(Зварот да вясковых людзей, што пераехалі жыць у горад)
Ворагі Беларусі прааналізавалі прычыны выжываньня беларуса і робяць так, каб выбіць зямлю з-пад яго ног. Дастаткова нават павярхоўна глянуць на сацыяльна-эканамічную палітыку антыбеларускага рэжыму ў дачыненьні да працы, да прыватнага гандлю, прадпраймальніцтва, забудовы, жывёлагадоўлі, выездаў за мяжу і т.п., каб убачыць абсурдную тэндэнцыю, накіраваную на шкоду людзям, якія вечна зьдзіўляюцца і вечна не разумеюць таго, што іх вынішчаюць на іхняй зямлі.
Высновай гэтых разваг будзе мой зварот да беларусаў, што пераехалі і пераяжджаюць у гарады. Не прадавайце сваю вясковую бацькаўшчыну! Беражыце бацькаўскі дом! Ён яшчэ можа стаць для вас прытулкам і паратункам у вашым жыцьці. Памятайма, тыя, хто прадалі матчыну мову, стварылі няшчасьце для ўсёй Беларусі. Тыя, хто прадаюць бацькаўскі дом, могуць кінуць сябе ў няволю.
Справа захопу нашай маёмасьці, нашай зямлі прыбышамі і маскоўцамі пашыраецца. Антыбеларускі рэжым, які ініцыяваў такі працэс, гэтаму пастаянна спрыяе, пасяляючы ўсё новых ворагаў і чужых людзей на зямлі Беларусі. Гэта адбываецца таксама ў рэчышчы маскоўскай палітыкі падрыхтоўкі тут новай гібрыднай вайны.
Не аддавайма радзіму ў чужыя рукі. Шануем месца сваё на зямлі. Беражэм дом бацькоў. Глядзім у будучыню.
Канец рэжыму (а ён настане) можа быць не безбалесным. Верагодны і эканамічны абвал, і дэфолт, і іншае сацыяльнае ўстрасеньне. Для працоўных людзей будзе цяжка існаваць у горадзе. І тады прыстанішчам для некаторых беларусаў можа стаць бацькаўскі дом у вёсцы, куды можна вярнуцца, і выжыць у ліхалецьце разам з сям’ёй. Наша пакутная гісторыя тое ілюструе.
Але гэта толькі магчымы і часовы цэнар. Галоўнае ж тое, што пасьля ліквідацыі рэжыму ўжо ў вольнай Беларусі ўзьнікнуць новыя добрыя ўмовы для чалавека. Адбудзецца прыватызацыя зямлі і кожны грамадзянін Беларусі будзе яе мець ва ўласнасьці. Узьнікне рынак зямлі і тыя, хто захавалі сваю маёмасьць і дом і захочуць вярнуцца на зямлю ды заняцца сельскай гаспадаркай (а гэта будзе выгадна), тыя будуць мець лепшыя магчымасьці (не кажам ўжо пра станоўчыя псіхалагічныя моманты). Ня трэба сьпяшацца пазбывацца нерухомасьці (асабліва там, дзе карэньні чалавека). Аказваецца, што чужакам з-за мяжы яна якраз і патрэбная. Яны купляюць яе за бясцэн і ўжываюцца туды са сваім жыцьцём. Бацькаўшчына беларусаў робіцца чужой.
Але не павінна так быць. Маючы мінулае, памятайма пра будучыню.
Слава Айчыне!
Лістапад 2015 Зянон ПАЗЬНЯК