Сёньня, 21 кастрычніка, адбыліся дзьве падзеі, якія, як любяць казаць палякі, "будзяць кантравэрсіі". Першая -- гэта адчыненьне помніка Андрэю-Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі. Тут, праўда, падзея ўрачыстая, важная для беларусаў, прабівалася з цяжкасьцямі, характарызуецца прыватнай ахвярнай ініцыятывай беларускіх энтузіястаў (найперш сп. Аляксандра Сапегі) і таму сёньня (у дзень адкрыцьця) ня час і ня месца для крытыкі (якая была б патрэбнай, але пазьней). Віншую швайцарскіх беларусаў з давядзеньнем добрай справы да заканчэньня.
Другая падзея -- доўгі каталёнскі "выхад" з Іспаніі, які ад пачатку выглядае "пшыкам". Гэтая зьява нас, беларусаў, можа зацікавіць, як прыклад таго, чаго нельга рабіць у змаганьні за волю (і ўвогуле ў змаганьні).
Каталёнцы правялі рэфэрэндум аб незалежнасьці ад Іспаніі, прынялі дэклярацыю аб Незалежнасьці і на гэтым спыніліся. Прапанавалі Мадрыду перамовіцца. Ато, маўляў, калі Мадрыд не захоча перамаўляцца, то аб’явім незалежнасьць. З гледзішча эўрапейскай палітбюракратыі гэта такая разумная дэмакратычная дыпляматыя. Яны так думаюць. Але Мадрыд ад пачатку не прызнаў рэфэрэндум, таму ні на якія перамовы ён у прынцыпе і па вызначэньні з гэтай прычыны ня мог пайсьці. І ня пойдзе. Пры пратэстным абвастрэньні з боку каталёнцаў і забурэньнях (што малаверагодна) Мадрыд законна ўжыве сілу і навядзе парадак, не зважаючы на лямант аматараў дэмакратыі і "заклапочанасьць" Эўразьвязу, які ў сапраўднасьці будзе задаволены дзеяньнямі Мадрыда. Здавалася б кожнаму тое зразумела.
У выніку разгубленасьці і "мудрага" чаканьня каталёнскай палітбюракратыі Мадрыд прыступіў да ўвядзеньня наўпроставага кіраваньня ў Каталёніі, абмежаваў яе аўтаномію і заявіў аб пазбаўленьні ўладных функцыяў каталёнскага ўраду, які павінен быць распушчаны. На працягу шасьці месяцаў будзе выбраны новы каталёнскі парлямант. Чарговыя дзеяньні наступяць неўзабаве.
Каталёнцы пачалі абурацца і масава дэманстраваць нязгоду з Мадрыдам. Але ўсё гэта ўжо горшы варыянт. Выгадны момант быў страчаны ў пачатку.
Каталёнскі рэфэрэндум быў неахайна падрыхтаваны бюракратыяй (без прадбачаньня ўскладненьняў). Рэальна рэфэрэндум не адбыўся (яго нельга залічваць), бо прагаласавалі толькі 43 адсоткі выбаршчыкаў (зь іх 90% -- "за", але ў выніку рэальна за незалежнасьць прагаласава менш за 40 адсоткаў выбаршчыкаў).
Адступіць каталёнцам трэба было якраз тут (пасьля аб’яўленьня вынікаў), зваліўшы віну на Мадрыд, які перашкодзіў галасаваньню з ужываньнем сілы (увёў і задзейнічаў паліцыйныя спэцвойскі). У каталёнцаў была б добрая пазыцыя і пэрспэктыва, разуменьне міжнароднай супольнасьці, кансалідацыя каталёнскага грамадзтва. Наступны крок (у будучыні) мог бы стаць моцным і вырашальным.
Замест разумных паводзінаў (якія падказвала сітуацыя) каталёнскія палітбюракраты стварылі авантуру з дэклярацыяй і з "мудрай" прапановай перамоў з Мадрыдам, страціўшы прыхільнасьць ў Эўропе і, фактычна, амаль што спусьцілі ўсё ў пясок, як быццам не разумелі, што Эўразьвяз (Мадрыд ў гэтай сітуацыі ёсьць Эўразьвяз) па вызначэньні ня будзе падтрымліваць каталёнскую незалежнасьць, тым больш у юрыдычна сумніўным варыянце.
Складваецца ўражаньне, што Каталёнскі рух -- гэта яшчэ нясьпелы нацыянальны рух з нявысьпелай Нацыянальнай ідэяй. Палітбюракратыя з сваёй бюргерскай кар’ернай прагматыкай, якая, зыходзячы з сітуацыі, ачоліла грамадзкія імкненьні да незалежнасьці, зрабіла дрэнную паслугу Каталёніі і каталёнцам. Па сваёй прыродзе палітбюракратыя ня здольная ні да рэформ, ні, тым больш, да нацыянальнай рэвалюцыі.
Падзеі ў Каталёніі маглі б дапамагчы разумным беларусам усьвядоміць схаваную небясьпеку правакатараў і правакацыяў у пэрыяд, калі высьпяваюць грамадзкія абставіны. Мэта правакацыяў -- ня даць гэтым абставінам сасьпець, выцягнуць сілы пераменаў раней часу, падставіць пад удар. На няўдачах (добра калі на чужых) таксама вучацца. Мяркую, аднак, што і Каталёнія, і Беларусь свайго дасягнуць.
21 кастрычнік 2017 г. Зянон Пазьняк