НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ. Аб становішчы і задачах

ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ. Аб становішчы і задачах

Цяпер нашай галоўнай задачай і галоўнай мэтай беларускага грамадзтва зьяўляецца недапушчэньне рэфэрэндуму аб анэксіі, які рыхтуе правесьці на Беларусі пуцінская Масква.

Вельмі істотна, каб не дапусьціць да рэфэрэндума. Бо акупанты ня будуць ні з кім і ні з чым лічыцца, паколькі цана гэтай афёры—забор Беларусі бяз зброі.

Калі ж Крэмль усё ж такі змусіць праводзіць рэфэрэндум, то эфэктыўна прадухіліць яго фальсіфікацыю можна будзе толькі пры дапамозе татальнага і шырокага байкоту, пры цалкавітым кантролі дзейнасьці выбарчых камісіяў.

I тут найбольш дрэннай перашкодай можа стацца вікаўская псэўдаапазыцыя. Трэба мець гэта на ўвазе.

Цяпер (асабліва пасьля апошніх вулічных правакацыяў так званай „апазыцыі") вельмі наглядна відаць, як ГБ хоча адыгрываць актыўную ролю ў „дэмакратыі", падбірае яе пад сябе і вядзе людзей у сьляпы завулак.

У кантэксьце існуючай цяпер антыбеларускай дыктатуры на Беларусі ажыцьцёўлена клясычная мэта спэцслужбаў рэжыму: створана так званая „апазыцыя", шчыльна кантралюемая праз КГБ на ўзроўні партыйнага кіраўніцтва і агентуры.

Адначасна фактам ёсьць тое, што спэцслужбамі створаны свае „апазыцыйныя" сродкі масавай інфармацыі і ўстаноўлены кантроль над існуючымі так званымі „незалежнымі".

Сумяшчэньне кантролю над гэтымі двумя галінамі ў агульнай антыбеларускай працы дало магчымасьць спэцслужбам (і іхным заходнім памагатым) стварыць ілюзорную праўдападобную сітуацыю падмены рэальнасьці, увесьці ў палітычны ўжытак элемэнт імітацыі і палітычнай гульні, мэта якой—сьцягнуць актыўнасьць грамадзтва на сябе і маніпуляваць ім, дзе галоўньм ёсьць імкненьне затушаваць сутнасьць канфлікту на Бепарусі паміж заборчай імпэрскай палітыкай Расеі і супраціўленьнем вольнай Беларусі. Галоўнай задачай ставіцца — барацьба з Лукашэнкам (псэўдабарацьба).

Такая дзейнасьць спэцслужбаў ва ўмовах антынароднай дыктатуры заўсёды можа мець вынікі. Для гэтага створаны ўмовы.

Тым часам мы павінны бачыць, што ўдаецца нашым непрыяцелям, а што не (і чаму „так", і чаму „не"). Мы мусім аналізаваць гэтыя маніпуляцыі і супроцьстаўляць свае адпаведныя дзеяньні на падставе неабходнасьці. (Успомнім, што каб запабегчы стварэньню Беларускага Народнага Фронту, бюро ЦК КПБ яшчэ ў пачатку жніўня 1988 года прыняло рашэньне аб стварэныгі свайго „народнага фронту", утварыць і ўзначаліць які было даручана члену ЦК КПБ Пятру Краўчанку. Такія ў іх былі пляны, якія, дзякуй Богу, праваліліся. Гэта стыль працы.)

Для кораткасьці пералічу па пунктах, чаго дамагліся ўжо непрыяцелі Адраджэньня.

1. Раскалолі Беларускі Народны Фронт, і гэтым фармальна падважылі ўнівэрсальнасьць Беларускага Вызвольнага Руху, затармазілі палітычнае аб’яднаньне беларусаў у змаганьні супраць імпэрскай палітыкі Расеі (якое ўключае ў сябе і змаганьне супраць антыбеларускага рэжыму).

2. Стварылі кіруемую псэўдаапазыцыю на прынцыпах псэўдадэмакратыі (лібэралізму). (Насуперак Фронту, які аб’яднаў беларусаў на дэмакратычнай нацыянальнай ідэі і дамогся на гэтай ідэі незалежнасьці Беларусі і дэмакратычных зьменаў у грамадзтве.)

3. Развалілі і дыскрэдытавалі пратэстнае вулічнае змаганьне, мітынгі і дэманстрацыі (літаральна—завялі ў балота).

4. Развалілі беларускі моладзёвы рух па той жа схеме — стварэньнем псэўдаарганізацыяў („Зубр", „Край" і г.д.). Асноўныя задачы: адцягнуць моладзь ад Беларускага Адраджэньня, накінуць эклектычныя мэты, увесьці ў дзейнасьць элемент штучнай рызыкі, штучнай рамантыкі і гульні, дзеля ўцягненьня ў псэўдадзейнасьць. I над усім гэтым—нахабная вярбоўка моладзі ў агентурную працу. (Прыкладаў дастаткова: вярбоўка кіраўніцтва і сяброў „Краю", потым перакідка агентаў у эміграцыю за мяжу, вярбоўка моладзі ў „Зубры", выпадкі самазабойства юнакоў настрашаных гэбістамі пры вярбоўцы, уцёкі зь Беларусі ад агентуры і г.д.)

Зьвяртаю ўвагу што маштабы гэтай разбуральнай працы вельмі вялікія. Нават нядобрай памяці „белае брацтва" было створана падпалкоўнікам КГБ Крываногавым. Ня кажам ужо пра многія „апазыцыйныя" арганізацыі. Мы трацім шмат моладзі, якая можа ўжо ніколі не вярнуцца да Беларусі.

5. Увялі ў правіла правакацыйныя вулічныя акцыі напярэдадні вялікіх нацыянальных сьвятаў, юбілейных угодкаў і беларускіх трагедыяў з мэтай адцягненьня ўвагі людзей ад нацыянальных аб’яднаўчых сымвалаў і датаў і з мэтай перацягненьня ўвагі на сябе, з мэтай ськіраваньня інтарэсаў людзей на бочныя пытаньні і ў тупіковы шлях.

3 гэтай жа мэтай арганізуецца штучны прапагандысцкі шум вакол арыштаваных на 10-15 сутак правакатараў з выкарыстаньнем кантралюемага друку, радыё і агентуры.

6. Намэнклятурнай „апазыціі" ўдалося стварыць вакол сябе палітычнае балота, сьцягнуць на сябе штучную інфармацыйную ўвагу і стварыць уражаньне сярод часткі людзей, што гэтакая і ёсьць цяпер беларуская апазыцыя.

3 гэтага вынікае некалькі высноваў. Мы не павінны мець ніякіх ілюзіяў адносна падрыўной ролі так званай „апазыцыі" ў нашьм змаганьні за свабоду і незалежнасьць Беларусі з антыбеларускім рэжымам і расейскім заборам. (Мы ўбачьм яшчэ ня раз іхныя чарговыя імкненьні і ваяжы ў Маскву да Крамля.)

3 другога боку, ня трэба перабольшваць аб’ём і значэньне таго палітычнага балота, якое стварылі ў Беларусі. Як толькі зьнікне ягонае фінансаваньне і „ грантаваньне", зьнікне і балотная палітыка, і балотныя палітыкі. Мы ведаем, у чым ёсьць сіла змаганьня і на чым трымаецца палітычны рух.

Мы павінны мацней урухоміць элемэнты нашай фронтаўскай палітыкі, якія якраз ужо цяпер даюць вынікі (хоць і накіраваныя ў будучыню).

Гэта, перш за ўсё:

— беларуская палітасьветніцкая праца ў рэчышчы праграмы Беларуская Салідарнасьць (розныя формы);

— падтрымка ідэі стварэньня Камітэтаў Абароны ад расейскай агрэсіі;

— пашырэньне вытворчасьці малога друку;

— падтрымка (дзеяньнем) актуальных агульнанацыянальных праблемаў, якія канкрэтна закранаюць кожнага беларуса (такія зьявы ёсьць, асабліва маёмаснага кшталту);

— стварэньне праграмнай палітычнай канцэпцыі перамены становішча ў Беларусі;

— канцэнтрацыя на беларускай нацыянальнай ідэі і на нацыянальных інтарэсах.

Апошняя пазыцыя — галоўная, бо толькі яна можа паспрыяць палітычнаму аб’яднаньню і змагарнаму ўздыму беларускага грамадзтва.

Усе гэтыя палажэньні нам трэба як найбольш канкрэтызаваць у рэальным выяўленьні.

У заключэньне хачу нагадаць пра вайну. Ня выключана, што ў суботу, калі будзе адбывацца Сойм, вайна на Блізкім Усходзе ўжо будзе пачаўшыся. Нагадаю, што калі вайна, то ўжо не дыскутуюць. Калі мы будзем змушаныя рабіць выбар, то пра нашу пазыцыю я ўжо пісаў на папярэдні Сойм. Мы падтрьмаем Амэрыку ня гледзячы ні на што. Гэтая краіна — гарант нашай незалежнасьці.

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронта „Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

19 сакавіка 2003 г. Варшава

Беларускія Ведамасьці, №49 | красавік-травень 2003 г.

Дадаць у: