(Ліст да сяброў КХП – БНФ)
Нядаўна паслухаў каардынатара выбарчага штабу В. Бабарыкі. Карыснае відовішча, якое шмат што праясьняе. Мы ня бачым асяроддзя гэтага прэтэндэнта. Тут, відаць, усё больш злавесна, чым здавалася на першы погляд.
Глупствы, якія пастаянна прамаўляе Бабарыка, гэта хутчэй тэхналёгія заблытваньня апалітычнага электарату: то ён тры дзяржаўныя мовы ў Беларусі ўвядзе, то рэферэндум па вяртаньньні Канстытуцыі 94 (дзе ў прынцыпе рэфэрэндуму ня можа быць). Бздуры, вядома, але затое Бабарыка ўвесь час у цэнтры размоваў. Заварушылася ўся руская агентура і прапаганда, і несьціхана шумяць. Арганізавалі іх грунтоўна, сродкі ёсьць, Газпрам за плячыма.
Зьяўленьне Бабарыкі на паверхні супадае з дзейнасьцю ў Беларусі спэцпрадстаўніка Бабіча (гэта што датычна арганізацыі). Група Бабарыкі па зборы подпісаў у дзесяць тысяч асобаў таксама не магла ўзьнікнуць імгненна на энтузіязме за невядомую не публічную асобу.
Тэхналёгія «рэфэрэндум» І цяпер больш сур’ёзна.
Тэхналёгіі і мэтады дзейнасьці Масквы мне добра вядомыя і за 30 гадоў змаганьня з маскоўскай палітыкай дасканала вывучаныя. Подступы да розных рэфэрэндумаў у Беларусі Масква рабіла шмат разоў праз псэўдаапазыцыю, Лукашэнку і агентуру. Ім удаўся адзін -- ў 1995 годзе, які фактычна ўгробіў нашу нацыю.
Цяпер мы добра ведаем гэты маскоўскі прыём. (Тое, як маскоўцы рабілі "рэфэрэндумы" ў іншых краінах, тут не камэнтуем.) Цяпер з ідэяй рэфэрэндума пра нібыта вяртаньне Канстытуцыі 1994 года выступіў Бабарыка (на справе Канстытуцыя-94 вяртаецца аўтаматычна пасьля зьмены ўлады і адмены вынікаў лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 г. і антыпраўнай канстытуцыі дыктатуры. Ніякі рэфэрэндум тут не стасуецца).
Пасьля 9-га жніўня, кажа Бабарыка, Беларусь, правёўшы рэфэрэндум, уступіць у новае жыцьцё. Прытым Бабарыку яшчэ нават не зарэгістравалі кандыдытам на выбары. Зразумела, што ў сувязі з крымінальнай справай, яму прышлося пасьпяшацца і ўжо цяпер аб’явіць пра заранёў прыдуманы для яго план.
Расейска-гэбоўскія авантуры з рэфэрэндумамі робяцца па адной схеме. Галоўнае аб’явіць рэфэрэндум (пажадана з агульнай фармулёўкай). Потым пытаньні ўдакладняюць, дадаюць, папраўляюць, працуе прапаганда, тэлабачаньне і агентура. Ўрэшце, галасы фальсіфікуюць (гэта норма апэрацыі). І ў выніку -- акупацыя, альбо захоп маёмасьці, альбо адмаўленьне ад нацыянальнай валюты, альбо адмаўленьне ад суверэнітэту робіцца "дабраахвотна", рукамі народа, "історічэскім выбором".
Гэта пра агульныя мэтады. Што канкрэтна. З блытанага тлумачэньня Бабарыкі вынікае, што Масква, скарыстаўшы момант, хоча памяняць Канстытуцыю 1994 года пад свае расейскія інтарэсы і закансэрваваць іх рэфэрзндумам. Канстытуцыя 1994 года, нягледзячы на ўстаўку пра прэзыдэнцкую выканаўчую ўладу, створаная ў нацыянальных беларускіх інтарэсах. Гэта беларускі дзяржаватворны закон. Менавіта таму пасьля лістападаўскага антыканстытуцыйнага перавароту 1996 года гэты закон быў зьнішчаны і антыпраўным спосабам заменены на канстытуцыю дыктатуры. Цяпер Масква, баючыся, што Канстытуцыя-94 будзе вернута, хоча праз сваіх залежных папсаваць гэтую Канстытуцыю, падступіўшыся зь іншага боку.
Выбары ў дыктатуру
Тут паўтару да месца важнае палажэньне. Цяпер у Беларусі няма прэзідэнцкай сістэмы ўлады. Парадак, які існуе і замацаваны ў канстытуцыі дыктатуры, – гэта сістэма татальнага самаўладдзя, пры якой народ адлучаны ад грамадзянскага і заканадаўчага ўплыву на ўладу.
Асобы, якія ўдзельнічаюць у фальшывых выбарах прэзыдэнта ў якасьці кандыдатаў, ня кажуць аб ліквідацыі квазі-прэзыдэнцкай дыктатарскай сістэмы, не прапануюць парляманцкай дэмакратычнай улады. Гэтыя людзі, не задумваючыся, выбіраюцца ў дыктатуру. Яны рыхтуюцца стаць на месца Лукашэнкі, замест таго, каб ліквідаваць гэтае «месца». Так ёсьць і так было ўвесь час ўсе гэтыя 26 гадоў дзікай антыбеларускай пагромшчыны. Ніхто з гэтых кандыдатаў на прэзыдэнта, што ўдзельнічалі ў фальшывых выбарах, ня быў і ня ёсьць беларускім нацыянальным палітыкам і ніхто рэальна ня думаў пра Беларусь і пра народ, але толькі пра ўладу, нават не разумеючы, што ў гэтых умовах яна для іх недасяжная.
Назіраньні па сэнсу
Бабарыка агучыў чарнавую руцінную нарыхтоўку Масквы пра рэфэрэндум. Тут жа імгненна ў той жа дзень абвешчана пра стварэньне групы па збору подпісаў за рэфэрэндум у колькасьці сямі з паловай тысячаў асоб. Праца кіпіць. Ўсё даўно падрыхтавана, усё разгортваецца, як на пляцы, як на парадзе.
І цяпер простыя меркаваньні. Рэфэрэндум згодна з рэжымным законам прызначае альбо дае дазвол на яго правядзеньне Лукашэнка. Ажыцьцяўляе і фіксуе працэс -- Ярмошына.
Значыцца, рэальна такі рэфэрэндум можа адбыцца толькі тады, калі замест Лукашэнкі будзе Бабарыка.
Але вернемся ў рэальнасьць. Пры наяўнасьці фальсіфікацыйнай сістэмы галасаваньня выбары 9-га жніўня (прытым абавязкова і пры любых умовах) будуць аб’яўлены ў карысьць Лукашэнкі.
Гэта разумеюць у Маскве. Тым часам, каб ажыцьцявіць важную для Крамля афёру з рэфэрэндумам, якую ўжо яб’явілі, трэба, каб не было Лукашэнкі. Пытаньне: а што мусіць адбыцца, каб яго не было?
Гэтага, магчыма, і Бабарыка ня ведае, і Цапкала ня ведае, і Лукашэнка ня ведае. Ня буду апісваць магчымыя энэргічныя дзеяньні рэжыму, каб не падказваць, хай змагаюцца. Усё ўбачым. Ад іхнага змаганьня, на жаль, найгорш беларусам.
Масква (як заўсёды ў сваёй манеры) ідзе тандэмам. Калі правальваецца Бабарыка і невядомым чынам адыходзіць Лукашэнка, справу "барацьбы" за акаупацыйную дэмакратыю павінен падхапіць Цапкала (дарэчы, вядуць яго ціхенька і прафэсійна).
Крымінальная залежнасьць у палітыцы
Крымінальныя дзеяньні Белгазпрамбанка знаходзяцца пад наглядам сьледчых ворганаў Беларусі з 2018 года, калі выявілася афёра ў адмываньні грошай латвійскага банка ABLV (аб чым было папярэджаньне Падразьдзяленьня Мінфіна ЗША па барацьбе з фінансавымі злачынствамі). Высьветлілася, што ніткі той афёры вялі ў Беларусь.
Выкарыстаньне крыміналу ў палітыцы -- прывычная мэтодыка рэжымаў у Маскве і ў Менску. Так зьявіўся на палітычным фоне банкір Бабарыка.
(Некалі, у канцы 90-х, падобную афёру пракруцілі ў Беларусі з карумпаваным банкірам і прэм’ерам М. Чыгіром, якога таксама зрабілі "апазыцыянерам". З той афёры, аднак, нічога путнага не атрамалася. Дыверсія правалілася. Я тады заранёў папярэджваў у друку пра апэрацыю "Чыгір", што вельмі ўспалашыла гэб’ё і агентуру ў сродках масавай інфармацыі.)
Вольная Беларусь наперадзе
Бяда цяпер для беларусаў у тым, што на беларускім полі гуляюць адны непрыяцелі. Беларускія палітыкі альбо ў турме, альбо ў эміграцыі, альбо ў магіле. Сродкі масавай інфармацыі ў руках непрыяцеля. Грамадзтва дызарыентаванае, бо зьнішчаныя нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі, няма ні лідараў, ні нацыянальна арганізаванай сілы.
Але беларусы яшчэ не прайгралі, наадварот -- набіраюць сілы. Усё будзе. Трымаймася Беларусі і адзін аднаго. Шануйма нашу беларускую мову, нашыя нацыянальныя сімвалы і сьвятыні, наш народ і свабоду.
Цяпер ёсьць шанец заваліць рэжым, калі не галасаваць, калі не пайсьці на фальшывае галасаваньне і пракантраляваць непрыход людзей на ўчасткі. Тады, маючы відавочныя доказы, што галасаваньне не адбылося, можна на падставе закона патрабаваць новых выбараў, у якіх ужо ня змогуць удзельнічаць Лукашэнка і маскоўскі тандэм.
Трэба разумець, што рэжым не пагодзіцца з паразай, будзе хлусіць і пагражаць. Але рэальна праўны чыньнік у змаганьні будзе на нашым баку.
Гэта вельмі істотная пазыцыя, калі закон будзе на нашым баку. Тут ўпэўненасьць ў сабе і адкрытая падтрымка міжнароднай супольнасьці, што б ні вытвараў антынародны рэжым. Усё вырашыць змаганьне і сіла грамадзтва, якой мусіць быць шмат.
Калі ж бы ўсе пайшлі галасаваць і прагаласавалі, і калі б у выніку гэтага рэжым аб’явіў пра "элегантную перамогу", то, ня гледзячы на ўсе парушэньні, закон фармальна аказваўся б на баку рэжыма. Выбары адбыліся. (Праверыць татальны фальсіфікат і патрабаваць новых выбараў будзе немагчыма). Пратэсты будуць кваліфікаваныя як парушэньне закону і пярэчыць гэтаму у юрыдычным пляне будзе цяжка. Права на разгром і ініцыятыва апынецца ў руках рэжыму. Тут тонкасьці, якія трэба ўлічваць і якія трэба ствараць у пратэстнай палітыцы.
Байкот галасаваньня ў выпадку посьпеху -- гэта добрая грамадзкая платформа для барацьбы, якая не спрыяе правакацыям і грубаму ўплыву Масквы.
Лёзунгі: Не фальшывым выбарам! Ня йдзем галасаваць! Не галасуем на выбарах дыктатуры! За новыя выбары бяз Лукашэнкі! Ніякіх фальшывых рэфэрэндумаў! Прэч маскоўскіх стаўленьнікаў!
Няхай жыве Вольная Беларусь!
22 чэрвень 2020 г. Зянон Пазьняк