Байкот фальшывых выбараў – гэта зьява, якая фармальна адносіцца да выбарчага працэсу, але па сутнасьці – гэта першапачатковая зброя барацьбы з антыбеларускім акупацыйным рэжымам. Прапановы байкоту рэжымных выбараў былі з майго боку яшчэ ў 1998 годзе. Тым часам наша фронтаўская (КХП – БНФ) палітыка байкоту сфармавалася пасьля 2001 года. Да гэтага ў 2000 годзе ў Менску мы правялі байкот выбараў у «палатку». Амаль на палове выбарчых участкаў у горадзе байкот меў посьпех і выклікаў паніку ў верхавіне рэжыму.
Тады была вельмі сурёзная барацьба. Масква і немцы (Ганс Вік і кампанія) хацелі легітымізаваць лукашысцкую «палатку» і гналі сваю яшчэ слаба сфармаваную квазі-апвзіцыю на выбары (дарэчы частка яе супраціўлялася гэтаму загону і падтрымлівала байкот). Кіраўнік рабочай групы АБСЭ ў Беларусі Адрыян Севярын (тып зь бегаючымі вочкамі і тварам прыроджанага жуліка, пазьней, будучы ў Эўрапарляманце, трапіў пад суд за прыняцьце хабару ў сто тысячаў даляраў) спэцыяльна езьдзіў у Маскву і сустракаўся са старшынёй Дзяржаўнай Думы Расеі камуністам Генадзем Селязьнёвым, вёў размовы пра сумесныя дзеяньні Расеі і АБСЭ ў Беларусі па ўцягненьні беларускіх палітычных партыяў у выбары, якія рыхтаваў антыбеларускі рэжым.
Сойм КХП – БНФ і БНФ «Адраджэньне» 10-га чэрвеня 2000 года прыняў адмысловую заяву «Пра няўдзел у выбарах», дзе дадзена ацэнка падзей. Мы патрабавалі, каб АБСЭ не прысылала сваіх назіральнікаў на выбары і праігнаравала імітацыю выбараў у прафанацыю «парляманта» (разумеючы таксама, што АБСЭ тут магла падыграць рэжыму). Тым ня менш перад самымі выбарамі немцы пад кіраўніцтвам левага «друга» Беларусі дэпутата Бундэстагу фраў Шроттэр вырашылі зрабіць нечаканы дэсант у Менск ў якасьці назіральнікаў і ў апошні момант прыслалі факс, каб іх сустрэлі, у канцылярыю Вярхоўнага Савета, старшыні Вярхоўнага Савета «Шушкевічу» (так яны напісалі), хоць ён старшынёй ня быў. (Яны нават тут дрэнна арыентаваліся.) Сапраўдны старшыня падпольнага Вярхоўнага Савета Сымон Шарэцкі, зьбянтэжаны гэтакім абуральным няведаньнем, хто ёсьць хто, пераслаў той факс мне. Хітрун ведаў што будзе. Нямецкай групе АБСЭ на імя фраў Шроттэр пайшоў факс ад майго імя, каб яны ня ехалі, бо ў час байкоту іх ніхто не чакае. (Дарэчы, немцы, быццам бы ўсё ж прыяжджалі, але іх сапраўды ніхто не чакаў). А ўрэшце тыя недэмакратычныя, правальныя і месцамі байкатаваныя выбары ў «палатку» не прызнала і АБСЭ (вымушана была не парызнаць).
Тым ня менш мы выпрабоўвалі тады таксама іншыя падыходы, разумеючы стан грамадзтва. Мая заяўка на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 года была прадыктавана спробай легальна (без арышту і пасадкі) прыехаць у Беларусь, легальна ўключыцца ў выбарчы працэс і перакуліць рэжымныя пляны з нібыта «апазыцыйным» кандыдытам былым членам Бюро ЦК КПБ У. Ганчарыкам і іншымі падстаўнымі. Мне неабходная была статусная прысутнасьць. У такім разе (я так думаў) шмат што магло атрымацца. Але такой прысутнасьці вырваць у рэжыма не ўдалося.
У 2006 годзе на прэзыдэнцкія выбары мы прапанавалі мэтад «народнага галасаваньня». «Народнае галасаваньне» зыходзіла з пазыцыі байкоту фальшывых выбараў. Гэта быў камбінацыйны плян нібыта паралельных выбараў, нібыта фармальнага ўдзелу, але фактычнага няўдзелу выбаршчыкаў у фальшывым галасаваньні, калі выбаршчык забіраў з сабой (адымаў) афіцыйны выбарчы бюлетэнь (як доказ голасу), а ў скрыню апускаў «народны бюлетэнь». Машына фальсіфікацыі ў такім разе не магла фальсіфікаваць, яна глухла, а доказы галасоў заставаліся ў народа. І ўсё законна. Мы прыдумалі мэтад кантролю над самой фальсіфікацыйнай машынай.
Для руху гэтай ідэі павінна зноў жа быць мая статусная прысутнасьць на выбарах. Натуральна, што рэжым імкнуўся не дапусьціць такога павароту падзеяў. Супраць «народнага галасаваньня» выступіла таксама падстаўная апазыц-камарыльля (Мілінкевіч і інш.). Чым усё скончылася – вядома (сілавым умяшаньнем рэжыму, фабрыкацыямі, рэпрэсіўнымі паводзінамі ЦВК і «попагапонствам» падстаўных дзеячоў).
2006 год яскрава паказаў, што ў выбарах пры антынацыянальным акупацыйным рэжыме павінен быць толькі жорсткі наўпроставы байкот (дэманстратыўны няўдзел у галасаваньні). Усялякія кантактныя манэўры байкоту з выбарчай сістэмай таксама немагчымыя (спыняюцца банальнымі рэпрэсіямі, адміністрацыйным супрацьдзеяньнем і сілай).
На гэтай пазыцыі (выпрабаванай на практыцы) мы стаім ўвесь час. Але, паўтаруся, сэнс байкоту як грамадзкай барацьбы праявіцца толькі тады, калі створыцца паралельнае існаваньне грамадзтва, адрыў яго ад рэжымнай улады і кансалідацыя ў змаганьні з рэжымам на каштоўнасьцях нацыі, свабоды і дэмакратыі.
Такое ня робіцца за адзін раз. Патрабуецца доўгая змагарная і асьветніцкая праца ўвесь час (а ня толькі калі выбары). Пазбавіцца ад паразітнага рэжыму антынацыянальнай улады немагчыма без апоры на сілу народнага асяроддзя і грамадзкіх настрояў. Трэба ўвесь час спрыяць стварэньню такога пратэстнага асяроддзя пагрунтаванага на нацыянальным адзінстве і справядлівых ідэях. Трэба ўвесь час спрыяць высьпяваньню палітычных абставінаў для барацьбы з рэжымам. Тады надыйдзе час пераменаў, які (што важна) нельга страціць, як здарылася гэта, напрыклад, восеньню 1996 года (калі ў адпаведным месцы, у адпаведны час апынуліся неадпаведныя людзі). Але гэта ўжо крыху іншае пытаньне і іншая вобласьць палітыкі.
6 красавіка 2015 г. Зянон Пазьняк