НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Парад халуйства

Парад халуйства

Нешта функцыянеры псэўдаапазыцыі ў апошні час пачалі больш узмоцненна поўзаць перад Масквой. Аж у грудзі сябе б’юць і гучна крычаць: “Халуй я, халуй, вы что не слышыце!?”

Першым узвысіў свой голас вышэй звычайнага М. Марыніч. З групай расейцаў і немцаў ён падпісаў “стратэгію для Беларусі”, якую фінансаваў Аўстрыйскі Банк. Там напісана: “Будучыня Беларусі павінна стаць сумесным эўрапейска-расейскім праектам ...Прыярытэтнымі павінны стаць эканамічныя інтарэсы як Расеі, так і Эўразьвязу...”

Ну як вам? Новае слова “ў барбе”. Далей яшчэ цікавей:

“Праграма рэформаў павінна безумоўна адлюстроўваць той факт, што новыя кіруючыя эліты будуць захоўваць расейскія стратэгічныя інтарэсы, а таксама што праэўрапейская пазіцыя ў Беларусі цалкам супадае са спэцыяльнымі адносінамі з Расеяй. Пакуль Расея будзе давяраць “прарасейскасьці” кіруючых элітаў у краінах, якія складаюць стратэгічны пояс вакол яе, датуль палітычныя і эканамічныя рэформы або шчыльныя адносіны з эўрапейскімі рынкамі ня будуць нікога раздражняць.”

Вось так. У Беларусі гарбатата й магіла ня выправіць.

Неўзабаве два вялікія “апазыцыянеры” і непрымальнікі мовы рускі генэрал В.Фралоў і А.Скрабец 2-га красавіка “арганізавалі” мітынг “едіненія с Россіей”. Адзінаццаць гадоў таму тысячы мінчанаў вышлі ў гэты дзень на вуліцы супраць гэтага “едіненія”, моладзь білася з амонам ( калі хто памятае Вясну-96). І вось ў 2007 пад выглядам “апазыцыі” вылезьлі Скрабец з Фраловым (вылезьлі б яны ў 96-м !). На мітанг, праўда, ніхто не прыйшоў. Гэта ж Беларусь. (У Польшчы прыйшлі б і набілі морду.)

А недалей як учора (13 красавіка) распрануўся яшчэ адзін падстаўны “апазыцыянер” – А. Мілінкевіч. Гэты паехаў у “горад Скарыны” Піцер і сказаў рускім “таварышчам”: "Сярод сур`ёзных дэмакратычных лідэраў нашай краіны няма і не будзе антырасейскіх палітыкаў" “Вельмі важна, каб у Расеі ведалі аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта не антырасейскія сілы”. Гэтага яму здалося яшчэ мала і ён дадаў пра нафта-газавы-канфлікт: маўляў, беларуская улада, якая доўга атрымлівала прэфэрэнцыі, у выніку "аказалася няўдзячнай і стала выступаць супраць Расеі. Мне за гэта сорамна".

Камэнтаваць тут няма чаго. Але любы беларускі абывацель прачытае такое і ведаючы пра цьвёрдую пазыцыю Лукашэнкі ў канфлікце з Пуціным, параўнае і скажа: “якая мразь!”

Гэты пераплюнуў нават незабыўнага Ганчарыка (якога таксама падбіралі ў Маскве).

Масква, відаць, паставіла вельмі жорсткія ўмовы сваім спаборнікам, што тыя гатовыя сабе насы паразьбіваць, прысягаючы. Можа ўсё ж вырастуць новыя людзі, што без ваганьня стануць пад наш сьвяты беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і зьмятуць гэтыя бурбалкі!

Зянон Пазьняк

13 красавіка 2007 г.

Дадаць у: