НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

“Паражэньне польскай палітыкі”

“Паражэньне польскай палітыкі”

Ліст сябрам Сойму
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ

Здарылася гэтак, як мы і меркавалі ў нашых папярэдніх ліпеньскіх развагах (дарэчы, перакладзеных і на польскую). Польскія палітыкі так і не зразумелі (ці не пажадалі зразумець) інтрыгі маскоўскіх паводзінаў у Беларусі. Польшча пацярпела першую паразу – адклікала амбасадара і, фактычна, апынулася на мяжы разрыву дыпляматычных дачыненьняў зь Беларусяй.

У Маскве задаволена ўсьміхаюца і паціраюць рукі. Больш таго, вынікам тайных перамоваў Ротфэльда і Лаўрова стала тое, што чуюцца галасы за аб’яднаньне высілкаў дэмакратычнай Польшчы і аўтарытарна-карпаратыўнай Расеі ў змаганьні з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. (Гэта Расея, маўляў, будзе “змагацца”, якая трымая рэжым Лукашэнкі, якая праводзіць дзяржаўны генацыд і тэрор у Чачэніі, дзе парушаныя ўсе чалавечыя правы).

Гэты абсурд выглядаў бы камічна, калі б не было так сумна. Складваецца ўражаньне, што ў Варшаве забыліся пра польскі вопыт дачыненьняў з імпэрскай Расеяй і пачалі думаць брусэльскай галавой (у дадзеным выпадку цалкам непрыдатнай).

На цяперашні час можна канстатаваць істотную перамену маскоўскай палітыкі ў Беларусі і перайманьне тут стратэгічнай ініцыятывы Масквой. Для нас, беларусаў, сытуацыя дрэнная яшчэ і тым, што мы можам згубіць апошнія магчымасьці ўплыву на гэтыя працэсы ў мэтах выпраўленьня становішча. На польскае дэмакратычнае грамадзтва надзея таксама слабая, бо яно пад уплывам неадэкватных і экзальтаваных рэфлексіяў СМІ.

У бліжэйшай пэрспэктыве, зважаючы на поўнае неразуменьне справы ў Варшаве, Польшча, верагодна, можа быць цалкам ізаляваная ад Беларусі і пазбаўленая усялякай магчымасьці ўплыву на працэсы змаганьня за ўладу. Так званы “украінскі варыянт” стаў у Беларусі яшчэ больш праблематычным.

Мы, беларусы, мусім ужо цяпер плянаваць свае дзеяньні на 2006 год, зыходзячы з новых абставінаў.

Нагадаю асноўныя пазыцыі, якія кіруюць цяпер палітыкай Масквы і Лукашэнкі.

Пуцінская ўлада ў Маскве залежыць ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Калі Крэмль і Лубянка ня здолеюць пакінуць Лукашэнку (ці хаця б паставіць тут іншага свайго стаўленіка) і да ўлады ў Беларусі прыдуць беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы, тады Пуцін страціць ўладу ў Расеі. Пачнецца непрадказальная перабудова ў структурах расейскай улады.

Захаваньне і падпарадкаваньне Лукашэнкі – для Пуціна гэта апошні шанец застацца пры ўладзе. Для Лукашэнкі падтрымка з боку пуцінскай Расеі таксама апошні шанец незаконна ўтрымаць уладу ў Беларусі. Таму ўчорашнія нібыта “пікіроўшчыкі” цяпер вымушана абдымаюцца. Лукашэнка і Пуцін павязаныя аднолькава. Але ініцыятыва ў руках Масквы.

Пагроза страты ўлады групоўкай Пуціна і вызначыла мэты і дзеяньні Масквы. Маскоўцам неабходна прадухільць і задушыць усялякія магчымасьці нацыянальнага супраціву і кансалідацыі беларусаў у 2006 годзе. Мы бачым, як пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі ўсё гэта робіцца ў Беларусі і ў дачыненьні да асобаў, і да арганізацыяў. Мэтады: запалохваньне, кантроль, ліквідацыя, падтрымка рэпрэсыяў стварэньнем новага рэжымнага заканадаўства.

Наступная мэта – прадухіліць распаўсюджваньне альтэрнатыўных да рэжыму нацыянальных ідэяў і зьяўленьне альтэрнатыўных асобаў, якія падымуць сьцяг Беларускай ідэі.

Каб прадухільць небясьпечную сытуацыю, прыдуманы плян “ганчарык - 2” – так званыя “выбары” так званага “адзінага кандыдата”. Гэтую паранойную імітацыю, як і ў 2001 годзе, вось ужо хутка год выконвае “вікаўская апазыцыя”.

Нарэшце, істотным стратэгічным аспэктам маскоўскай палітыкі па захаваньні ўлады ГэБэ і прадухіленьні рэвалюцыйных абставінаў, – ёсьць ізаляцыя Польшчы і Украіны ад Беларусі. (Літва ў разьлік не ўваходзіць. Тым больш, што там толькі што ўкаранілі агэнтурны асяродак, так званы ЭГУ на чале зь вядомым Міхайлавым).

Польшча зьяўляецца найважнейшым кірункам маскоўскага ўдару з прычыны яе дэмакратычнай актыўнасьці, шырокіх кантактаў беларускага і польскага насельніцтва, добрага гандлёвага абмену і, што істотна – з прычыны знаходжаньня там (у эміграцыі) народнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі. Ізаляцыя Польшчы пацягне за сабой і ізаляцыю народнага кандыдата ад кантактаў з суайчыньнікамі, ускладніць магчымасьці ягонага вяртаньня і прыезду на выбары ў Беларусь і г.д.

Ужо добра відаць, што ізаляцыя Польшчы ад Беларусі будзе ўзмацняцца і, пасьля адкліканьня амбасадара, можа дайсьці ў бліжэйшы час да пабудовы непераадольнай сьцяны (маскоўска-лукашэнкаўскімі і польскімі рукамі) прынамсі да 2007 года. Потым становішча зноў пачне нармалізавацца. Праўда, што будзе тады за Бугам, нікому з палякаў невядома, бо ад Польшчы ўжо нічога ня будзе залежыць. (Не магу надзівіцца недальнабачнасьці варшаўскай палітыкі). Ізаляцыя Польшчы пазбаўляе Беларусь манэўру і дапамагае Маскве цалкам ўзяць сытуацыю ў свае рукі.

Гісторыя яшчэ раз нам паказвае, як дзейнічаюць варожыя сілы супраць Беларусі, яна зноў сыгналізуе нам, што наша будучыня і наша беларуская свабода залежыць толькі ад нас, толькі ад беларусаў.

Зянон Пазьняк

29.07.2005
Нью-Ёрк

Дадаць у: