Над нашай Айчынай навісла пагроза расейскай акупацыі. Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, які на працягу дзесяці гадоў бесперапынна нішчыў і нявечыў жыцьцё і душу нашага народу, беларускую культуру, эканоміку, сельскую гаспадарку, давёў краіну да жабрацкага стану і зрабіў Беларусь палітычна залежнай ад Расеі. Шэраг краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, якія яшчэ нядаўна былі разам з намі ў расейска-камуністычным палоне, цяпер пасьпяхова разьвіваюцца як частка цывілізаванага дэмакратычнага сьвету. А прамаскоўскі рэжым па камандзе сваіх крамлёўскіх гаспадароў вядзе нашу краіну да ліквідацыі сувэрэннай і незалежнай Беларускай Дзяржавы. Непрыяцелі Беларусі ўжо ня раз спрабавалі завершыць гэты ганебны працэс, але нашаму народу ўдалося абараніць Бацькаўшчыну. У 1996 г. дзесяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы Менска і ў змаганьні з рэжымам сарвалі пляны імгненнай акупацыі Беларусі. У 2000 г. беларусы наладзілі байкот фальшывым “выбарам” у нелігітымны псэўдапарлямант Лукашэнкі – “палаткі”, і Маскве з мясцовымі калябарантамі не ўдалося легітымізаваць структуры рэжыму, а разам зь імі “інтэграцыю” з расейскай імпэрыяй КГБ. Гэтыя спробы праваліліся ў значнай меры дзякуючы патрыятычнай пазыцыі беларускай інтэлігенцыі – інтэлектуальнай эліце народу, якая не дала сябе падмануць дэмагогіяй і хлусьнёй.
І вось зноў распачынаецца шоў пад назвай “парляманцкія выбары 2004 г.”. Так рэжым называе кампанію па легітымізацыі сваіх незаконных “палатак” – псэўдапарляманту, дзе ўсе пацешныя “дэпутаты” былі фактычна прызначаны Лукашэнкам. Зразумела, што калі рэжыму ўдасца прыцягнуць грамадзянаў на выбары. то вынік будзе адзіны – легітымізацыя гэтай структуры. І не важна, што большасьць людзей прагаласуе супраць, рэжым ужо адпрацаваў сістэму выбарчых падтасовак. Наступным крокам можа быць галасаваньне ў гэтым “парляманце” за “саюз з Расеяй” і разгром незалежнай Беларускай Дзяржавы. Але мы ведаем, што абсалютная большасьць беларусаў не жадае ісьці на лукашэнкаўскія выбары, людзі зразумелі, што нельга даваць нядобразычліўцам магчымасьць маніпуляваць воляй народу. Праваліць “выбарчае шоў” дыктатуры можна – трэба не ісьці на лукашэнкаўскія выбары, трэба супрацьпаставіць выбарчаму падману БАЙКОТ.
Аднак, мы назіраем, як у апошні час актывізавалася так званая намэнклятурная “аб’яднаная апазыцыя”, што сумна праславілася сваім “палітычным бізнэсам”. Некалькі дробных палітычных партыяў і шэраг груповак, кантралюемых спэцслужбамі, пачалі ствараць “кааліцыі” дзеля актыўнага ўдзелу ў лукашэнкаўскім выбарчым падмане. Яны хочуць у чарговы раз зарабіць грантаўскія грошы, падыгрываючы дыктатуры і Маскве (у Маскву яны апошні час часта езьдзілі па інструкцыі). Палітычныя імітатары хочуць зарабіць на дзяржаўнай здрадзе, падтрымліваючы выбарчы падман. 20 студзеня сёлета яны сабраліся ў нямецкім цэнтры ІВВ у Менску і стварылі “народную кааліцыю 5+”. Галоўная мэта гэтай “кааліцыі” – разам з рэжымам зацягнуць беларусаў на выбарчыя ўчасткі ды паўдзельнічаць у лукашэнкаўскіх падманных “выбарах” і “рэфэрэндумах” – маўляў, “таварышы, прагаласуем супраць!..”, “падтрымаем дэмакратычных кандыдатаў!”... А рэжыму застанецца толькі падтасаваць вынікі і абвесьціць сваю перамогу.
Адкуль узялася ідэя падстаўных выбарчых “кааліцыяў”? Ідэя адпрацаваная і рэалізаваная ў 1999-2000 гг. сумнавядомым Гансам Георгам Вікам, кіраўніком назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Г. Вік — прафэсійны супрацоўнік нямецкай выведкі (калі ён не працаваў пад дыпляматычным прыкрыцьцём, то адкрыта ўзначальваў зьнешнюю выведку ФРГ). Ствараючы намэнклятурную “аб’яднаную апазыцыю”, штурхаючы беларусаў на лукашэнкаўскія “выбары” і “рэфэрэндумы”, Г. Вік выконваў нямецка-расейскі плян па зьнішчэньні незалежнай Беларусі. Нямеччына думае пра сваю выгоду: маўляў, ня трэба будзе плаціць за транзіт нафты і газу праз тэрыторыю Беларусі. Агрэсіўная Расея, як бачым, аднаўляе сваю імпэрыю. А мы павінны дбаць пра наш, беларускі нацыянальны інтарэс – пра незалежнасьць нашай дзяржавы.
Г. Вік расказаў пра антыбеларускі плян на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку ўвосень 2000 г. (пра гэта паведамлялі беларускія СМІ): паводле ягонага прызнаньня, галоўнай задачай яго місіі ў Менску было далучэньне Беларусі да Расеі, бо Расея “больш дэмакратычная”. Вось такі шлях праз расейскі палон прапанавалі намі гэтыя “дабрадзеі”. А зусім нядаўна Г. Вік даў інтэрв’ю “Белорусской газете” (№1 за 12.01.2004 г.). Ён расказаў, як арганізоўвалася “аб’яднаная апазыцыя” – а гэта ўсё цяперашнія ўтваральнікі “народнай кааліцыі 5+”. Эўрапейская камісія (міжнародная структура) выдзеліла вялікія грошы, паверыўшы абяцанкам Лукашэнкі дэмакратызавацца. Цытуем Г. Віка: “Гэтыя грошы былі накіраваныя на падтрымку дыялёгу паміж урадам Беларусі і апазыцыяй. І ўсе эўрапейскія ўрады былі ў курсе, ня было ніякіх таямніцаў. Адзінай таямніцай было тое, што ўсе паперы падпісваў шэф беларускага КГБ, іншых таямніцаў ня было. У грамадзянскай супольнасьці Беларусі дастаткова дзейсных сілаў і структураў, з якімі можна працаваць. Як толькі 20-30 разумных галоваў зьбяруцца разам, такая кааліцыя будзе мець і сілу, і грамадзкі ўплыў”.
Вось немцы й склеілі “кааліцыю” з 20-30 асобаў, гатовых працаваць на нямецка-расейскі інтарэс супраць Беларусі пад подпісам і камандай КГБ. Больш таго, на ўстаноўчыя сходы былі запрошаныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, вядомыя дзеячы нашай навукі і культуры. Думаем, яны проста не разабраліся яшчэ, у якую багну зацягваюць іх варожыя Беларусі сілы і гандляры Айчынай. Палітычныя прыстасаванцы, гатовыя выконваць любы праект, абы грошы плацілі, спрабуюць прыкрыцца вядомымі імёнамі нашых інтэлектуалаў. Спрабуюць выкарыстаць нацыянальную інтэлігенцыю як матэр’ял для сваіх авантураў. Калі ў недалёкай будучыні раскрыецца праўда пра гэты злачынны праект (а Г. Вік альбо яшчэ хто-небудзь абавязкава прагаварыцца, такая ўжо ў іх прырода), то ўсе ўдзельнікі праекту рызыкуюць пакрыцца ганьбай як удзельнікі антыдзяржаўнай дзейнасьці.
Мы зьвяртаемся да беларускай інтэлігенцыі з запрашэньнем не даваць веры палітычным імітатарам, не ўступаць зь імі ў “кааліцыі”, не арганізоўваць разам зь імі, разам з КГБ і Лукашэнкам “выбарчыя шоў”, не кіраваць народ “пайсьці на выбары і прагаласаваць супраць”, а ўвогуле ня йсьці на падманныя выбары і рэфэрэндумы.
Адзінае выйсьце – БАЙКОТ псэўдавыбараў у “палаткі”. Калі лукашэнкаўскія выбары праваляцца, праваліцца і сам дыктатар. Тады настане час арганізаваць у краіне сапраўдныя, дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары без Лукашэнкі пад міжнародным пратэктаратам.
БАЙКОТ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМ “ВЫБАРАМ” !
Зянон Пазьняк
26.01.04