Палітычная агрэсія Расеі супраць Беларусі аднавілася вясной 1992 года пасьля таго, калі было прынятае рашэньне ЦВК Беларусі пра рэфэрэндум аб новых выбарах і чакалася прызначэньне даты яго правядзеньня. (У той час Народны Фронт сабраў каля паўмільёна подпісаў за рэфэрэндум.)
У перамозе Беларускага Народнага Фронту мала хто сумняваўся. Тады ўрад Кебіча, ратуючыся, пайшоў на зьдзелку з Масквой і КГБ. У Савеце Міністраў былі створаныя неканстытуцыйныя структуры, напрыклад, Дзяржсакратарыят, якім кіраваў былы куратар КГБ па Менскай вобласьці ў абкаме КПБ Г. Данілаў. Там жа апынуліся тады палкоўнік В. Паўлаў (цяпер генэрал), дзяяч С. Гайдукевіч і іншыя штатныя асобы. Летам быў створаны і буйна прафінансаваны ўрадам Кебіча (праз падстаўны “Комитет солдатских матерей”) антыбеларускі “інтэрфронт” (так званае “народное движение Беларуси”), начале якога паставілі С. Гайдукевіча. У гэты ж час аб’явілі і пачалі рэалізоўваць ідэю “аб’яднаньня” расейскай і беларускай грашовых сістэмаў. У канцы кастрычніка ўрадам Кебіча і пракамуністычнай бальшынёй у Вярхоўным Савеце быў рэалізаваны бессаромны плян антызаконнай забароны рэфэрэндуму пра новыя выбары. Беларускае грамадзтва, на жаль, засталося назіральнікам антыдэмакратычных падзеяў. Гэта разьвязала рукі расейскай разьведцы і прарасейскім рэваншыстам у старых структурах улады Беларусі. Урад Кебіча, які трапіў пад непасрэдны ўплыў зьнешняй разьведкі КГБ Расеі і прамаскоўскіх функцыянераў ва ўладзе, пераняў цалкавіты кантроль над камуністычнай дэпутацкай бальшынёй Вярхоўнага Савету (дэпутацкая група “Беларусь”). Дзейнасьць Апазыцыі БНФ была, фактычна, заблякаваная. Намэнклятура пачала падрыхтоўку да ўвядзеньня прэзыдэнцкай сістэмы на Беларусі (цераз прыняцьце новай канстытуцыі і выбары). Усю выканаўчую ўладу (прэзыдэнцтва) меркавалі аддаць у рукі Кебіча і прамаскоўскай групы, сфармаванай ва ўрадзе.
Тады Апазыцыя БНФ зьмяніла тактыку. Яна паставіла пытаньне аб адстаўцы ўраду Кебіча і накіравала сваю асноўную палітычную працу ў акругі сярод выбаршчыкаў Беларусі. За 1993 год і частку 94-га мне асабіста прышлося аб’ехаць і правесьці спатканьні ў 149 гарадах і мястэчках Беларусі. Вастрыё палітыкі было накіраванае супраць старога савецкага ўраду Кебіча. Падзеі вакол гэтага змаганьня адлюстроўвала газэта “Свабода”, рэдактарам якой тады быў сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і сябра Сойму БНФ Ігар Гермянчук. Наклад газэты ў той час перакрочыў за 100 тысячаў. Эфект за паўтара гады палітычнай працы быў адчувальны. І калі ў канцы зімы 1994 года прамаскоўская намэнклятура “пераможна” выйшла на прэзыдэнцкую пэрспэктыву і прызначэньне выбараў, песьня Кебіча была ўжо сьпета (хоць ён гэтага яшчэ не разумеў). Бальшыня народа вызначылася і галасавала б супраць яго.
І тут, як гэта нярэдка было ў беларускай гісторыі, усё перавярнула ня столькі сіла і падступнасьць непрыяцеля, колькі маладушнасьць і здрада асобаў у асяроддзі беларусаў. Гэбоўскі плян з так званай “камісіяй па карупцыі” і вывядзеньнем у палітыку А. Лукашэнкі наўрад ці ажыцьцявіўся б, калі б ня здрада шэрагу вядомых тады дэпутатаў: В. Ганчара, А. Лябедзькі, В. Шэймана, Д. Булахава і іншых, якія падтрымалі плян “Лукашэнку на прэзыдэнта”, цудоўна ведаючы пра ягоную псіхалёгію, ягоныя кантакты з гэбоўскай Масквой і пра ягонае адмоўнае, варожае стаўленьне да суверэнітэту Беларусі, да беларускай мовы і беларускай культуры. Яны добра ведалі, што рабілі. Яны здавалі сабе справу ў сваіх учынках, калі казалі, што “прадалі сваё імя Лукашэнку” (В. Ганчар), ці што “суверэнітэт не ікона, на якую трэба маліцца” і што “суверэнітэтам можна ахвяравацца дзеля нечага большага” (Д. Булахаў).
У пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі я нечакана спаткаўся ля Дома ўраду твар у твар зь Віктарам Шэйманам (ён лічыўся ў “Дэмклюбе” і ў БЗВ). Шэйман пачаў апраўдвацца: “Выбачайце, што я ў Лукашэнкі, бо перамагчы кебічаўскую банду зможа толькі ён. Я толькі дзеля гэтага. Вы ня зможаце – у вас сумленьне, яны вас проста заб’юць”. “А як жа Беларусь?” – спытаў я. “Кебіч здасьць Беларусь”, – быў адказ.
Была і такая здрада. Здавалася б, “чэсны афіцэр”, здавалася б, “за Беларусь”. А на справе … Што на справе?! А на справе – прыклад, ілюстрацыя, як прадаецца душа д’яблу.
15 верасьня 2005 г.
Зянон ПАЗЬНЯК