НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАДЗЯКА І РАЗВАГІ ПАСЬЛЯ ЮБІЛЕЮ ПРА ГАЗЭТЫ І ГЭБНЮ

Нядаўна адбылося маё 80-годдзе. Шчыра дзякую ўсім беларусам, што віншавалі мяне праз электронную пошту, "скайп", сацыяльныя сеткі "Фэйсбук". Пастараюся апраўдаць давер. Наперадзе сьветлая вольная Беларусь. Слава Айчыне!

Было шмат віншаваньняў ад сяброў, ад беларускіх палітыкаў, у тым ліку ў межах паліткарэктнасьці (што адзначаю) ад маіх палітычных нязгоднікаў за мяжой (П. Латушка) і ад палітычных праціўнікаў з афіцыёзнай Беларусі (А. Лукашэнка).

На вышыні (на сваёй "вышыні", гэта значыць -- на дне) аказаліся "кантора" і яе "дэмсмі". Газэта не "наша ніва" да майго 80-годдзя выдала дуплетам адразу два вялікая спэцматар’ялы, дзе абгадзіла юбіляра з ног да галавы па мэтаду савецкай гэбні, гэта значыць у распрацоўцы 10 : 0. Віншую рэжымнае гэб’ё з эксклюзыўнымі немаральнымі паводзінамі ў сувязі з маім 80 - годдзем. Такога дна і такой нізасьці яшчэ ніхто не засьведчваў.

Партал "Свабода" таксама не застаўся ў баку. Інтэрв’ю, якое ўзяў у мяне адзін журналіст, адкінулі і ўзамен далі "глыбокадумныя" разважаньні аднаго маладзіка, якога за брыдкія паводзіны выдалілі з Рады БНР і які, пішучы "інтэлектуальна", назваў мяне цяперака "анфан тэрыбль". Брава!

І раз ўжо пайшла размова пра паводзіны і пра дно, то скажу пару словаў аб псэўдагазэце не "наша ніва", бо гэта праект, які на тле неадукаванасьці і бяспамяцтва цаперашняга грамадзтва, для антыбеларускай гэбні часткова ўдаўся.

Сапраўдная "Наша Ніва" (1906-1914 гг.) была ня толькі ворганам цэнтральнага кіраўніцтва БСГ, але газэтай, якая яднала і выяўляла ўсё Беларускае нацыянальнае Адраджэньне. Гэтая газэта ідэёва падрыхтавала незалежнасьць Беларусі, выявіла і пусьціла ў шырокі сьвет вялікіх беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, дзеячоў і творцаў -- Якуба Коласа, Янку Купалу (які ў канцы быў галоўным рэдактарам газэты), Максіма Багдановіча, Ядзьвігіна Ш.,Уладзіслава Галубка, Альбэрта Паўловіча, Каруся Каганца, Цётку, Сяргея Палуяна, Алеся Бурбіса, Антося зь Лепля, братоў Луцкевічаў і іншых. "Наша Ніва" была ідэйна-інфармацыйным сьцягам Беларускага Адраджэньня, сакральнай зьявай беларушчыны. Значэньне яе для незалежнай Беларусі магутнае.

Некалі ў 70-х я перачытаў усе яе дзевяць гадавікоў ад першага да апошняга слова і ведаю, што кажу. За саветамі "Наша Ніва" была, фактычна, забароненая, хоць у афіцыйным пасьляваенным савецкім сьпісе забароненых беларускіх газэт яна ня значылася. Нічога нельга было параўнаць у вазе з "Нашай Нівай" за часы 1-га Нацыянальнага беларускага Адраджэньня (1900-1918 гг.).

У нармальнай праўнай народнай краіне мусіў бы быць закон аб ахове сакральных сімвалаў, назоваў і гістарычных імён. У кебічаўскай Рэспубліцы Беларусь (як і ў БССР) тады такога закону не было. (Памятаю нейкі чалавек з прозьвішчам тыпу Шыбзік зьмяніў яго на "Радзівіл").

У пачатку 90-х у Беларусі ўтварылі газэту, якую назвалі гістарычнай назвай "Наша Ніва". Рэдакцыя газэты спачатку паволі, неўпрыкмет, а потым яўна ўзялася за справу падмены народніцкай сакральнасьці гістарычнай "Нашай Нівы" іншым сэнсам. (Такое называецца прафанацыяй, абпашленьнем сакральнага імя). Найбольш тое ўдалося за часы лукашызму. Улічым, што пры гэтым ўжо вырасьлі ў антынацыянальнай адукацыі і ў несвабодзе тры пакаленьні беларусаў, якія наўрад ці ведаюць, што ў сапраўднасьці стаіць за назовам "Наша Ніва".

На сёньня газэта не "наша ніва" -- гэта лібэральна-эклектычнае выданьне невысокага густу, з махровай жаўцізной і супярэчлівым зьместам. Выслоўе ходзіць такое: калі хочаш даведацца, якую пакасьць супраць беларускага Адраджэньня задумала гэбня -- найперш паглядзі ў не "нашу ніву". Тут намёк на гэбоўскі ўплыў, пад якім існуе газэта.

Праўда, як казаў адзін рэжымны дзеяч, "не всё так плохо было при так называемом Адольфе Гитлере". Ёсьць часам карысная інфармацыя і ў такой падстаўной газэце. Бо трэба памятаць, што волных беларускіх нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі цяпер у беларусаў не існуе.


2 травень 2024 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: