НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАЛІТЫЧНЫ РАСКЛАД

(Тлумачэньне): Гэты расклад ня мае дачыненьняў да так званай "апазыцыі" ("осц" і т.п.) і да так званых "дэмсіл" (канфармісцкіх і шкодных для Беларусі). Ён (у маёй прапанове) выяўляе (у асноўным) пазыцыю беларускіх нацыянальных палітыкаў і пасьлядоўнікаў Нацыянальна-Вызвольнага руху. НВР -- гэта не "апазыцыя". Гэта супраціў.

-----------------------

1. Стан, які намеціўся ў сьвеце, -- гэта латэнтны стан сусьветнай вайны, гарачы цэнтар якой знаходзіцца на франтах Украіны.

 

2. Для нас, беларусаў, галоўнае пытаньне ў гэтым становішчы -- што будзе зь Беларусяй.

 

3. Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі знаходзіцца пад шчыльным палітычным уплывам і кантролем з боку Расеі.

 

4. З боку Эўразьвязу, яго ўдзельнікаў і сатэлітаў, ствараецца рэальнасьць варожасьці да Беларусі і, пад выглядам непрыняцьця дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, робіцца ізаляцыя народу і нішчэньне беларускай дзяржавы ўвядзеньнем рознага роду эканамічных санкцый.

 

5. У гэтым становішчы беларускія нацыянальныя СТРАТЭГІЧНЫЯ ІНТАРЭСЫ можна адзначыць наступным чынам:

-- параза Расеі ў агрэсіі супраць Украіны;

-- ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі;

-- забесьпячэньне дзяржаўнага нацыянальнага разьвіцьця Беларусі.

-- Амэрыканскія інвестыцыі ў беларускую эканоміку.

 

ТЛУМАЧЭНЬНЕ-1

Створана сітуацыя, калі кантроль над беларускай палітыкай і эканомікай у рознай ступені імкнуцца ажыцьцяўляць дзьве звышдзяржавы -- Расея і Кітай. Такое становішча небясьпечнае для незалежнасьці Беларусі і разьвіцьця дэмакратыі.

Для ажыцьцяўленьня раўнавагі, апоры для суверэнітэту і дэмакратыі пажадана, каб у створаным становішчы у беларускай эканоміцы і дэмакратычным разьвіцьці прымылі ўдзел Злучаныя Штаты Амэрыкі (інвестыцыі і інтарэсы ЗША).

 

6. ТАКТЫЧНЫЯ ДЗЕЯНЬНІ

ў сітуацыі існаваньня "рэжыму":

-- павелічэньне палітычнай суб’ектнасьці Беларусі дзеля зьберажэньня дзяржавы;

-- недапушчэньня ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейска-украінскай вайне;

-- ліквідацыя антыбеларускай палітыкі эканамічных санкцый коштам вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій.

 

У рэчышчы вышэй адзначаных дзеяньняў беларускім нацыянальным інтарэсам (павелічэньню суб’ектнасьці) адпавядае правядзеньне ў Менску любых міжнародных кантактаў аб мірным працэсе і пастаноўка пытаньня аб бяз’ядзерным статусе і вывадзе расейскіх войскаў зь Беларусі. Гэтае пытаньне павінна быць унесена ў план перамоваў аб міры паміж Расеяй і Украінай.

 

Усе гэтыя задачы ўжо рэгулярна прапісаныя і прамоўленыя беларускімі нацыянальнымі палітыкамі. Зрух ужо адбыўся якраз па лініі тактычных дзеяньняў у сітуацыі існаваньня "рэжыму", прытым па ўсіх накірунках. У тым ліку і ў пэрспэктыве магчымых амэрыканскіх інвестыцый ў здабываючую эканоміку Беларусі.

 

ТЛУМАЧЭНЬНЕ-2

Усе адзначаныя тактычныя дзеяньні ўзвышаюць палітычны статус Беларусі, але (на жаль) адначасна ўздымаюць ролю ўлады антынароднага рэжыма Лукашэнкі. Тут стандартнае тактычнае дзеяньне ў палітыцы, дзе трэба ведаць, што антыбеларускі рэжым -- зьява дачасная (гістарычна кароткая) і мінаючая, а дзяржава і незалежнасьць -- зьява працяглая (і агульнанародная). У барацьбе супраць антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі (улічваючы расейскі чыньнік) нельга дапусьціць, каб рэжым угробіў дзяржаву і незалежнасьць. Дзяржава належыць народу, але не ўзурпатару.

У змаганьні з антынародным рэжымам трэба забясьпечваць пэрспэктыву дзяржаве і нацыі, якая існуе аб’ектыўна.

 

24 лістапад 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: