КАРОТКАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
(Выступ на жнівеньскмм Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
Аналіз падзеяў за гэты год, і асабліва за апошні месяц, паказвае на існаваньне новага шматступеннага расейскага пляну акупацыі Беларусі. Пра існаваньне гэтага пляну ведае Лукашэнка. Расейцы шмат што ўзгаднялі зь ім. Выбух у Менску 4-га ліпеня, падрыхтаваны расейцамі, паслужыў сыгналам да канкрэтных дзеяньняў, дастасаваных да выбарчай кампаніі.
Першае, што было зроблена пасьля выбуху, -- беларускія кіраўнічыя кадры ва ўладных структурах рэжыму былі замененыя на рускіх генэралаў і выхадцаў з Расеі. Пад выглядам “сьледзтва” распачаты татальны кантроль над электаральнам насельніцтвам і перасьлед крытычна настроеных да рэжыму людзей. Рускія спэцслужбы (ФСБ) атрымалі легальную магчымасьць назіраць і каардынаваць гэты кантроль. Сутнасьць гэтай апэрацыі для Масквы – стварэньне шляхам падбору і выкарыстаньня фальсіфікацыйнай машыны галасаваньня адмыслова прарасейскага парляманту ў Беларусі і дамагчыся яго легітымізацыі. Такі парлямант Маскве патрэбны для заканадаўчага афармленьня захопу беларускай маёмасьці і іншых дзеяньняў па ходу магчымага разгортваньня заплянаваных прарасейскіх падзей.
У Расеі створаная ўрадавая структура, так званае “Федэральнае агенцтва па справах СНД”, якое плянуюць легальна скарыстаць у Беларусі для падтрымкі русіфікацыі, стварэньня расейскай рэзыдэнтуры і рускай пятай калёны.
Масква пад выглядам адказу на амэрыканскі супрацьракетны шчыт у Чэхіі агучыла рашэньне аб увядзеньні на Беларусь сваіх ракетаў “Іскандэр-М” і стварэньне тут расейскай ваеннай структуры з расейскімі спэцпадразьдзяленьнямі. (Гэта схема, па якой была акупаваная ў 1939-40 гг. Прыбалтыка.) Пытаньне ўзгоднена з Лукашэнкам. Канчатковае рашэньне ў канцы жніўня.
Калі не ўдасца перашкодзіць, каб яны выканалі гэты намер, эскалацыя акупацыі Беларусі будзе гарантаваная. (Лукашэнка пасьля гэтага расейцам ужо не спатрэбіцца.)
Працягваецца разбурэньне гістарычнага Менска, плянаваньне ў цэнтры горада мноства хмарачосаў для расейскага алігархічнага бізнэсу і шырокае будаўніцтва элітнага (недаступнага для беларусаў) жыльля алігархічным кланам мэра Масквы Лужкова (інвестыцыі Батурынай) для новых расейскіх перасяленцаў у Беларусь (кітайская схема акупацыі, выпрабаваная на Тыбеце).
У выпадку стварэньня адмыслова прарасейскай “палаткі” і легітымізацыі яе Масква, як вынікае з падзей, плянуе пастаноўку пытаньня ад беларускім грамадзянстве для расейцаў (так званае “падвойнае грамадзянства”). Такая акупацыйная схема выпрабаваная расейцамі ў Паўднёвай Асэціі і Абхазіі. Але тут прадугледжана іншае – перасяленчы, дэмаграфічны (“тыбецкі”) аспэкт.
Што можна чакаць у Беларусі ад такіх авантурыстаў расейскага гэбізму паказвае брудная вайна, якую Масква справакавала і распачала супраць суверэннай Грузіі.
Для інфармацыйнай падтрымкі плянуемых акупацыйных дзеяньняў у міжнародным маштабе Масква наняла піяршчыка з Захаду – вядомую цёмную асобу ў Заходнім піярным бізнэсе Цімоці Бэла (грошы Масквы, але кантракт і аплата аферыста – цераз урад Лукашэнкі).
Нашыя дзеяньні цяпер павінны ісьці па двух накірунках:
-- Пасьлядоўная падрыхтоўка няўдзелу людзей у фальшывых выбарах (байкот).
-- Інфармацыя аб становішчы і аб плянах Масквы.
Выбарчая кампанія, якая цяпер адбываецца, носіць выключна недэмакратычны характар. Такмя выбары ня могуць быць прызнаныя за дэмакратычныя.
Трэцяя неадкладная практычная патрэба, якую абавязкова трэба ініцыяваць, -- гэта вытурыць зь Беларусі цёмнага піяршчыка Цімаці Бэла. Можна ўявіць што ён напіша за маскоўскія мільёны. Гэта сур’ёзна. Асабліва, улічваючы характар інфармацыйнай падрыхтоўкі Расеі перад нападам на Грузію, які толькі што пачаўся (ня кажам ўжо пра крайне подлы ўзровень расейскай інфармацыі). Тое самае расейцы плянуюць тут, у Беларусі, наняўшы Бэла. За мільёны гэты тып гатовы піярыць нават пекла.
10 жніўня 2008 г.
Зянон ПАЗЬНЯК