Пасьля доўгай і цяжкай сьмяртэльнай хваробы, якую мы называем «хваробай Чарнобыля», 2-га кастрычніка памёр наш фронтаўскі сябра мастак Рыгор Кійка. Але тут вінаваты ня толькі Чарнобыль радыяцыйны, які нам зрабіла савецкая Масква, але вінаваты і цяперашні антыбеларускі рэжым улады, які таксама насадзіла Масква. Рыгора перасьледвалі лукашысты за любоў да Беларусі, катавалі і зьбівалі за абарону Курапатаў, мучылі ў турэмных камэрах, адбіралі здароўе. І вось адабралі. Тыповы лёс беларускага мастака пад акупацыяй. Рыгор Кійка памёр у 63 гады на вяршыні жыцьця і творчай сьпеласьці, калі чалавек аддае свой вопыт людзям і Айчыне.
Беларуская Айчына будзе заўсёды памятаць сваіх прыхільнікаў і змагароў за прышласьць і волю. Рыгор Кійка ад пачатку быў у Народным Фронце, разам з Фронтам сустрэў Незалежнасьць Беларусі, разам з Фронтам і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй Фронту застаўся пасьля варожага расколу руху ў 1999 годзе і змагаўся за Беларусь.
Слава героям! Хай будзе мяккай беларуская зямля добраму беларусу. Хай будзе апорай у нашым змаганьні і ў нашым жыцьці.
Спачуваю родным і блізкім нябожчыка. Наперадзе перамога.
3-га кастрычніка 2014 г. Зянон Пазьняк