У сярэдзіне жніўня зьявіліся дзьве новыя кнігі Зянона Пазьняка "Палын-палын..." (беларускі раман з часоў савецкай акупацыі) і "Незалежнасьць (да 25-годдзя Незалежнасьці Беларусі).
Выданьне "Незалежнасьць" адбылося ў Нью-Ёрку. Аб’ём 114 старонак, фармат US Trade 6x9in (набліжаны да В5). У кнізе апавядаецца аб дасягненьні дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі 25-га Жніўня 1991 года, аб каштоўнасьцях незалежнай дзяржавы і аб абставінах у сьвеце, якія павінна будзе ўлічваць будучая вольная (вызваленая ад праакупацыйнага рэжыму) Беларусь.
У дадатку кнігі выкарыстаныя, апублікаваныя раней, фатаграфіі і дакуманты і некаторыя новыя. Фатаграфіі перадаюць вольны дух незвычайнага часу пачатку 1990-х гадоў, вобразы і абліччы вольных людзей, што праглі волі. Уключаны кароткі нарыс пра аўтара бальшыні фатаграфіяў -- фронтаўскага "фоталетапісца" Уладзімера Кармілкіна.
"Палын-палын...", беларускі раман з часоў савецкай акупацыі, Нью-Ёрк, 2016 г. -- 200 с. Папера афсэтная (фармат US Letter ).
Дзеяньне рамана пачынаецца ў 30-х гадах на Віленшчыне і працягваецца ў 40-х -- 60-х гадах мінулага стагоддзя ў БССР. Гэта расповяд пра лёсы, каханьне і справы беларусаў, што жылі пад саветамі. Паказана акупацыйная рэчаіснасьць савецкага рэжыму, яго норавы і парадкі. У цэнтры сюжэта людзі, якія шанавалі сваю годнасьць і Бацькаўшчыну і змагаліся за яе волю і адраджэньне.
Прэзэнтацыя кніг адбудзецца 18 верасьня ў нядзелю ў Нью-Ёрскім Беларускім Праваслаўным Саборы сьвятога Кірылы Тураўскага (Бруклін, «Атлантык эвэню», 401). Пачатак а палове на 13-ю.
Улічваючы цяжкасьці ў распаўсюджваньні беларускіх кніг у Беларусі і непрапусканьні рэжымам беларускай літаратуры праз мяжу, гэтыя выданьні (а таксама ранейшыя выданьні аўтара) будуць зьмешчаныя ў фармаце «пдф» на старонках «Народная Партыя», «Беларуская Салідарнасьць» і на індывідуальнай старонцы аўтара ў Сеціве.
Даезд мэтро цягнікамі Q, D, N, R, 2, 3, 4, 5 (прыпынак «Атлантык эвэню»), F (прыпынак «Бэргэн стрыт»)
-інф-