Часлава Антонаўна Семяновіч не жыве.
Яна хварэла на сэрца, памерла ў Горадні сёньня, 25 – га красавіка, ва ўзросьце 77 гадоў. Для нас, фронтаўцаў, гэта цяжкая страта.
Адышла ў лепшы сьвет сябра нашаў Партыі змагарная беларуска надзвычайнай шчырасьці, надзейнасьці і перакананьня. Часлава Антонаўна моцна любіла Беларусь сваім шчырым сэрцам. Гэтая яе сардэчная любоў да Бацькаўшчыны, шчырасьць, справядлівасьць і пабожны розум дазвалялі ёй беспамылкова арыентавацца ў складаных перэпетыях палітыкі і дачыненьняў, бо крытэрыям была Беларусь і справядлівасьць дзеля Беларусі.
На такіх людзях як Часлава Антонаўна заўсёды трымаецца моцная і праўдзівая ідэя, бо яны здольныя ахвяравацца дзеля яе. Змаганьне без такіх людзей, часам сьціплых і непрыкметных, — мёртвае. Яны, такія людзі, надаюць яму сацыяльны грунт і грамадзкую сілу.
Я ведаў Чаславу Антонаўну асабіста, ня раз з сябрамі-фронтаўцамі бываў у Горадні ў яе гасьцінным доме. Добрая памяць пра яе застанецца ў мяне назаўсёды. Няхай жа хораша будзе ёй на тым сьвеце. Няхай убачыць адтуль дарагую нашу Беларусь вольнай моцнай і дасканалай. Хай будзе спакой яе шчырай і вернай душы.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту Адраджэньне і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
26 красавіка 2007 г.