НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

НЯ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР

НЯ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР

Лiст да суайчыньнікаў у Беларусі
і за межамі Бацькаўшчыны
2 красавіка 2000 г.

НЯ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР

25 сакавіка, у дзень найвялікшага сьвята беларускага народу — Дня Незалежнасьці — у Менску адбылося грубае ўжываньне сілы рэжымам Лукашэнкі. На вуліцы горада былі выведзеныя ўнутраныя войскі ў колькасьці некалькіх тысячаў салдатаў, тысячы міліцыянтаў, некалькі дзесяткаў адзінак бронетэхнікі, вадзяныя гарматы, спэцгрупы з агрэсіўнымі сабакамі (ротвэлеры, аўчаркі). Усё гэта — супраць мірных беларускіх дэманстрантаў. Напад войскаў і міліцыі на людзей адбыўся да пачатку дэманстрацыі і суправаджаўся жорсткім і безаглядным зьбіцьцём усіх без разбору — старых, непаўналетніх, жанчынаў, удзельнікаў і няўдзельнікаў дэманстрацыі, дыпляматаў і журналістаў. Салдаты з замаскаванымі тварамі нападалі таксама мэтанакіравана на вядомых палітычных дзеячоў беларускага вызвольнага руху. Гэтак было схоплена амаль усё кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, а выконваючы абавязкі старшыні БНФ у Беларусі Юры Беленькі быў жорстка зьбіты замаскаванымі бандытамі ў міліцэйскай форме. Ён атрымаў сур’ёзныя раненьні галавы і знаходзіцца цяпер на лячэньні.

Брутальна зьбілі таксама намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета Анатоля Лябедзьку. Спэцыяльна навучаныя салдаты атрымалі адпаведны загад, і для іх не існавала ніякай адказнасьці і перашкод.

Стала вядома, таксама, што прэм’ер-міністр Расеі і выконваючы абавязкі прэзідэнта Расеі У. Пуцін меў раніцай 25 сакавіка тэлефонную сувязь з А. Лукашэнкам і абмяркоўваў зь ім дэталі вайсковай апэрацыі ў Менску. Было схоплена больш за 500 асобаў, якіх інтэрнавалі ў вайсковыя часткі, спартыўныя залі, замкнулі ў арыштах. Прытым ніякага парушэньня грамадзкага парадку з боку насельніцтва не было. Людзей білі і хапалі яшчэ да пачатку дэманстрацыі.

Зьбіцьцё мірных людзей у Менску па загаду Лукашэнкі і Міністра ўнутраных справаў Сівакова ня можа застацца беспакараным. З таго, што адбылося 25 сакавіка ў Менску, стала зразумела, што агрэсіўная сілавая апэрацыя супраць шэсьця ў гонар Дня Незалежнасьці ўзгаднялася з Масквой.

Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі адкрыта прадэманстраваў свой акупацыйны характар, поўнае ігнараваньне беларускай грамадзкай думкі, пазыцыі Захаду і міжнароднай супольнасьці. Масква, абапіраўчыся на Лукашэнку, яшчэ раз дэманстратыўна засьведчыла і дала зразумець, што ў палітыцы інкарпарацыі Беларусі ў Расею гэтак жа, як і ў вайне з Чачэніяй, яна ня спыніцца ні перад чым.

Ніякіх “дыялёгаў”, ніякіх “перамоваў” з вызвольнай беларускай апазыцыяй рэжым Лукашэнкі не зьбіраўся рабіць і не зьбіраецца праводзіць. Стваралася імітацыя, гаварыльня, выгадная дыктатуры, каб паралізаваць апазыцыю, выйграць час і правесьці свае выбары ў свой кішэнны “парлямант” любым спосабам і любым мэтадам. І потым — зацьвердзіць аншлюс у новым квазіпарляманце.

Пасьля расправы 25 сакавіка ў Менску і неадэкватнага ўжываньня сілы Лукашэнкам — ніякіх гульняў у “дыялёгі” з рэжымам больш ня можа быць.

Нельга правесьці дэмакратычныя выбары ва ўмовах дыктатуры. Нельга пры дыктатары (які разагнаў законны парлямант, адмяніў законную Канстытуцыю і выконвае імпэрскія мэты Масквы) стварыць дэмакратычны парлямант. Дзеля гэтага трэба ліквідаваць рэжым і выгнаць дыктатара.

Беларуская апазыцыя мусіць стварыць законную ўладу і надаць выступам супраць нелегальнай улады канкрэтны палітычны і юрыдычны зьмест. Парлямант існуе ня толькі дзеля міжнароднага прадстаўніцтва. Даўно з апорай на Беларускі вызвольны рух трэба было стварыць законны Ўрад, канстытуцыйныя ворганы ўлады, неабходныя міністэрствы і адміністрацыю Спаўнячага функцыі Прэзыдэнта. Крымінальнае сьледзтва па справе аб незаконным захопе ўлады ў Беларусі, распачатае Пракурорам Беларусі Рыгорам Пракаповічам, павінна мець лягічнае завяршэньне. Дзеля гэтага ёсьць усе фармальныя магчымасьці, ёсьць жаданьне людзей да пераменаў, не хапае толькі волі палітыкаў.

Беларускі Народны Фронт і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ 30 сакавіка выступілі з заявай, дзе прапанавалі ўсім беларускім партыям і арганізацыям скансалідавацца на галоўнай задачы — абароне незалежнасьці Беларусі ад расейскай агрэсіі і выказаць патрабаваньне да Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, яго Старшыні і Спаўняючага функцыі Прэзыдэнта Беларусі Сымона Шарэцкага “тэрмінова прыняць рашучыя захады па стварэньні законнага Ўраду і іншых уладных ворганаў” Беларусі.

Беларусы мусяць хутчэй пазбаўляцца ілюзіяў адносна Лукашэнкі, Расеі, Эўропы, Захаду, “міжнароднай супольнасьці” і г.д. Абапірацца можна толькі на свае сілы, сваю волю, сваю працу і сваіх людзей. У справе незалежнасьці і свабоды ніхто ня здолее нам дапамагчы, калі мы, беларусы, будзем толькі лямантаваць, арганізацыйна бязьдзейнічаць, аглядацца і нечага чакаць. Свабоды ня просяць — свабоду здабываюць.

І памятайма: калі страцім незалежнасьць і трапім пад рэальную расейскую акупацыю — забудзьце, беларусы, пра ўсялякія свае “правы чалавека”. (Якія ў чачэнцаў цяпер “правы” і дзе тая “міжнародная супольнасьць”?!)

Незалежнасьць і свабода Бацькаўшчыны — найвышэй. Бо сябе (свае правы) і звер бароніць. Чалавекам ёсьць той — хто бароніць Бацькаўшчыну.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага
Фронту “Адраджэньне”

Дадаць у: