ня ўзяў інтэрв’ю, ніхто ня задаў гэтай афіцыйнай спадарыні патрэбнага пытаньня. Некаторыя паспрабавалі нават патлумачыць, што, маўляў агаварылася  мадам, звычайнае жаночае глупства, маўляў, бывае. Бывае, але такіх не трымаюць на палітычнай службе.

            Усё паказвае, якая сапраўдная цана дэмагогіі эўрапейскіх філісьцераў пра дэмакратыю, правы чалавека і ўсялякія сумніўныя “каштоўнасьці”, калі запахне смаленым і пагрозай прыбыткам. Але мы ведаем, што ёсьць сутнасьці большыя, чым дэмакратыя, і важнейшыя, чым мір. Гэта найперш свабода і гонар нацыі. Мір у рабстве – гэта павольная ганебная сьмерць. Настаў час калі тое трэба нарэшце зразумець прывыклым жыць у няволі.

            Лукашэнка зьяўляецца найвялікшым злачынцам перад беларускай нацыяй. Ён прадаўся Маскве яшчэ ў 90-х і цягам 20 гадоў падрыхтоўваў анэксію Беларусі, нішчыў беларускую мову, беларускую культуру, беларускую школу, уводзіў у нашу краіну анкалогію “русского мира”. Апошнія ягоныя злачынствы – падпісаньне і ратыфікацыя дамовы пра Эўразійскі саюз і перасяленьне данецкіх саўкоў і тэрарыстаў у Беларусь. Мы не прызнаем гэтыя здрадніцкія выверты нелегітымнай улады і разумеем, якая вялікая шкода з боку рэжыму зроблена беларусам.

            Аднак час мяняецца, бо зьмяняюцца палітычныя ўмовы існаваньня ў сьвеце. Цяпер само жыцьцё зноў ставіць перад народам галоўны лёзунг беларускага Адраджэньня – адраджэньне беларускага сьвету, сьвету волі і сьвятла, мовы і культуры. Крамлёўскай цемры, бескультур’ю, п’янству, хамству і Ардзе мусіць быць пастаўлены натуральны заслон – наша мова і наша культура, наш сьветлы сьвет. Гэта наша жыцьцёвая абарона, прытым непераможная.

                                                                                              Зянон Пазьняк

12 кастрычніка 2014 г.

 

 

 

Дадаць у: