(працяг тэмы)
І для людзей на Захадзе, і для шмат які беларусаў, далёкіх ад грамадзкіх інтарэсаў, складана зразумець сутнасьць палітычнай барацьбы ў Беларусі.
Асноўны канфлікт тут паміж трыма няроўнымі сіламі і іхнымі адгалінаваньнямі.
Пэрыяд канца 80-х і пачатак 90-х гадоў. Змаганьне паміж беларускім нацыянальным Адраджэньнем (якое выяўляў Беларускі Народны Фронт) і камуністычнай партыяй Савецкага Саюза (КПСС), якую прадстаўляла камуністычная партыя БССР (КПБ).
Трэба адзначыць, што ў гэты час Беларускі Народны Фронт у барацьбе супраць камунізма і за незалежнасьць Беларусі падтрымліваў расейскую групу Ельцына, якая пад відам дэмакратыі змагалася з уладай Гаарбачова ў СССР. Тут трэба мець на ўвазе, што ў гэты час пры ўдзеле агентуры КГБ быў створаны шэраг дэмакратычных партыяў у піку БНФ. Дзейнасьць іх, практычна, не разьвілася (акрамя прамаскоўскай АГП). Напрыклад, кіраўнік адной зь іх (Нацыянальна-дэмакратычнай партыі) Алесь Емельянаў у 1991 годзе адкрыта заявіў у друку пра сваё супрацоўніцтва з КГБ. (Гл. "Свобрдные новоси", -- 1991, июнь, №10, стар 7, "Я был сексотом КГБ")
Пасьля паразы КПСС (КПБ), паўраспаду СССР і здабыцьця незалежнасьці Беларусі (1991 год) канфлікт ускладніўся (патроіўся). Ён адбываўся паміж беларускім нацыянальным Адраджэньнем (БНФ) і паміж былой камуністычнай намэнклатурай, якая захавала ўладу ў Беларусі і абапіралася на імпэрыялістычныя сілы Масквы. У гэты час Фронт стаў крытычна ставіцца да палітыкі Ельцына ў Расеі.
"Дэмакратыя" Ельцына (пры дапамозе якой была забрана ўлада ў Гарбачова) паступова скочвалася да палітыкі традыцыйнага рускага імпэрыялізму (працягваліся імпэрыялістычныя войны, грувасьціліся вялікадзяржаўныя прэтэнзіі). У 1993 годзе імпэрскія тэндэнцыі палітыкі Ельцына ўжо сталі пагрозай для іншых. Савецкі ўрад Кебіча пачаў перамовы з Масквой аб увядзеньні расейскага рубля ў Беларусі. Сітуацыя стала пагрозьлівай для незалежнасьці краіны.
У пачатку 1994 года ў газэце "Нородная газэта" зьявіўся мой артыкул на рускай мове "О руссском империолизме и его опасности", які сарваў фальшывую маску зь ельцынскай дэмакратыі і меў эфэкт выбуху, ударыў па масавай сьведамасьці тых беларусаў, якія спадзяваліся на пабудову дэмакратыі ў Расеі і на суіснаваньне з Масквой.
Маса насельніцтва былой БССР жыла яшчэ каляніяльнымі ўяўленьнямі, што можна вольна існаваць побач з Расеяй, захоўваючы савецкія сантымэнты. А тут на табе -- папярэджаньне пра рускую небясьпеку.
Нават праз дзясяткі гадоў пасьля публікацыі каляніяльная інтэлігенцыя Беларусі агучвала яшчэ філісьцерскія прэтэнзіі да аўтара, што, маўляў, ня трэба было агаляць становішча, бо савецкі народ, маўляў, не гатовы быў яго ўспрыняць.
Канфлікт стаў патройным (БНФ -- урад Кебіча -- Масква) і ўвесь час насіляўся з боку Масквы. Схема падпарадкаваньня Беларусі за часы Ельцына была шаблонна расейскай: паставіць у Беларусі свайго стаўленьніка і праз яго праводзіць дэнацыяналізацыю краіны, русіфікацыю, падпарадкаваньне эканомікі і фінансавай сістэмы Маскве і паступова, ціха, з падтрымкай міжнароднай супольнасьці ажыцьцявіць паглынаньне пад лёзунгам "аб’яднаньня".
Спачатку пайшло ўсё па задуме. Быў знойдзены патрэбны (з гледзішча Масквы) выканаўца яе палітыкі: выхадзец з нізоў, ненавісьнік усяго беларускага, прыхільнік СССР, зьвязаны з КГБ, псіхапатычна залежны ад зьнешніх уплываў і апантана настроены на дасягненьне ўлады.
Апошняя паранойная якасьць стаўленьніка якраз і сыграла з Масквой у "злы жарт". На хвалі дасягненьня ўлады кліент захацеў у Крэмль, каб аднавіць СССР і ўсім кіраваць.
У гэта амаль ніхто ня мог паверыць, хаця ўсё было на віду, і толькі кулуарны выпадак у нетрах расейскай улады прадухіліў авантуру.
Стаўка КГБ на нікому невядомага шэрага Пуціна канчаткова пахавала магчымасьць рэалізацыі запаленчых фантазіяў Лукашэнкі пра пасаду ў Крамлі. І тады пры падтрымцы Масквы ён стаў маніякальна ствараць у Беларусі свой крэмль.
Узьнік новы складаны і разбуральны для Беларусі канфлікт палітычных і ўладных інтарэсаў.
Такім чынам летам 1994 года маскоўскі план адбыўся (выцягнулі Лукашэнку). Патройны канфлікт абвастрыўся, набыў рэзкія рысы. У 1996 годзе сілы беларускай самастойнасьці і законнасьці выйшлі наверх. Быў падрыхтаваны імпічмант Лукашэнку. Справа зьмены ўлады імкліва рабілася рэальнасьцю.
Сітуацыю з крахам Лукашэнкі ўратавала Масква. (Ратаваць сатрапа прыляцела ў Менск усё кіраўніцтва Расеі, акрамя Ельцына.) У выніку ў Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот. Лукашэнка ліквідаваў законную Канстытуцыю. Пачаліся рэпрэсіі.
Наступнае ўскладненьне канфлікту сталася ў 1999-2000 гг. і зьвязана было зь дзейнасьцю ў Беларусі заходніх паліттрэгераў, і найперш немцаў (кіраўнік Менскай місіі АБСЕ Ганс Вік і інш.), якія дзейнічалі часткова ў рускай парадыгме і спрыялі "аб’яднаньню" (паглынаньню) Беларусі Расеяй. Дзеля гэтага з боку Захаду былі пастаўлены дзьве задачы:
1. ліквідаваць Беларускі Нацыянальны Вызвольны Рух (БНФ);
2. паставіць і прафінансаваць сваіх стаўленьнікаў і стварыць у Беларусі сваю ідэёва і фінансава падпарадкаваную дэмакратычную апазыцыю, праз якую можна б было ўплываць на працэсы.
Характэрна, што нямецкая місія ў Беларусі (Ганс Вік і інш.) дзейнічала супраць беларусаў сумесна з КГБ (пра што было публічна засьведчана: (гл. БелГазета, -- 2004, 12 студзеня).)
У 1999 годзе пры дапамозе, найперш, немцаў быў расколаты Беларускі Народны Фронт. У 2000-м годзе (пры ўдзеле Ганса Віка і КГБ) была створана і прафінансавана падстаўная аб’яднаная апазыцыя, эклектычна арыентаваная і на Захад, і на Маскву.
Падстаўная апазыцыя, кіруемая з двух цэнтраў і кантралюемая рэжымам, выявіла фармальныя тэндэнцыі да замены Лукашэнкі, але пры захаваньні залежнага статус-кво ў дачыненьнях з Масквой. Барацьба за незалежнасьць ад Масквы не прадугледжвалася. Сутнасьцю існаваньня гэтага апазыцыйнага новатвора сталася паразітнае спажываньне заходніх фінансаў, своеасаблівы палітбізнес, што прывяло да імітацыі палітычнай дзейнасьці (пад выдзяленьне новых грошай).
Такое становішча нейкі час задавальняла ўсіх даўцаў, у тым ліку і рэжым, які адкрыта маніпуляваў гэтай "апазыцыяй" і нават зьдзекваўся зь яе.
Неўзабаве са стаўкай на падстаўную апазыцыю Захад зайшоў у тупік і зразумеў тое толькі ў 2015 годзе, калі рэзка спыніў амаль усё фінансаваньне падстаўных.
Зьяўленьне квазі-апазыцыі яшчэ больш ускладніла палітычны канфлікт у Беларусі і моцна заблытала розум электарату. Аслабленыя нацыянальна-вызвольныя сілы вымушаныя былі змагацца на тры франты, судакранаючыся з квазі-апазыцыяй толькі па асобных пытаньнях у адносінах да рэжыму Лукашэнкі і да палітыкі Эўразьвязу. У цэлым у Беларусі стварыўся фармальна чатырохзначны канфлікт палітычных інтарэсаў, хаця рэальная небясьпека для Беларусі, якая вызначала ўсё астатняе, выходзіла з Расеі.
Сітуацыя выглядала так. Пагроза беларускай незалежнасьці і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ішла з Масквы праз рэжым Лукашэнкі. Гэта агульная сіла, якая русіфікавала і нішчыла беларускую нацыю. Прытым Масква імкнулася крок за крокам падпараткаваць сабе цалкам усе сфэры жыцьця Беларусі і зрабіць залежнай ад Масквы ўсю ўладу Лукашэнкі, падганяючы становішча да анэксіі краіны.
Лукашэнка ахвотна зьнішчаў эдэнтычнасьць Беларусі і праводзіў маскоўўскую палітыку русіфікацыі, але тут зноў узьніклі нечаканыя для Крамля абставіны: ён выявіў паталагічную цягу да абсалютнай улады, не жадаючы саступаць Маскве. Узьнік парадаксальны канфлікт. Абедзьве злыя сілы супольна гробілі Беларускую нацыю і адначасна востра канфліктавалі між сабой за ўладу над Беларускай дзяржавай і з-за крэдытаў, якімі Масква аплочвала здраду Лукашэнкі.
Падстаўная апазыцыя падтрымлівала палітыку Эўразьвязу, г. зн. выступала за ліквідацыю ўлады Лукашэнкі, але заставалася ў каляніяльнай сфэры ўплыву Масквы і падтрымлівала зь ёй сувязі. У падстаўной апазыцыі меркавалі, што пры падтрымцы Эўразьвязу яны зробяць для Масквы лепшую прапанову, чым Лукашэнка. Масква, у сваю чаргу (як думалі падстаўныя), дазволіць у Беларусі забясьпечваць правы чалавека і дэмакратыю. (У гэтым выяўлялася тыповая рэтрансьляцыя інфантыльных уяўленьняў эўрапейскіх палітыкаў.
Перакрыжаваньне дачыненьняў выглядала так: нацыянальна-вызвольныя беларускія сілы змагаліся супраць імпэрскай палітыкі Расеі, супраць антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі і, у большай частцы, супраць падстаўной апазыцыі.
Масква падтрымлівала палітыку Лукашэнкі і адначасна прыдушвала яго, заганяючы ў залежнасьць, падтрымлівала квазі-апазыцыю і не прымала беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы.
Лукашэнка не ўспрымаў і душыў беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы, падтрымліваў маскоўскую імпэрскую палітыку і не падпарадкоўваўся маскоўскаму ўціску на сваю ўладу, часта маніпуляваў падстаўной апазыцыяй, дэманструючы крытыку.
Квазі-апазыцыя дэманстравала непрыняцьце рэжыму Лукашэнкі, падтрымлівала маскоўскі ціск на Лукашэнку і палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, непрыхільна ставілася да Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху.
Такая ж схема дачыненьняў засталася і цяпер. Але адбылася істотная зьмена з падстаўной апазыцыяй. Пасьля таго, як Захад рэзка зьменшыў фінансаваньне вікаўскай квазі-апазыцыі, новую падстаўную апазыцыю ў 2017-2020-х гадах стварыла Масква, скарыстаўшы кадры, уплыў і "крамлёўскі кашалёк" Газпрама. Адбылася рэзкая зьмена спонсараў гэтай зьявы. Новая падстаўная апазыцыя мае выразныя русіфікацыйныя прыкметы, карыстаецца расейскай мовай, арыентуецца на Пуціна, на Расею і ня бачыць каштоўнасьці ў незалежнасьці Беларусі (выказваньні В. Бабарыкі). Усе існуючыя перакрыжаваныя канфлікты рэзка павялічыліся. Рэжым Лукашэнкі пачаў рэпрэсіі і гібрыдны генацыд супраць беларусаў і Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху. Адначасна сатрап кінуў у турму прадстаўнікоў газпрамаўскай апазыцыі і ўпакарыўся Пуціну ў гатовасьці здаць інтарэсы Беларусі.
Пуцін распачаў наступ на суверэнітэт Республікі Беларусь і падрыхтоўку да анэксіі краіны.
Газпрамаўская апазыцыя, арыентаваная супраць улады Лукашэнкі, патрабуе яго замены ў сфэры ўплыву Расеі. Яна выступіла на баку Пуціна, патрабуючы ад Захаду эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, якія разбураюць краіну, заганяюць беларускі народ у беднасьць, а Лукашэнку -- у лапы да Пуціна, які патрабуе здаць Беларусь.
Захад успрыняў станоўча пазыцыю Пуціна і газпрамаўскай апазыцыі адносна Беларусі.
У створаных умовах газпрамаўская падстаўная апазыцыя, гэтак жа, як Пуцін і Лукашэнка, арыентавана супраць нацыянальна-вызвольнай ідэалогіі Беларусі, супраць законнай Канстытуцыі Беларусі 1994 года, адкідае гісторыю барацьбы Беларускага Народнага Фронту за незалежнасьць Беларусі.
Сілы Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху і Беларускага Адраджэньня, якія апынуліся ў падпольлі і часткова за мяжой, накіраваныя рэзка супраць імпэрыялістычнай анэксіянісцкай палітыкі пуцінскай Расеі, супраць газпрамаўскай русіфікатарскай апазыцыі і супраць антынароднага тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі.
Перасячэньне канфліктаў вымагае іх веданьня і арыентацыі ў падзеях. З гэтай карціны мы бачым, што пазыцыя і палітыка Лукашэнкі, Пуціна і газпрамаўскай падстаўной апазыцыі супадаюць у канечнай мэце -- пакідаюць Беларусь (якія б перамены ні адбыліся) у сфэры татальнага ўплыву Расеі і ў пэрспэктыве -- анэксіі краіны. Супраць гэтых трох палітычных зьяў выступаюць Беларускія Нацыянальна-Вызвольныя сілы і Беларускае Адраджэньне. Нацыянальна-Вызвольныя сілы тактычна перасякаюцца толькі з газпрамаўскай падстаўной апазыцыяй у плане ліквідацыі ўлады Лукашэнкі. Але мэты розныя. Беларускае Адраджэньне змагаецца за ліквідацыю рэжыма Лукашэнкі і за ліквідацыю каляніяльнай залежнасьці ад Расеі (прынцып -- краіны Балтыі). Газпрамаўская квазі-апазыцыя агучвае пуцінскі план замены Лукашэнкі на іншага маскоўскага кадра ў сфэры імпэрскага ўплыву Масквы. Пад пуцінскі план заангажаваны і Эўразьвяз, які прадставіў сваё поле агітацыі для газпрамаўскай падстаўной апазыцыі і спасылаецца на яе заявы.
З існуючага становішча вынікае вельмі важная выснова. Ня гледзячы на перасячэньне пазыцыяў адносна ліквідацыі ўлады Лукашэнкі, у беларускіх нацыянальна-вызвольных сіл Адраджэньня і ў газпрамаўскай падстаўной апазыцыі, аб’яднаньне палітычных дзеяньняў паміж імі ў прынцыпе -- немагчымае. (Тут узьнікае сітуацыя "непрэдрэшэнства", якая невырашальная.) Магчымыя толькі вымушаныя сітуацыйныя клаўзулы з розных бакоў барацьбы. (Напрыклад, падзеньне ўлады Лукашэнкі будзе супольна падтрымана. Але далей -- вырашальнае змаганьне з Масквой па розныя бакі фронту.)
І цяпер пра электарат, які масава раз у пяць гадоў хадзіў галасаваць пры адсутнасьці парляманту, вольных мэдыяў і свабоды друку. Гісторыя паказала і паказвае, што ва ўмовах несвабоды дзікага рэжыму і чужой прапаганды ніхто з выбаршчыкаў толкам ня ведае, што адбываецца, з прычыны складанасьці канфлікту.
У выпадку пратэсту усё зводзіцца да нескладанага пачуцьцёвага рашэньня тыпу "абы не Лукашэнка". На жаль, на дабро такая пазыцыя не спрацоўвае, а калі і спрацоўвае (як з Кебічам ды Ціханоўскай), то на карысьць Масквы, адвечнага ворага Беларусі. Паправіць існуючую сітуацыю бяз сродкаў масавай інфармацыі, без свабоды друку і пры адсутнасьці парляманту вельмі складана, асабліва тады, калі ў электарата недастаткова разьвітая сьвядомасьць ідэйнай і нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі. Тады людзі лёгка робяцца аб’ектам маніпуляцыі, зьяўляюцца сацыяльыя поклічы, тыпу "абы ня гэты" ці "какая разьніца" (каляніяльны кліч русіфікаваных) і т. п.
Паправіць інфармацыйныя веды і ідэйную сьвядомасьць ва ўмовах нацыянальнай несвабоды можна беларускім асьветніцтвам і асьветніцкай контрпрапагандай у зоне свабоды, якой часткова зьяўляецца сусьветнае Сеціва, вольны друк і эміграцыя, плюс падземнае змаганьне беларусаў на Бацькаўшчыне за волю і сваё існаваньне. Прытым адзначу, што гэта абавязковыя дзпеяньні. Інакш ніякія схемы, планы і канцэпцыі змаганьня на карысьць беларусаў не спрацуюць. Пачынаць трэба з сябе і працаваць на сваіх.
Сітуацыя можа быць разьвязана на карысьць народа толькі з павелічэньнем уплыву беларускіх нацыянальна-вызвольных сіл.
19 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК