Даклад на верасьнёўскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага народнага Фронту "Адраджэньне"
“Ня майма ілюзіяў ні пра Захад, ні пра Усход”
Мы маем справу не проста з традыцыйным палітычным эўратупізмам. Тут горай. Тут вельмі брыдкая і па сутнасьці антыбеларуская палітыка. У Эўразьвязе нашу мову і наша права бароняць толькі нашыя добыя суседзі Палякі, Летувісы, Латышы, а па за Зьвязам падтрымліваюць Украінцы – уся Рэч Паспалітая. Слава ім за гэта. Мы пераможам! І няхай сябе там кволіцца, – як пісаў Гусоўскі,– хіжы германец.
У Беларусі супраць беларускай мовы выступілі ўсе тыя ж самыя: Лябедзька, генэрал Фралоў, агентура, усялякія Чамаданавы ды Банкаматавы, БДГ ды ГэБэ. Прыйдзе час і зь іх толькі пер’е паляціць.
Што датычыць Эўразьвязу, то беларусам трэба разумець, што нават калі маскоўцы пачалі б, скажам, адзін з аднаго жыўцом скуру зьдзіраць, то Захад усёроўна будзе прасіць Маскву, каб, маўляў, яна паўплывала на рэжым Лукашэнкі наконт “дэфіцыту дэмакратыі” у Беларусі. Якая ўжо там у Расеі дэмакратыя, мы ведаем. За некалькі гадоў рускага тэрору на Каўказе яны забілі 50 тысячаў чачэнскіх дзяцей.
Гэтым летам у жніўні сабраліся кіраўнікі Польшчы, Латвіі, Украіны і Летувы, каб абмеркаваць, як дапамагчы незалежнасьці Беларусі. Усе ж бо зацікаўлены мець суседам самастойную дэмакратычную Беларусь, а не вялікага агрэсара пад дзьвярыма.
Неўзабаве, адразу пасьля нарады гэтых кіраўнікоў краінаў, 1-га верасьня, перад журналістамі выступае такі Малазадэ, спэцдакладчык (“спэцыяліст”) па Беларусі, які агучвае ў Радзе Эўропы чужыя думкі, не разумеючы, відаць, іх сэнсу; ён заявіў: “У Радзе Эўропы ёсьць спэцыяльны зварот да Расеі – выкарыстаць яе ўплыў на Беларусь для таго, каб паспрабаваць памяняць сытуацыю з правамі чалавека”.
Назаўтра ў РФ перад расейскімі думцамі “Единой России” выступае прадстаўнік Палаты абшчынаў зь Вялікабрытаніі Роберт Уолтэр і кажа: “Расея можа дапамагчы Эўропе ў наладжваньні сытуацыі ў Беларусі”. Зьдзіўленыя расейцы пытаюць, ці не абмовіўся ён. “Не, – кажа Уолтэр,– Беларусь – ваш бліжэйшы сусед і сябра. Гэтак як у Расеі, яе не разумеюць ні ў Францыі, ні ў Нарвэгіі. Таму дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі мы маглі б падзяліць паміж аб’яднанай Эўропай і Расеяй. Гэта нашыя агульныя эўрапейскія праблемы”. (Известия РУ. www.izvestia.ru).
Гучыць, як у дрэннай драматургіі. Адчуваеце фальш? У чым жа тут справа?
Уся гэтая лухта з “правамі чалавека”, якімі мусіць займацца Расея (толькі Расеі й “займацца”) гаворыцца зусім дзеля іншага. (І гэта ўжо адзначылі заходнія аналітыкі). Эўропа Заходняя баіцца аб’яднаньня і сэпарацыі Эўропы Усходняй у Эўразьвязе і найперш узаемадзеяньня паміж Польшчай, Беларусяй, Украінай, Летувой, Латвіяй (былая Рэч Паспалітая ці наша ідэя Балта-Чарнаморскай Садружнасьці). Таму, дарэчы, Эўразьвяз ня хоча прымаць Украіну, лепш Турцыю. Таму, хоць бы там Пуцін наладзіў яшчэ дзесяць Бесланаў з расстрэламі, уолтэры ўсяроўна паедуць у Маскву цягнуць Расею ў вырашэньне “правоў чалавека” у Беларусі, каб “падзяліць”, як кажа Уолтэр, інтарэсы і не даць кансалідавацца Усходняй Эўропе. Захад бачыць у Расеі саюзьніка.
Вось чаму Эўракамісія стаіць на сьмерць, каб не дапусьціць да ўдзелу ў тэндары на вяшчаньне для Беларусі ўсходнеэўрапейскія краіны, якія маюць усе тэхнічныя ўмовы і патрабуюць рашэньня, асабліва Польшча і Летува. І вось чаму Эўразьвяз так упарта хоча заштурхнуць расейскую мову ў беларускі эфір, каб дагадзіць Маскве.
На Беларусі гульня ў партызаны і ў “адзінага” перайшла, па-мойму, у вадэвільную стадыю (з шчасьлівым канцом). Але, калі сур’ёзна, то ў мяне ўзьнікла падазрэньне, што не ад недахопу розуму стварылі “апазыцыянэры” такую сітуацыю. Магчыма гэта плян па ўводу Лукашэнкі ў выбары. Сапраўды, Лябедзька кажа, што Лукашэнка мае права быць дэлегатам іхнага “кангрэсу”, бо “фармальна дэлегацкая квота распаўсюджваецца, – як яны пішуць,– і на кіраўніка дзяржавы – як на дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня”.
Такім чынам, яны прызналі трэці тэрмін Лукашэнкі і магчымасьць ягонага ўдзелу ў выбарах. Вось і ўвесь фокус гэтай камарыльі. Нездарма яны зганялі людзей на рэфэрэндум у кастрычніку мінулага году. Ну да чаго ж прадажная публіка! Яны нават запрасілі Лукашэнку паўдзельнічаць у іхным “кангрэсе”. Я не зьдзіўлюся (калі ў Лукашэнкі хопіць клёку), што ён прыедзе і выступіць, а гэтыя, што напісалі яму пра “общее дело”, будуць яму пляскаць. Магчыма гэта чарговы прадажны плян лябедзяк: падстаўляюцца. Усім жа зразумела, што Лукашэнку засталося толькі прыехаць на іхны “кангрэс” са сваёй сьвітай , выступіць гадзіны на тры, разьнесьці іх у шчэпкі і паехаць на белым кані проста на выбары.
Зноў замаячылі Лявонаў, Вайтовіч і інтэлектуальны гігант генэрал Фралоў. Гэта – прамаскоўскія людзі, вядомыя іхныя выказваньні і пустапарожнія справы. Ня будзем на іх траціць часу.
Зянон Пазьняк
11 верасьня 2005 г.