НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НАЦЫЯ ПАД АКУПАЦЫЯЙ І ДЫКТАТУРАЙ. МЭТАДЫ ВЫЖЫВАНЬНЯ І ВЫЗВАЛЕНЬНЯ

а). УВЯДЗЕНЬНЕ Ў ТЭМУ


1а. Трэба паглядзець, як народ выжывае пад акупацыйнай дыктатурай у той час, калі ліквідаваныя ўсе ягоныя рэсурсы свабоды, зьнішчаныя магчымасьці і нават асобы, якія маглі змагацца за волю і нацыю. Такі стан быў зьменлівы і тыповы для дзясяткаў краін і народаў.


2а. Трэба адрозьніваць унутраную нацыянальную дыктатуру і зьнешнюю акупацыйную дыктатуру.

3а. Унутраная нацыянальная дыктатура можа быць крайне жорсткай і вынішчальнай (Паўночная Карэя, Куба і інш.). Пэрспэктывы свабоды тут на працягу пакаленьняў часам роўныя нулю. Але ў такіх абставінах нацыя застаецца існаваць у цывілізацыйнай гісторыі і рана ці позна -- адбудуцца перамены яе сацыяльна-палітычнага стану.

Унутраная нацыянальная дыктатура пагражае свабодзе і жыцьцю асобы, але не зьнішчае нацыю ў цывілізацыйным існаваньні (нацыянальную мову, сьведамасьць, гісторыю і т. п.).


4а. Акупацыйная дыктатура ў любой форме пагражае існаваньню акупаванай нацыі як цывілізацыйнага фэнамэна і праводзіць палітыку па яе зьнікненьні.


5а. Акупацыйная дыктатура, нават калі яна менш жорсткая, ёсьць самая небясьпечная для народа, бо прадугледжвае яго нацыянальную цывілізацыйную ліквідацыю. Яскравым прыкладам такой палітыкі была Расея ў камуністычнай форме Савецкага Саюзу.


6а. Рэжым Лукашэнкі, які існуе ў Беларусі ўжо больш за 30 гадоў, зьяўляецца гібрыднай акупацыйнай прарасейскай дыктатурай. Яна створана шляхам унутранай акупацыі праз чужыя спэцслужбы ў выніку захопу знутры ўлады ў дзяржаве і ўсталяваньня свайго стаўленьніка (марыянэткі). Гэта ёсьць скрайне небясьпечная для існаваньня беларускай нацыі акупацыйная форма дыктатуры.


7а. На сёньняшні дзень антынацыянальная палітыка рэжыму Лукашэнкі жорстка абумоўлена ўплывам і залежнасьцю ад Расеі, якая вядзе вайну супраць Украіны. Унутраная палітыка вынішчэньня беларускай нацыі павярхоўна нагадвае савецкую палітыку генацыда 1930-х гадоў -- поўны пагром і забарона ўсяго беларускага, ліквідацыя грамадзянскай супольнасьці, масавыя рэпрэсіі, катавальная турма, выгнаньне людзей за мяжу, русіфікацыя. (Працяг рэпрэсіяў залежыць ад вынікаў расейска-украінскай вайны. Параза Расеі прысьпешыць ліквідацыю прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі.)


8а. Фактам ёсьць тое, што цяпер вялікі Беларускі народ знаходзіцца ў поўным бяспраўі, існуе пад акупацыйнай прарасейскай дыктатурай і палітыкай антыбеларускага зьместу.


9а. Фактам ёсьць тое, што прарасейская акупацыйная дыктатура ў Беларусі за 30 гадоў улады рэпрэсавала і перасьледвала нацыянальны адраджэнцкі беларускі рух. Тым часам расейскія службы стварылі ў Беларусі прамаскоўскую апазыцыю, якая ў 2020 годзе стала інфармацыйна дамінуючай у прасторы і сёньня існуе за мяжой у рэчышчы стратэгічных задачаў Масквы.


10а. Здабыць нацыянальную свабоду, дзяржаўную незалежнасьць, абараніць нацыянальныя інтарэсы могуць толькі нацыянальныя сілы.


б) ТЭЗІСЫ

Пра што сьведчыць вопыт выжываньня народаў пад акупацыйнай дыктатурай, калі няма рэсурсаў супраціву і нацыянальныя палітычныя сілы паралізаваныя альбо зьнішчаныя. Што можна і трэба рабіць?


Шлях-1


1. Найважнейшае. Зьберагчы нацыянальную ідэнтычнасьць, нацыянальную мову і веданьне роду (гісторыю). Усё гэта вынішчае антынародная ўлада, але берагчы і ведаць сваё можна пры любой дыктатуры, нават у канцлягеры і турме.


2. Галоўнае. Не дапусьціць галечы народа, разбурэньня эканомікі, гаспадаркі, інстытута ўласнасьці. Мінімізаваць страты.

Народ у беднасьці і ў галечы не змагаецца за свабоду. Гэта сацыяльны крах.


3. Удзельнічаць ва ўладзе акупанта (дыктатара) на мясцовым узроўні. Гэта дае магчымасьць уплыву і спрыяньня сваім.


4. Ствараць умовы і магчымасьці нацыянальнай асьветы і нацыянальнай адукацыі ў любой форме.


5. Дамагацца любых паслабленьняў: сацыяльных, праўных, маёмасных, індывідуальных, канфэсійных, ідэалягічных і іншых. Нацыянальныя перамены і зрух магчымыя ва ўмовах прысутнасьці любых элемэнтаў свабоды (лібэралізацыі).


6.Практыкаваць паўсюдна скрытую нацыянальную салідарнацьць і сумоўе ў дачыненьнях, у нацыянальнай інфармацыі, у абмене думкамі. Звышзадача: гуртавацца, зьберагчы сябе і сваіх. Беларус беларусу -- беларус.


  1. Гэта шлях працы на будучыню пры бяспраўі, пры адсутнасьці сілы, пры немагчымасьці супраціву. Гэта шлях накапленьня. Ён спрыяе аднаўленьню нацыянальнай свабоды, калі настане зьмена абставін.


    Шлях-2


  1. Дзеяньні супраціву ва ўмовах адсутнасьці сілы і рэсурсаў свабоды: пратэсты, дэманстрацыі, улёткі, дыверсіі і т. п.

    Такія дзеяньні ва ўмовах татальнай дыктатуры і рэпрэсій могуць узьнікнуць з прычыны памылковай ацэнкі становішча, альбо з прычыны правакацыі спэцслужбаў. Вынікам можа стаць пацыфікацыя, арышты, зьнішчэньне магчымасьцяў "шляху-1".

  2. Дзеяньні супраціву эфэктыўныя (і неабходныя) пры раптоўных пераменах абставінаў, крызісах і ўпадку акупацыйнай дыктатуры.


    в). ЭМІГРАЦЫЯ


  1. Роля эміграцыі можа быць эфэктыўнай дзеля Бацькаўшчыны найбольш пры арыентацыі на падтрымку пунктаў 4, 2, 1 "шлях-1".

  2. Трэба зыходзіць з палажэньня, што эміграцыя не прынясе свабоду ў акупаваную мэтраполію, але можа спрыяць выстаяць і падняцца народу ў Беларусі. Свабода здабываецца ў Бацькаўшчыне.

  3. Задача эміграцыі захаваць беларускую ідэнтычнасьць, беларускую мову, нацыянальныя ідэалы, нацыянальную асьвету і нацыянальную культуру, стварыць нацыянальныя палітычныя арганізацыі за мяжой і нацыянальныя сродкі інфармацыі, спрыяць Бацькаўшчыне, забясьпечыць міжнародную падтрымку вольнай Беларусі.


    27 верасень 2025 г.

    Зянон Пазьняк



    ПОСТ СКРЫПТУМ-1

    Я стараўся не апублічваць матар’ялы такога роду, каб незнарок не спрыяць палітыцы рэжыму і агентуры ў вынішчэньні народа. Але, аналізуючы дзеяньні гібрыднага генацыду, робіцца зразумела, што ворагі нацыі ўсё тое ведаюць і вынішчаюць Беларусь па аналягічнай контрпарадыгме. Ворагі ведаюць. Трэба каб ведалі беларусы.


    ПОСТ СКРЫПТУМ-2

    "Шлях-1" быў пасьпяхова рэалізавыны за часы савецкай акупацыі ў краінах Прыбалтыкі і часткова Каўказу. Тут была больш шырокая форма дачыненьняў. Эліта прыбалтыйскіх краін пайшла на адкрытую калабарыцыю з саветамі, уступіла ў камуністычную партыю СССР і, скарыстаўшы статус "савецкай рэспублікі", фактычна, завалодала рэспубліканскай уладай у гэтых рэспубліках, праводзіла палітыку маскоўскага камунізму, але адначасна прадтрымлівала нацыянальныя інтарэсы. Гэты шлях у час крызісу СССР стварыў грунт для незалежнасьці балтыйскіх краін.


    Два чыньнікі паспрыялі посьпеху такой палітыкі:

    1) -- дастаткова высокі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці грамадзтва балтыйскіх краін.

    2) -- Русіфікацыя маскоўскага імпэрыялізму за часы СССР адбывалася ў форме ідэалягічных эўфемізмаў -- "пабудовы камунізму" і стварэньня "обшчечеловеческого языка" (чытай "рускага"). Дактрына "камунізму" была формай расейскага імпэрыялізму, а "обшчечеловеческій язык" камунізма -- формай русіфікацыі.

    Паколькі сутнасьць палітыкі напрасткі не называлася, гэта давала магчымачьць афіцыйна будаваць камунізм і дэмагагічна (ці паўлегальна) захоўваць нацыянальныя каштоўнасьці. З пачаткам крызісу СССР першыя ідэю стварэньня Народнага Фронту прпапанавалі "камуністы" Эстоніі. Ёй не пярэчылі камуністы Латвіі і Летувы.


    ПОСТ СКРЫПТУМ-3


    Паўстае патаньне: чаму "Шлях-1" ня быў рэалізаваны за часы СССР у Беларусі і ва Украіне?

    Тут дзьве ўзаемазьвязаныя прычыны:


    1) -- Першая прычына. Адмысловая палітыка Расеі і потым СССР для Беларусі і Украіны. Гэтыя нацыі, паводле Масквы, мусілі быць русіфікаваныя і ў большасьці зьнішчаныя, сьцертыя з твару зямлі.

    Расейскі генацыд 1920-1940-х гадоў забіў 1 мільён 800 тысяч беларусаў (шматлікія "Курапаты") і амаль 10 мільёнаў украінцаў ("Галадамор " і іншыя забойствы). У БССР была фізічна вынішчана, практычна, уся творчая і навуковая інтэлігенцыя і працавітае сялянства. Са 104 галоўных кіраўнікоў краіны (сталіца, вобласьці, акругі) 102 былі расстраляныя.

    На месца зьнішчаных беларусаў з Расеі былі прысланыя "відвіженцы" кіраваць рэспублікай і русіфікаваць грамадзтва. Пасьля вайны Масква аддала ўладу ў Беларусі партызанам -- энкавэдзісцкай камандзёрскай верхавіне, прысланай з Масквы.

    2) -- Другая прычына. Практычна, поўная адсутнасьць нацыянальнай сьведамасьці і рузуменьня нацыянальных інтарэсаў у зьмененай пасьля генацыду пасьляваеннай ўлады ў БССР. Палітыка гэтай пасьляваеннай улады характарызуецца літаратурным тэрмінам "манкурцізм", г. зн. -- паталагічная нянавісьць да ўсяго беларускага (па паходжаньні -- да свайго), здрада і хваравітае, рабскае халуйства перад Масквой.

    Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" -- гэта была нацыянальная арганізацыя лепшых сілаў Беларускага народа. Галоўным ворагам БНФ, свабоды і незалежнасьці былі камуністычныя ўлады БССР.


    ПОСТ СКРЫПТУМ-4


    Пытаньне: ці зможа цяпер у лукашысцкай зоне рэжыму і рэпрэсій працаваць мэтадалёгія "Шлях-1"?


    Зможа, але так, як ў СССР, -- не.

    1) -- Адбылася палітычная перамена расейскай тактыкі. Адкінуты ўсе эўфемізмы і камуфляж. Абсалютную ўладу ў Расеі забраў КГБ. Палітыка агрэсіі, вайны, насаджэньня рускага "языка" і зьнішчэньня нацый аб’яўлена ў голас, і наўпрост як мэта Расеі. Тактыка гуляньня ў хованкі як пры "построеніі коммунізма" зараз намагчымая.

    Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, -- гэта другасны генацыд, гібрыдная вайна (а ва Украіне збройная) супраць нацыі. Характар цяперашняй рэпрэсіўнай улады ў Беларусі -- гэта манкурцізм без камуфляжу, адкрытае супрацьпастаўленьне расейшчыны ўсяму беларускаму.

    2) -- Шанс зьберажэньня нацыі зьявіўся якраз нядаўна. Беларусы ў вялікай масе сваёй ужо зразумелі каштоўнасьць і добрасьць незалежнай дзяржавы. (Заўважу, што за саветамі -- за выключэньнем адзінак -- грамадзтва ў вялікай колькасьці гэтага не разумела. "Зачэм этат суверэніцет" -- распаўсюджанае паняцьце). Зараз каштоўнасьць свайго народнага дому, незалежнай дзяржавы зразумелі шмат хто. Вось гэта і можа стаць асновай дзеяньняў па нацыянальным зьберажэньні сябе.

Дадаць у: