(Нататкі за красавік і травень 2004 г)
„Пакрокавая палітыка" (азначэньне У. Пуціна) зьнішчэньня беларускай нацыі цяпер распрацавана расейцамі гэтак жа сама, як царская палітыка вынарадаваньня і русіфікацыі беларусаў ў XIX стагоддзі, але — з далучэньнем цяперашніх гэбоўскіх „тэхналёгіяў". Распаўсюджаны накірунак (гэтага пакрокавага этнацыду) сплянаваны па прынцыпу кітайскага катаваньня пад назвай „тысяча кавалачкаў" (калі ахвяру забівалі паступова, шляхам анатамічнага адразаньня частак цела). Забараняюць ня ўсю нацыянальную зьяву, а толькі ключавую, апорную яе частку, адсутнасьць якой уключае працэс самаразбурэньня сістэмы.
Па гэтай мэтадалёгіі, напрыклад, забараняецца ўжываньне ключавых словаў. У Беларусі, скажам, заканадаўчым рашэньнем існуючая прарасейская ўлада забараніла ўжываць словы „беларускі" і „народны" ў назвах і абазначэньнях арганізаваных грамадзкіх супольнасьцяў і зьяваў. Вынік гэтакай дэфармацыі культуры атрымаўся вельмі балесны і адчувальны. Па гэтакай жа подлай русяфікатарскай схеме было накінута нібыта дзяржаўнае двухмоўе і інш. алагізмы.
Рэжым, напрыклад, забараніў (ці па ягонай тэрміналёгіі, адмяніў) абавязковы экзамен па беларускай літаратуры за курс сярэдняй школы. Падзея, нібыта малазаўважальная ў кантэксьце жыцьцёвых праблемаў грамадзтва, выклікала небясьпечныя культураразбуральныя вынікі, нацэленыя на пэрспэктыву дэградацыі нацыянальнай культуры.
Абсалютная бальшыня вучняў пасьля адмены экзаменаў проста не чытае праграмныя творы беларускіх пісьменьнікаў і ўвогуле творы беларускай літаратуры. Што гэта абазначае для грамадзтва, калі разьвіцьцё, сьведамасьць і інтэлект асобы выключаны з кантэксту нацыянальнай літаратуры — вядома: чалавек не разьвіваецца, дакладней не рэалізуецца, як нацыянальная культурная асоба. Ён можа застацца беларусам і будзе сябе самавызначаць, але на прымітыўным узроўні, думаньне яго, як правіла, застанецца па-за сфэрай нацыянальна-культурных інтарэсаў, паводзіны ў важных момантах жыцьця нацыі (выбары, навучаньне, адносіны да адукацыі, эканомікі, вайны, унутранай і замежнай палітыкі і г.д.) характарызуюцца неадэкватнасьцю, алагізмам, бытавым эгаізмам і зьнішчэньнем уласнай пэрспэктывы. Асоба проста дрэнна арыентуецца з-за несфармаваных нацыянальна-культурных каштоўнасьцяў у ёй самой.
Нацыянальная літаратура на нацыянальнай мове, як вядома, ёсьць чьньнікам і прыкметай існаваньня нацыі. Гэта добра ведаюць нашы непрыяцелі ў Маскве, і ў той жа час цалкам не арыентуюцца шмат якія здавалася б адукаваныя беларусы. (Адукаваныя ў рускай школе і ў рускім унівэрсітэце.) Дзіўна глядзець на людзей адукаваных і нацыянальна сьляпых, якія нават не здагадваюцца, што атрымалі зусім ня тую адукацыю, каб рэалізавацца ў родным грамадзтве.
Вось што абазначае, здавалася б нязначны штрых у антыбеларускай палітыцы рэжыму — адмена абавязковага экзамену па беларускай літаратуры.
Мы ўжо ня кажам, як гэта паўплывала на саму літаратуру, на рынак беларускай кніжкі, на закрыцьцё адзінага беларускага выдавецтва для дзяцей „ Юнацтва " і г.д. Незаўважна беларуская літаратура перастае быць прафэсійным заняткам. Зь беларускай літаратурнай працы (будзь хоць тройчы геній) становіцца немагчыма існаваць. Пісьменьнік (і нават вялікі пісьменьнік) ня можа зарабляць сваёй творчасьцю на пражыцьцё, бо па-беларуску проста немагчыма, няма дзе друкавацца. А калі надрукавацца, то колькі суграмадзянаў, што скончылі школу без экзаменаў будуць чытаць?
Наш народ загналі да вельмі небясьпечнай рысы. I самае небясьпечнае ў тым, што грамадзтва ў большасьці гэтага ўжо не разумее.
У гэтым жа красавіку было зроблена яшчэ некалькі чарговых лукашэнкаўска-пуцінскіх „крокаў". Зачынілі беларускую дзіцячую рэдакцыю на дзяржаўным радыё, ліквідавалі адзіны дзяржаўны паўсюдна вядомы беларускі часопіс для школьнікаў — „Бярозка" (рэдакцыйны калектыў звольнены ў поўным складзе).
Яшчэ было шмат звыклых для рэжьму крымінальных „ крочкаў ", пабіцьцё людзей, напады на беларусаў, псаваньне беларускіх шыльдаў і іншае. Напрыклад, 15-га красавіка вечарам садралі мэмарыяльную дошку Ўсеваладу Ігнатоўскаму з інфармацыйнага цэнтру „Бацькаўшчына" ў Менску. Прычым сьведкі бачылі тых, хто гэта рабіў. Побач, за 15 мэтраў стаяў міліцэйскі патрульны аўтамабіль. Але міліцыянт, які там сядзеў як звычайна сказаў што нічога ня бачыў (відаць, стаяў дзеля аховы злачынцаў).
3 пачатку красавіка беларускія часопісы „Полымя", „Маладосьць", тыднёвік „Літаратура і Мастацтва", якіх прымусам загналі ў так званы літаратурны „голдынг", перасталі прадаваць у шапіках („голдынг" забараніў). Дзеля чаго гэта зроблена—вядома
„Крокі" і „крочкі" беларусажэрства сваёй чаргой працягваліся ў траўні. 11-га траўня ў Горадні міліцыя і КГБ уваліліся ў офіс „Бацькаўшчыны" і „Таварыства беларускай мовы". Усё ператрэсьлі, абшукалі, апячаталі аргтэхніку і забралі сістэмныя блёкі з чатырох кампутараў. „До свидания, граждане белорусцы. Всех благ." I праўда, пасьля гэтых — нічога добрага не застаецца, адно благое. I нічога добрага яны ніколі ня зычаць.
Звычайная зьява і ў нашых настаўнікаў. Тут таксама — тыповыя „крокі". Як напрыклад, зь Мікалаем Анісаўцам, настаўнікам Каўпенскай школы, што на Лоеўшчыне. Усім настаўнікам раённае начальства прапанавала падпісаць кантракты на чатыры гады, а Анісаўцу—на год. Чаму? А таму, што настаўнік займаецца беларускай грамадзкай дзейнасьцю, стварыў і кіруе гістарычна-культурным і экалягічным аб’яднаньнем „Карані", абараняе мясцовыя інтарэсы і сьведчаньні гістарычнай культуры. „Прыдушыць яго", — такі вось „крочак".
У мінулым годзе рэжым ліквідаваў Беларускі Гуманітарны Ліцэй імя Якуба Коласа ў Менску. Ад вучняў адабралі будынак і ўсіх выкінулі на вуліцу. Пэдагогі і бацькі вучняў рашылі захаваць Ліцэй нелегальна, прыватным чынам. Каб лепш наладзіць справу, бацькі і настаўнікі стварылі супольную арганізацыю „Беларуская гуманітарная адукацыя — XXI стагоддзя". Аднак Мін’юст адмовіўся яе зарэгістраваць. У траўні гэтага году арганізатары зьвярнуліся ў раённы суд. Суд стаў на бок Мін’юста. Тады зьвярнуліся ў Менскі гарадзкі суд. I Гарадзкі суд быў за Мін’юст. Заяўнікі стараліся даказаць беспадстаўнасьць і незаконнасьць паводзінаў Мін’юста. Тады галоўны „спэцыяліст" Упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму Аляксей Шчарбовіч заявіў што „ галоўная прычына адмовы ў рэгістрацыі — уключэньне ў назву аб’яднаньня слова „беларуская", якое недапушчальнае па закону ".
Вось так, „гаспада-таварышчы". Не забывайцеся, у якім сьвеце жывяце і хто ў доме вашым гаспадар.
У гэтых акупацыйных умовах зьвяртаюць на сябе ўвагу два аспэкгы паводзінаў. Чыноўнік-беларус Аляксей Шчарбовіч з пенай падтрьмлівае забарону слова „беларускі" і душыць гэтым іншых беларусаў. Гэта фэномэн, бо гэта ўсеагульная і тыповая зьява. За ўсё сваё жыцьцё, прычым паезьдзіўшы па сьвеце і пажыўшы ў чужых краёх, я ніколі ня чуў каб недзе існавала нешта падобнае. У Савецкім Саюзе русіфікатары рабілі з усіх „савецкі народ" (і гэта была дзяржаўная палітыка). Але тады ня тое што эстонскія камуністы, ці, скажам, армянская камуністычная бюракратыя, баранілі сваю адукацыю і мову, а нават чукчы, эвенкі, якуты, ханты ды мансі, прарваўшыся ў бюракратыю, ня зьдзекваліся над сваім. А тут—нашчадкі вялікага народа, магутнай дзяржавы і высокай культуры, стаўшы сталаначальнікамі на службе ў чужых, паводзяць сябе паўсюдна, масава і пры любых акупантах як самагубцы, як здраднікі, як шкодная зараза, топчуць, галёкаюць, зьдзекваюцца над сваім, гатовыя выканаць наперад любы абсурд, любы загад на забіцьцё свайго і на халуйскае таптаньне яго ў бруд.
Другі фэномэн добра вядомы — гэта нізкія змагарныя якасьці беларускай савецкай інтэлігенцыі. (Бо беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ў нас, фактычна, няма. Яе зьнішчылі яшчэ ў ХХ-м стагоддзі.)
„У гэтай сітуацыі мы вырашылі больш ня траціць грошы бацькоў навучэнцаў на бессэнсоўныя спробы рэгістрацыі вучэбнай установы ",—сказаў кіраўнік арганізацыі, прафэсар.
Вось так, уперліся ў слуп і спыніліся. На абходныя манеўры фантазіі не хапае. Пераназвалі б, скажам, арганізацыю кшталтам „Гуманітарная адукацыя на мове Якуба Коласа і Янкі Купалы" — і ў Мін’юст на рэгістрацыю. Няхай паспрабуюць яшчэ і Купалу з Коласам забараніць. Лепей, каб рэжымная палітыка працавала б супраць акупантаў, а ня супраць беларусаў.
Паглядзіш на ўсё, і разумееш, чаму так лёгка ўдаецца маскоўцам праводзіць на Беларусі сваю антыбеларускую „пакрокавую" стратэгію.
Зянон ПАЗЬНЯК
Беларускія Ведамасьці №53 | сакавік-травень 2004 г.