(Адкраты ліст палітыкам Эўразьвязу) Тэрарыстычны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі павінен быць ліквідаваны. Краіны заходняй дэмакратыі маглі б падтрымаць унутранныя беларускія нацыянальныя сілы, якія змагаюцца з рэжымам і здольныя спыніць яго існаваньне.
Мы разумеем, што санкцыі супраць рэжыму зьяўляюцца аб’ектыўнай рэакцыяй на падзеі ў Беларусі і на палітыку Лукашэнкі. Разам з тым мы мяркуем, што эканамічныя санкцыі не прывядуць да хуткай ліквідацыі рэжыму і ўлады Лукашэнкі. Бо гэты рэжым адкрыта падтрымлівае і курыруе Крэмль, маючы на мэце інкарпарацыю Беларусі ў Расею.
Мы занепакоены сур’ёзнасьцю пагрозы, зьвязанай з тым, што санкцыі могуць павялічыць магчымасьці дэмантажу дзяржаўнасьці Беларусі Расеяй, што абавязкова прывядзе да пагаршэньня геапалітычнай сітуацыі і пазыцыі Эўразьвязу ў рэгіёне.
Мы разумеем, што забарона палётаў у нябеснай прасторы Эўразьвязу для пасажырскіх перавозак беларускай авіякампаніі "Белавія" ва ўмовах, калі рэжым Лукашэнкі спыніў выязды з краіны наземным транспартам, цалкам ліквідуе магчымасьці выехаць беларусам за мяжу, у тым ліку ў выпадку пагрозы рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.
Мы разумеем, што пірацкі захоп пасажырскага самалёта "Афіны -- Вільня" і пасадка яго ў Менску быў падрыхтаваны пры супрацы спэцслужбаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка выканаўца супольнага пірацкага праекту.
У гэтай складанай сітуацыі, калі ад краінаў Захаду чакаецца хуткая і эфектыўная рэакцыя на дзеяньні рэжыму, санкцыі разглядаюцца як адзіны інструмэнт узьдзеяньня на рэжым, але таксама яны маюць нэгатыўны эфект як для Беларусі, так і для грамадзтва. Таму, палітыка санкцыяў павінна быть ўраўнаважана альтэрнатыўнымі метадамі ўзьдзеяньня, каб мінімалізаваць нэгатыўныя наступствы:
1. Санкцыі павінны мець унівэрсальны характар і ськіраваны ня толькі супраць рэжыму Лукашэнкі, але і супраць рэжыму Пуціна, каб прадухіліць магчымасьці Расеі па дэмантажу беларускай дзяржаўнасьці і суверэнітэту;
2. Эўразьвяз мог бы забясьпечыць эфектыўную інфармацыйную падтрымку для нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі, якія вядуць барацьбу ўнутры рэжыму, на тэрыторыі краіны. Тут асноўны змагарны рэсурс, які здольны ліквідаваць тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі.
3. Заходнія краіны павінны выпрацаваць і рэалізаваць альтэрнатыўныя шляхі, якія б давалі магчымасьць грамадзянам Беларусі хутка і бясьпечна пакідаць тэрыторыю краіны. Між іншым, адмяніць візавы рэжым у дачыненьні да беларускіх грамадзян у аднабаковым парадку і спрасьціць працэдуру.
Без збалансаванага падыходу, сыходзячы з сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, дзеяньні па ізаляцыі краіны могуць мець адваротны нэгатыўны эфект.
Беларусы будуць змагацца за сваю незалежнасьць, волю, дэмакратыю і свабоду. Перамога над тэрарыстычным рэжымам будзе зьдзейсьнена ў выніку ўнутранага супраціву антынароднай палітыцы.
28 травень 2021 г. Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь"