НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НЕКАЛЬКІ НЕАБХОДНЫХ СЛОЎ ПРА АСАБЛІВЫХ ЛЮДЗЕЙ

НЕКАЛЬКІ НЕАБХОДНЫХ СЛОЎ  ПРА АСАБЛІВЫХ ЛЮДЗЕЙ

На пачатку цытата пра агульнавядомае з кнігі падпалкоўніка ФСБ Канстанціна Прэабражэнскага "КГБ в русской эмиграции", -- New York, 2006.

"Когда я служил в КГБ, у нас, как легенда,  передавались из уст в уста рассказы об отказах наших граждан от вербовки. Для них это был рискованный шаг, требовавший большого мужества. От вербовки чаще всего отказывались деятели искусства, писатели и, как ни странно, военные. Случаев же такого отказа у журналистов я не знаю ни одного." (стар. 135).

Разгортваецца Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь", кантактуе з палком Каліноўскага, прадстаўнікі руху езьдзяць ва Украіну, наведалі лінію фронту ў Бахмуце, дзе змагаюцца ваяры батальёна "Волат". 

Тым часам тыя, "што не адмаўляюцца", усчалі свой чарговы заказны лямант. Асабліва іх зацікавіла маё старое паліто, надзетае дзеля фронту. Яно стала галоўнай тэмай абмеркаваньня. (Гэта такая гэбоўская тэхналёгія -- казаць не пра падзею, а пра што папала, каб адцягнуць ад тэмы). 

Часам мне здаецца, што некаторым пагражае страта здароўя ад перадазоўкі нянавісьці -- стрэс для арганізму. Два гопнікі паклікалі на Белсат Доктара Усава. Усаў пагадзіўся. Гэта трэба бачыць (у тэатры не сыграць). 

А тэма была такая, цытую -- "Зянон Пазняк. Палітычны геній ці палітычны вар’ят?". Адзін сапраўдны "вар’ят" аж пішчэў, махаў рукамі і скакаў, сыплючы гопніцкай лексікай. Другі, у якасьці журналіста, нападаў на Усава зь веданьнем, каб слова нельга было прасунуць. Але найлепш было глядзець на самога доктара Усава, які з непрыхаванай цікаўнасьцю моўчкі назіраў за крыклівымі паводзінамі дзіўных людзей, якія сходу захацелі ўтапіць Пазьняка. 

Марны спадзеў, праўда. Раней цэлая партыя КПСС з супэр-ідэалёгіяй працавала туды ж, і то скукожылася, а тут -- нейкая гапата праклюнулася. 

Некалі, гадоў дваццаць таму, Сяргей Навумчык напісаў добры аналітычны артыкул, дзе адзначыў, што журналісты (передовой атряд КГБ -- мая перыфраза) ужо так абгадзілі Пазьняка, так зьнявечылі яго імя, словы і зьнешнасьць, што Пазьняк стаў цалкам незалежным ад журналістаў і журналістыкі. Ужо ня мае значэньня, што яны кажуць, што хлусяць і што пішуць -- каэфіцыент падтрымкі Пазьняка не зьмяняецца, рэйтынг ня падае. 

Я гэта ведаю і небаракаў не шаную. Бяда толькі, што легіён тых, "якія не адмаўляліся" не малее.  Тым часам збавіцца ад іх у вольнай Беларусі будзе проста. Люстрацыя. І тыя, "што не адмаўляліся", што супрацоўнічалі з варожымі арганізацыямі ў дачыненьні да Беларускай нацыі, тыя ніколі ня будуць больш працаваць у журналістыцы, у дзяржаўных і грамадзкіх структурах, у войску, у асьвеце і адукацыі. Гэты вынік мяккай люстрацыі называецца забарона на прафэсіі для ворагаў беларушчыны. Ачышчэньне журналістыкі адбудзецца хутка, на працягу кароткага часу. 

Цяпер у Польшчы (дзе агентуры з усходу вальготна) яны ў жо часам гатовыя сесьці на галаву. Нядаўна званок зь Белсату. Слабы дзявочы галасок запрашае паўдзельнічаць у нейкай інфантыльнай праграме, якую яны прыдумалі. Спачатку удзельніку трэба будзе пайсьці на паліграф, дзе ён адкажа на пытаньні, а потым з вынікамі паліграфа ў студыю, дзе будуць разьбіраць ягоныя патаньні ды адказы на паліграфе і задаваць іншыя.  Стыль Губазіка. І я падумаў, што нехта звоніць мне зь Менску, каб мяне разыграць. Пытаю, адкуль звоняць. Аказваецца ўсё ж з Белсату. Праверыў прозьвішча ўладальніцы дзявочага галаска -- ёсьць такая, працуе на студыі Белсат. 

Як кажуць, без камэнтароў. Паталогія і дэградацыя. І, відаць, да ўсяго, што там творыцца кіраўніцтву студыі справы "нет".  Магчыма думаюць, што русіфікацыя Белсату не пагражае польскім інтарэсам. Памылка, аднак. Яшчэ як пагражае. 

Такім чынам, мы назіраем новы канторскі безнадзейны марафон па абплёўваньню нацыянальнага, вызвольнага, беларускага. "Піліце, Шура, піліце". Мы ўсё гэта праходзілі. Фінал будзе. 

10 люты 2023 г. Зянон Пазьняк

bns-volnayabelarus.org

Дадаць у: