Гэты мой зварот да ўсіх людзей, што падтрымалі рух "Стоп, таракан!" і стаялі ў чэргах падпісацца за Ціханоўскую.
Выбараў у Беларусі няма. Як лічацца галасы -- ніхто ня ведае. Пратаколы галасаваньня падпісваюцца ў адміністрацыі. Там "малююць" галасы, якія патрэбныя Лукашэнку. Таму хадзіць на такія выбары і галасаваць -- гэта значыць сябе не паважаць.
На фальшывых выбарах ад людзей нічога не залежыць. Рэжым выкарыстоўвае іх, каб потым падаць свае сфальшаваныя вынікі, быццам людзі так галасавалі. Але калі людзі ня прыйдуць галасаваць, а Ярмошына напіша Лукашэнку 76 адсоткаў, то фальсіфікацыя будзе ўсім бачная. Шыла ў мяшку не схаваеш, і такія выбары праваляцца. Згодна закона мусяць быць новыя выбары без Лукашэнкі.
Якраз за такія пазыцыі Сяргея Ціханоўскага подлым чынам незаконна арыштавалі і трымаюць у карцары.
На жаль, нечакана для многіх Сьвятлана Ціханоўская, пасьля рэгістрацыі яе кандыдатам на прэзыдэнта, падтрымала не Сяргея Ціханоўскага, не пазыцыю народнага байкоту, а выступіла, фактычна, з падтрымкай выбарчай палітыкі Ярмошынай-Лукашэнкі і заклікае людзей ісьці на галасаваньне з мэтай, як было заяўлена, "легітымізаваць" (гэта значыць зрабіць паўнамоцнымі) фальшывыя выбары Лукашэнкі. А паўторам пастаянна гучыць фраза, што яна йдзе на выбары дзеля каханьня да мужа, які сядзіць у карцары.
Ужо першыя агітацыйныя пікеты Ціханоўскай паказалі, што Масква, карыстаючы сваіх крэатур у нашым грамадзтве, у чарговы раз хоча ўехаць ў беларускую ўладу на плячах даверлівых беларусаў і кандыдатаў, што трапілі ў сеткі рэжыму. Аднак, на гэты раз, спадзяюся, нічога ў іх не атрымаецца.
Атмасфэра салідарнай эйфарыі, зьява добрая, ўздымае дух, але спараджае ўяўленьне, што з рэжымам можна пакончыць галасаваньнем на фальшывых выбарах. Таму з боку арганізатараў выбарчага мітынгу і ад Сьвятланы Ціханоўскай рэфрэнам гучэлі заклікі прыйсьці галасаваць 9-га жніўня. Людзям паведамілі прывабны план, што Сьвятлана йдзе не на прэзыдэнта, а супраць Лукашэнкі, бо адразу як толькі яна на гэтых выбарах будзе выбрана прэзыдэнтам, Сьвятлана прызначыць новыя свабодныя выбары, дзе будуць удзельнічаць і Цапкала, і Бабарыка, і ўсе хто захоча. Такі прыгожы план. Але, нажаль, палітычна не рэальны. Заклікі ўсім ісьці галасаваць канчаюцца, як заўсёды, «элегантнай перамогай» Лукашэнкі. І што дрэннае – такія заклікі на фінішы прадугледжваюць стыхійны кафлікт, у якім рэжым будзе мець перавагу. Вось калі б удалося рэалізаваць непрыход людзей на галасаваньне, тады выбары 9-га жніўня былі б праваленыя, магчымасьць новых выбараў стала б законнай, рэальнай, і змаганьне за іх рэалізацыю мела б шансы.
У палітыцы лукашысцкага рэжыму ўзьнікаюць пачварныя зьявы, але тут мы кажам толькі па сутнасьці, у рэчышчы руху за негаласаваньне на фальшывых выбарах і за байкот палітыкі электаральнага ашуканства.
Ня йдзіце галасаваць!
Ня ўдзельнічайце ў фальшывым галасаваньні!
Не дапамагайце рэжыму ашукваць людзей!
19 ліпень 2020 г. Зянон Пазьняк