НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Новая кніга Зянона Пазьняка

Новая кніга Зянона Пазьняка

У кастрычніку выйшла новая кніга Зянона Пазьняка «Краявід перад нізінай» (фармат 6х9 тузін (½ леттэр), 240 старонак. Назва сэнсоўная. Гэта выбраная публіцыстыка, падабраная тэматычна.  У прадмове да выданьня аўтар піша:

            "Тэксты аб’яднаныя адным падыходам -- асьвятленьнем небясьпечных зьяваў і працэсаў для існаваньня нацыі, культуры і цывілізацыі. Таксама адлюстравныя тэмы аб станоўчых чыньніках разьвіцьця.

            Раздумляючы над некаторымі зьявамі ў цывілізацыйным краявідзе, пераконваешся ў арганізаванай зададзенасьці іх існаваньня і распаўсюду. Ёсьць безумоўная сувязь з ідэалёгіяй. Тут адчуваюцца падуплыўныя выразна кіруемыя працэсы, арыентаваныя на разбурэньне асобы  чалавека хрысьціянскага тыпу і на зьмяненьне карціны сьвету. Звычайна гэта адбітак дзейнасьці лявацтва і маргінальных агрэсіўных груп. Таксама можа быць вынікам акупацыйнай палітыкі, накіраванай на вынішчэньне нацыі і культуры. Тэма вымагала б дасьледваньняў і фундамэнтальнай навуковай працы. Тут ужо шмат напісана раней (О. Шпэнглер, А. Тойнбі, С. Ханцінгтон і інш.). Яны кажуць аб схіле і ўпадку Эўропы, аб самаразбурэньні хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, ці бо -- "атлянтычнай цывілізацыі". З таго часу сьвет моцна перамяніўся.

            На сёньняшні дзень тое, што яшчэ ў палове ХХ-га стагоддзя было несуцяшальным папярэджаньнем, цяпер стала рэальнасьцю, ідэалёгіяй дэградацыі асобы. Ужо склалася абумоўленая сістэма гэтай дэградацыі, якая закранула істотныя сфэры сацыяльнага і маральнага жыцьця грамадзтва. Існуюць даволі пэссымістычныя прагнозы будучыні, заснаваныя на статыстыцы і дасьледваньнях. Давер да такіх прагнозаў невялікі, бо ніхто ня можа прадбачыць зьменлівасьць супраціву зьменлівым абставінам. Але тэндэнцыя існуе і ўплывае на паніжэньне".

            Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Нью-Ёрку ў лістападзе і ў пачатку 2019 года – у Варшаве.

Як заўсёды аўтар сам робіць кампутарную вёрстку (склад), макет і афармленьне сваіх кніг. Застаецца толькі зьдзіўляцца як ён тое пры сваёй актыўнасьці пасьпявае рабіць.

 

4 лістапада 2018 г.                                                                          Марыля Якушэвіч

Дадаць у: