“Сачыненьні” Леніна мне, як і кожнаму студэнту, асьпіранту і навуковаму працаўніку ў камуністычнай “бээсэсэрыі” прыходзілася чытаць і перачытваць шмат разоў дзеля ўсялякіх “кандыдацкіх мінімумаў”, экзаменаў, сэмінараў і да т.п. Гэта была пакута. Адчуваньне, быццам сутыкаешся зь нечым нячыстым. Псіхалягічны вобраз, што паўставаў за радкамі, -- жорсткі, злосны, мэтанакіравана ненавідзячы ўсіх чалавечак, гэтакі “Маленькі Цахэс”. Нейкая д’ябальская паталёгія згадвалася ў ім. Што мяне ўражвала тады, і яшчэ больш цяпер, дык гэта неверагодная, дыямэтральная неадпаведнасьць паміж вобразам культу Леніна, створанага камуністамі, і рэальнай нікчэмнасьцю яго асобы і “творчасьці”. Абмежаванасьць, вузкасьць думаньня, парадыйны прымітывізм аргумантаў проста зьбянтэжваў. Жорсткасьць, цынізм і амаральнасьць ашаламлялі. І пры гэтым надзвычайная энэргія і актыўнасьць. Усё, напісанае ім, выдавалася шмат разоў зборамі “твораў” мільённымі тыражамі, што займалі паліцы кожнай бібліятэкі, установы, кабінета, хаты-чытальні. І ўсе сьпявалі асанну гэтаму незвычайнаму культу. Ці чытаў тады яго хто-небудзь?
Чыталі, у асноўным, каб падабраць цытаты. Цытатніцтва – цэлая галіна ленінізму. Цытатамі Леніна можна было падмацаваць дыямэтральна процілеглыя думкі. Яго выказваньнямі спрабавалі нават карыстацца ў барацьбе зь ленінізмам. Тут, праўда, патрэбна была асьцярожнасьць. Памятаю, як некалі, яшчэ ў асьпірантуры, я працытаваў Леніна (з “Ленинского сборника” выданьня 1937 года) у абарону беларускага сялянства, дык ледзь ні “загрымеў”, як кажуць у народзе. Ня тое працытаваў. Бальшавіцкія цэрберы ад навукі не драмалі. Палітыка і задачы партыі лічыліся вышэй ленінізму і культу Леніна. Ленінскі культ быў зброяй у руках кіруючых камуністаў. Гэтай зброяй маніпулявалі толькі яны. Вартыя жалю былі людзі, што наіўна думалі абараніць ісьціну, цытуючы Леніна (творы тыпу “Ленін пра Беларусь” і да т.п.). Па-першае, на кожную ленінскую цытату была ленінская антыцытата. Па-другое, аўтару заўсёды можна было заткнуць рот, “бить по головкам, бить безжалостно”, -- як пісаў “чалавечны чалавек”.
З “расстрэльнага” трызьненьня Леніна мяне, памятаю, найбольш уразіў яго загад расстрэльваць салдат Чырвонай арміі за неакуратнасьць (“неоккуратных”). Строгі быў нечалавек. У ім адчувалася незразумелая на першы погляд нянавісьць да людзей, увогуле -- да роду чалавечага. “Расстреливать ...колеблющихся, никого не спрашивая”. “Расширить применение расстрела ко всем видам деятельности меншевиков”, “...расстрел за неразрешенное возвращение из-за границы.” “Предупреждаю... буду арестовывать и добиваться расстрела.” “Я лично буду проводить ... не только аресты, но и расстрелы... С коммунистическим приветом. Ленин.”
Расстрэльваць “буржуяў”, “папоў”, “кулакоў”, “меншавікоў”, “эсэраў”, “прастытутак”, “былых афіцэраў”, “всякую сволочь” і г.д. “Поощрять энергию и массовидность террора.” “Провести беспощадный и массовый террор...” і г.д. “Сомнительных запереть в концентрационный лагерь” і г.д. Здавалася, што тыран хацеў бы пазабіваць усіх людзей, усіх, што жывуць. Тут нейкая паталёгія, анамалія асобы.
У хрысьціянскай рэлігійнай традыцыі гэткая д’ябальшчына антыхрыста атрымала сваё тлумачэньне. Мне яно зразумелае. Але гэта метафізіка. Крытычны розум патрабуе канкрэтнасьці, таму схільны шукаць зямныя прычыны.
Нядаўна польскі часопіс “Spotkania” (1992, №45, 5-11 лістапада) зьмясьціў уражальныя фатаграфіі Леніна, зробленыя ў 1923 годзе. Гэтыя фатаграфіі, як сьведчыць часопіс, складалі адну з найвялікшых і найбольш сакрэтных таямніц Савецкага Саюза, якую сьцераглі амаль 70 гадоў. Але нядаўна за жменю даляраў яе прадалі на Захад. Фатаграфіі надрукаваў нямецкі часопіс “Шпігель”. У 34-м жнівеньскім нумары за 1992 год няякасныя рэпрадукцыі са “Шпігеля” зьмясьціў на сваіх старонках маскоўскі часопіс “Новое время”. Крыху лепшай якасьці рэпрадукцыі ў “Spotkaniu”. Часопіс піша:
“Сьнежань 1923 года. Невялікая дачная мясьціна Горкі пад Масквой. Ленін памірае. Але ад чаго?
Афіцыйна – ад прагрэсіруючага паралічу, што разьвіўся ў выніку замаху на яго ў 1918 годзе”. (Зазначу, што расейскія дасьледчыкі, як паведаміў маскоўскі друк, ужо высьветлілі: ніякага “замаху” на жыцьцё Леніна ў сапраўднасьці ніхто не рабіў. Гэта была задуманая інсцэніроўка кіруючай кучкі бальшавікоў, каб мець прычыну разьвязаць і апраўдаць чарговы “чырвоны тэрор”. Гэткі своеасаблівы “падпал рэйхстага”. Каплан страляла, хутчэй за ўсё, халастымі патронамі. У канцы 1992 года пракуратура Расейскай Фэдэрацыі ўзбудзіла крымінальную справу па факту замаху на У. І. Леніна і расстрэлу эсэркі Фані Каплан у сувязі са “зноў адкрытымі абставінамі”.) Але цытуем далей:
“Сапраўдную прычыну сьмерці толькі праз некалькі гадоў выявіў адзін з расейскіх членаў камісіі, што апекавалася правадыром бальшавікоў, прафэсар Осіпаў, перш чым Сталін навечна замкнуў яму рот. Бацька рэвалюцыі памёр ад сіфілісу, якім заразіўся, праўдападобна, ад сваёй шматгадовай палюбоўніцы Інэсы Арманд, ці, магчыма, у нейкім з дамоў цярпімасьці, якія надта ахвотна наведваў падчас свайго знаходжаньня ў Парыжы ў 1902 годзе.
Прагрэсіруючы параліч, паражэньне мазгоў, нэўрастэнічны стан, страта памяці, афазія (няздольнасьць да фармуляваньня выказваньняў у размове і пісьмова, а таксама да разуменьня сказаных ці напісаных слоў) і, нарэшце, у сакавіку 1923 года – вар’яцтва. Адзіныя гукі, якія выдае з сябе, -- гэта неартыкуляванае жаласьлівае скавытаньне, у якім толькі зрэдку можна разабраць некалькі слоў: “народ... дапамажыце... рэвалюцыя...”
Дзьве жанчыны не адступаюць ад Леніна да канца: жонка Надзея Крупская і сястра Марыя. Уласна яны і зьяўляюцца аўтаркамі ўражлівых здымкаў.”
А здымкі сапраўды страшныя. З фатаграфіяў жаласна пазірае на сьвет вытарашчанымі пустымі вачыма аблічча ідыёта. Поўная адсутнасьць інтэлекту. Як пакараў Бог Леніна. З медыцынскай энцыкляпэдыі можна даведацца, што якраз прагрэсіруючы параліч (псіхічнае захворваньне, абумоўленае сіфілітычным паражэньнем цэнтральнай нэрвовай сістэмы, што прыводзіць да гібелі клетак мазгоў галавы і распаду асобы) як позьняя форма гэтай жахлівай хваробы праходзіць асабліва пакутліва і цяжка.
Пакуты і цярпеньне жывога стварэньня выклікаюць жаль і боль душы. Лаўлю сябе на думцы, што шкадую гэтую балесную нікчэмную істоту на фатаграфіі, забойцу мільёнаў людзей. Так выклікаюць жаль мучэньні адпетага бандыта і садыста, што пакутуе ў турме. Але пашкадуйце яго – выпусьціце. Ён вам жа плюне ў твар, а пры нагодзе і заб’е. Кара павінна быць. Тут жа, на фатаграфіі, мы бачым кару Божую. Пра яе трэба ведаць. Пэўна, яна прадаўжаецца, бо нават труп Леніна не прыняла Зямля, а ўся гісторыя рэжыму і імпэрыі, якую ён заснаваў, -- гэта суцэльны “прагрэсіруючы параліч”, які таксама прадаўжаецца. (Увесь час быў няспынны “прагрэс”.) Напрошваецца, аднак, зусім не містычнае заключэньне, зыходзячы з лёгікі сувязяў рэчаў і зьяў, што “прагрэсіруючы параліч” постсавецкага абшару можа скончыцца якраз тады, калі труп Леніна забярэ Зямля і ідалы яго зьнікнуць з твару Яе.
Жыцьцё гэтага чалавека (калі толькі ён быў чалавек) у метафізічным сэнсе глыбока няшчаснае. Аднак існуе іншы народна-прымхлівы погляд на жыцьці людзей, дзе гаворыцца: “д’ябал сваіх меціць”. І “няшчаснасьць” тут не пры чым.
Невылечныя хваробы, прыроджанае калецтва і да т.п. па-рознаму ўзьдзейнічаюць на псіхіку і паводзіны хворых. У людзей амбіцыйных, жорсткіх, сябелюбівых, зайздросных могуць разьвіцца розныя мізантрапічныя комплексы, спантанная злосьць, агрэсіўная нянавісьць да чалавецтва, да здаровых людзей, да ўсіх мужчын ці да ўсіх жанчын і да т.п. Вядомыя, напрыклад, выпадкі псіхалягічнай паталёгіі, калі, скажам, хворы на сухоты (раней невылечныя) ці на распусныя хваробы, ці яшчэ на якое распаўсюджанае невылечнае заразнае цярпеньне імкнуўся сьвядома заразіць іншых. (Помста невінаватаму ёсьць неўсьвядомленая помста Богу.) Гэтакія людзі звычайна кепска заканчваюць сваё жыцьцё.
Можна знайсьці шмат агульнага ў паводзінах і псіхалёгіі такіх хворых. Возьмем, скажам, Ніцшэ, Леніна, Маякоўскага. Вельмі падобная карціна. Псіхічны комплекс хваробы, пэўна, рэзаніраваў са схільнасьцямі натуры. Адсюль, магчыма, невытлумачальная нянавісьць да людзей, да людства ў рамантыка-містычнай філязофскай публіцыстыцы аднаго, у палітычнай дзейнасьці другога, у крымінальнай богазьняважлівай літаратурнай творчасьці трэцяга.
“Товарищ Маузер” і “товарищ Нож”, падняты і ўзьвялічаны Сталіным, услаўлялі Леніна. Яны вельмі падобныя ў насаджэньні (кожны па-свойму) культу жорсткасьці, у нянавісьці да Бога і чалавека. Але нават Ленін не дадумаўся да таго, каб напісаць, як Маякоўскі:
“Я люблю смотреть,
Как умирают дети”.
Як напісаў адзін з дасьледчыкаў, Маякоўскі гэтым самым, фактычна, адлучае сябе ад людзей. Я не сустракаў такога нават у самай паскуднай літаратуры, якая калі-небудзь існавала і зь якой мне прыходзілася знаёміцца. У дзецях – сьвятасьць жыцьця, вышэйшая Боская наканаванасьць і Божае аблічча. Гэта разумеюць інстынктыўна ўсе народы на зямлі, хто б яны ні былі і дзе б яны ні жылі.
Вельмі небясьпечнае тыражыраваньне бруду ідэй і тым больш – вобразаў. Тады яны ўзьдзейнічаюць як інфармацыйная сістэма, фармуюць асобу. Цяпер ужо стала не сатанінскім – звычайным “любить смотреть, как умирают дети”, калі родны бацька гвалціць сваю сямігадовую дачку, вялікаўзроставы хлапец мучыць і заразае свайго малога браціка, каб паглядзець, “как он, падла”, будзе крычаць і да т.п. Пра ўсё гэта, захліпаючыся, паведаміць вам штодзень непераборлівая прэса. І шмат хто, прачытаўшы, тут жа забудзе, ідучы на абед.
Гэта і ёсьць “прагрэсіруючы параліч”, грамадзяне.
“Стар – убивать,
На пепельницы черепа,” – як пісаў бальшавіцкі “паўпрэд” “пера и штыка“.
Гэты параліч – сіндром ад утапічнай ідэалёгіі і крымінальнай рэвалюцыі. Параліч бальшавізму. Ён не мінае сам па сабе, не мінае бяссьледна. Для пераадоленьня патрабуе велізарных духоўных высілкаў людзей.
Дробна перабіраючы нагамі, цягнуцца бальшавіцкія старцы ў Менску да помніка правадыру (апранутага чамусьці па волі скульптара ў жаночае паліто). Кланяюцца дэманстратыўна, углядаюцца ў чорны, узьняты з пафасам твар. Што ў іх за плячыма? Дарэмна пражытае жыцьцё, растрачанае на фальш. Добра яшчэ, калі нікога не забілі “чэсныя камуністы”.
Углядайцеся, узірайцеся ў свайго крывавага куміра. Бог міласэрны – пакаяцца можна і за хвіліну да сьмерці.
Зянон ПАЗЬНЯК,
старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі,
народны дэпутат Беларусі
Ад рэдакцыі (“Звязды”):
Артыкул Зянона Пазьняка – з тых, наконт аўтараў якіх газэта штодня згадвае ў выхадных зьвестках: “Іх меркаваньні не заўсёды супадаюць з меркаваньнем рэдакцыі”.
На нашу думку, пры ацэнцы гістарычных дзеячоў такога маштабу, як Ленін, немагчыма абысьціся фарбамі аднаго колеру. Эмацыянальныя рэзкія выпады, адназначныя абвінавачваньні, выказаныя непрымірымым тонам, неабачлівае нястрыманае смакаваньне вэрсій асабістага жыцьця і асабістай трагедыі – гэта, на наш погляд, не спрыяе высьвятленьню ісьціны і наўрад ці дадае новыя штрыхі да партрэта тэарэтыка і практыка камуністычнай утопіі, якая, на жаль, стала лёсам для некалькіх пакаленьняў людзей у нашай краіне і аказала вялізны ўплыў на сусьветную гісторыю.
Прызнаемся шчыра: калі б аўтарам артыкула быў іншы вучоны або палітык не з такім гучным імем, -- газэта хутчэй за ўсё ўстрымалася б ад публікацый. Мы даём месца для артыкула лідара парляманцкай Апазыцыі не дзеля таго, каб лішні раз штурхнуць нагой зьвергнутага куміра, а хутчэй як ілюстрацыю, што дапаўняе партрэт самога Зянона Станіслававіча, яго погляды, перакананьні, падыходы. На нашу думку, менавіта гэтым найперш цікавы артыкул, які мы прапануем вашай увазе.
Надрукавана: (“Звязда”,-- 1993 г., 11 лютага)