НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Палітычны Чарнобыль

Палітычны Чарнобыль

(Выступ на курапацкай акцыі Чарнобыльскі шлях – 2009)

Паважаныя сябры, дарагія землякі, фронтаўцы, Ужо мінула 23 гады з таго дня, калі ўзарвалася савецкая атамная станцыя ў Чарнобылі. Сьмерць абрынулася на Беларусь. У 1994 годзе ўзьнік другі Чарнобыль – духоўны і палітычны. Яны ўвесь час скрыжоўваюцца, пашыраючы адзін аднаго і прыносячы вынішчэньне. Сытуацыя, як у чарадзейнай казцы пра каралеўства, у якім усеўся паскудны цмок. Чарнобыль наўпрост выкарыстоўваецца цмокам дзеля вынішчэньня народа. Гэта вынік ўнутранай прамаскоўскай акупацыі ўлады ў Беларусі. Уражвае, аднак, ня тое, як маскоўцам удалося гэта зрабіць, уражваюць разбуральныя адкрытыя мэтады нішчэньня пры пасыўным маўчаньні людзей.

Спачатку ўлада адмяніла ўсялякую дапамогу людзям, што пацярпелі ад Чарнобыля і жывуць на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. Потым ворагі чалавецтва сталі не прапускаць міжнародную гуманітарную дапамогу людзям і бессаромна абкрадваць пацярпелых, спынілі адсяленьне, загадалі сеяць і зьмешваць чыстую прадукцыю з забруджанай для ўнутранага карыстаньня (удакладнім – калектыўнай дозы радыяцыі). Затым прынялі законы аб накіраваньні моладзі на працу ў чарнобыльскія зоны, а нядаўна галоўны ўзурпатар грымеў у Гомельскай вобласьці, што пара засяляць людзьмі спустошаныя радыяцыяй раёны і што з гэтага году ён сваім указам пачаў тое рабіць. “Сейце!” – крычаў хворы, вучоныя ў кабінэтах, маўляў, не разьбіраюцца, а людзі, што жывуць на радыяактыўнай зямлі, лепш ведаюць, дзе можна апрацоўваць глебу, а дзе не.

Ужо каторы год краінa перажывае чарнобыльскія Курапаты, гэта значыць сьведамае зьнішчэньне Чарнобылем. І не чуваць нават прывычнага пытаньня – “За што?”

Такога ніяк ня можна цярпець. Незаконны правіцель абзывае “ворагамі” беларусаў, што не прызнаюць ягонай улады, але ён сам ёсьць тыповым ворагам чалавецтва, які вядзе чарнобыльскую вайну супраць нашага народа. Мы мусім спыніць гэтую вайну. Беларусам за ўсю сваю гісторыю прыходзілася змагацца з усялякай вар’яцкай нечысьцю, пераможам і гэтую.

Мушу зноў паўтарыць: збочаная ўлада і ненармальная дзейнасьць хворага Лукашэнкі, якая выклікала разбурэньне культуры, стала ў апошні час надзвычай небясьпечнай для беларускага грамадзтва і беларускай дзяржавы. Гэтага ўжо даўно нельга цярпець, адбываюцца непапраўныя страты ў эканоміцы, палітыцы і культуры. Паводзіны гэтага чалавека неадэкватныя, скандальныя і амаральныя, яго асабістае жыцьцё збочанае і на віду ва ўсіх выпадае з нармальнасьці, ганьбіць краіну і цэлы народ. Гэты чалавек нясе псіхічны комплекс непаўнавартаснага дзяцінства і дзіцячага астракізму. Ён не засвоіў элемэнтарных асноваў культурных дачыненьняў зь людзьмі і толькі палітычная нясьпеласьць грамадзтва, прыдушанага акупацыйным камунізмам і саветчынай, дазволіла непрыяцелям Беларусі зацягнуць яго на вяршыню ўлады.

Але, хоць і павольна, ужо мінае гэты час цемры і, не сумняваюся, зьнікне дазваньня. Відавочная праўда, што нічога, абсалютна нічога, нельга ўжо паправіць, пакуль на верхавіне ўлады знаходзіцца гэты цёмны Лукашэнка, што выпаў з культуры і гістарычнага часу. Бываюць анамаліі ў прыродзе, бываюць, на жаль, і ў грамадзтве. Бяда, што нашаму народу прыходзіцца такую анамалію перажываць. Мусім прысьпешваць яе ліквідацыю і назва гэтай бяды – палітычны Чарнобыль. Мы мусім перамагчы вялікую чарнобыльскую вайну і мы пераможам яе. Памятайма і верым, і ўзмацняйма наш вольны народны дух.

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

26 красавіка 2009 г.

Дадаць у: