Апошнім часам зноў у тысячны раз пачалася чарговая хваля ахайваньня і прапаганды супраць майго імя. Паляць нават правераную агентуру. Мяркую, што ўсё яно зьвязана з падрыхтоўкай да рэжымнага так званага "рэфэрэндума".
Калі б у краіне існаваў парлямант, незалежны суд, палітычныя партыі, вольны друк, законы, грамадзянская супольнасьць і г. д., тады разумны варыянт быў бы ў тым, каб абапершыся на законы, на ўладныя і грамадзкія інстытуты, не дапусьціць правядзеньня незаконнага, антынароднага рэфэрэндума. На сёньняшні дзень гэтага няма. Існуе толькі народ супраць якога ваюе нялюдзкая ўлада і праводзіць рэпрэсіі. З гэтага становішча трэба зыходзіць у змаганьні з палітычнымі авантурамі, якія хоча праштурхнуць рэжым пры выкарыстаньні народу.
Праваліць і абясцэніць антыбеларускую авантуру з рэфэрэндумам цяпер рэальна можна толькі непрыходам на ўчасткі для галасаваньня, гэта значыць добра арганізаваным пасіўным байкотам (пад наглядам і назіраньнем грамадзян). Пра сутнасьць і пра мэту палітыкі байкоту і кантролю за галасаваньнем ва ўмовах рэжыму ўжо шмат напісана.
Найбольшую актыўнасьць у агітацыі за рэфэрэндум (у форме "супраць") праяўляе, як звычайна, псэўдаапазыцыя (у дадзеным выпадку групоўкі вакол Латушкі і Ціханоўскай). Агітацыя, як заўсёды, у такога роду правакатараў будуецца на дэманстрацыі пазыцыі супраць рэжыму і на закліках прыйсьці прагаласаваць супраць (сказаць "не" альбо сапсаваць бюлетэнь), каб гэтым, маўляў, сарваць "рэфэрэндум", заваліць яго правядзеньне.
Такі падыход зьвязаны з тым, што прапаганда групнікаў псэўдаапазыцыі арыентуецца на пратэстны электарат. Іхняя задача -- любым спосабам зацягнуць пратэстны электарат на ўчасткі для галасаваньня. Астатняе ўсё зробіць фальсіфікатарская машына. Галоўнае, каб людзі прышлі і прагаласавалі. І няважна як прагаласавалі, вынік "намалюе" Ярмошына. Праверыць і доказна абвергнуць яго будзе немагчыма. Бюлетэні ўтылізуюць праз 24 гадзіны пасьля галасаваньня.
Тым часам пры пустых участках фальсіфікацыя правальваецца. Яна ўсім відаць.
Некаторыя групнікі квазі-апазыцыі (Латушка, напр.) выдумляюць сабе ўжо плян правакацыі №2. Заклікаюць ўсіх прыйсьці галасаваць на рэфэрэндум, парваць бюлетэні і паўтарыць 9-ы жнівень-2020.
Вось так і паводзяць сябе гэтыя гаваруны. Ніякой адказнасьці не адчуваюць. Абы зацягнуць нязгодных да Ярмошынай на галасаваньне.
Пратэстная частка грамадзтва цяпер (ва ўмовах рэпрэсій і разгулу рэжымнага бандытызму) ніякага "Жніўня 20-га" паўтараць ня будзе. Не настаў яшчэ час. Грамадзтва ня купіцца на агітацыю правальшчыкаў. Але шкода ад такой гапонаўшчыны ёсьць.)
Фэнамэн масавай сьвядомасьці ў тым, што чалавек імкнецца рабіць тое, што яму хочацца, але ня тое, чаго ня хочацца, але рабіць трэба. Прытым бальшыня не аналізуе паводзінаў і па-беларуску верыць у парадак і законнасьць, хоць ні закону, ні парадку ў выбарах рэжыму ўжо 27 гадоў няма, толькі фальсіфікацыя.
Нельга ісьці галасаваць на рэжымны рэфэрэндум, які незаконны і задуманы для ўвекавечаньня ўлады Лукашэнкі ў антыканстытуцыйнай форме, якую хочуць зацьвердзіць галасамі беларусаў. Ніхто на рэжымны рэфэрэндум!
16 лістапад 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК