Над гэтым варта задумацца некаторым беларусам. Асабліва тым, якія шчыра прытрымлівацца меркаваньня, што Лукашэнка, загнаўшы сябе і краіну ў тупік, стаў гарантам незалежнасьці гэтага тупіка, бо Расея пагражае. Так думаюць ня толькі прыхільнікі рэжыму.
Сітуацыя стварылася такая, што Беларуская нацыя стала закладнікам адной асобы -- Лукуашэнкі. Лёс незалежнасьці і па вялікаму кошту -- нацыянальнага існаваньня залежыць ад гэтага блуднага хама, якога трымае Масква, як прыладу анэксіі. Цераз гэты абсалютны рычаг Масква плянуе аншлюс, уплывае на ўнутраную палітыку рэжыму і зьнішчае беларушчыну. Гэта сьвядома і падсьвядома разумее шмат беларусаў. Немагчымасьць зьмены ўлады, бязвыходнасьць і пры гэтым злавесная пагроза для незалежнасьці краіны спарадзіла ў некаторых беларусаў псіхалогію закладнікаў.
(Нагадаю агульнавядомае -- у час антытэрарыстычнай апэрацыі і агульнай небясьпекі для тэрарыстаў і для закладнікаў, закладнікі часта пачынаюць супрацоўнічаць з тэрарыстамі, падтрымліваць і любіць тэрарыстаў, каб уратаваць сябе.)
Сітуацыя зь беларусамі дакладна такая ж. Рэжым і агентура падтрымліваюць такую псіхалогію. Толькі тут няма надзеі на вонкавае вызваленьне. Тут гарантаваная сьмерць разам з тэрарыстам. Падкрэсьліваю -- Лукашэнка ёсць гарантам сьмерці краіны, але не гарантам захаваньня суверэнітэту. Крамлёўцы тое разумеюць і цярпліва ціснуць на гэты свой маскоўскі рычаг.
Пазбаўленьне ад тэрарыста выратуе нацыю. Ня трэба баяцца рэзкіх пераменаў. Горшымі яны ня будуць, чым рэжым хама і нацыянальны крах. Ня трэба дрыжэць перад расейскай ваеннай агрэсіяй, бо ваяваць ўсяроўна прыдзецца. Трэба рыхтавацца да абароны і да барацьбы. Калі маскоўская ваеншчына палезе на Беларусь -- пуцінізму гроб. Іх спаткае куля. Для нас -- праз пакуты магчымасьць свабоды. Не любіце тэрарыста.
26.02.2020. Зянон Пазьняк