(Ліст да адраджэнцаў)
Закончыўся першы этап мерапрыемства ўлады пад назовам "Выбары ў палату". Мы (нашая народная партыя КХП -- БНФ) прысутнічалі ў гэтых падзеях у якасьці назіральнікаў за галасаваньнем. Прышло галасаваць на псэўдавыбары 25-30 адсоткаў выбаршчыкаў. Фальсіфікацыйныя камісіі завысілі яўку ў два-пяць разоў. Тое самае адбывалася на антыдэмакратычным "папярэднім галасаваньні", куды выбаршчыкаў (асабліва залежныя ад адміністрацыі групы насельніцтва) зганялі пад прымусам, пагрозамі і страхам. Тут жа зафіксавана паўсюднае ўкідваньне ў урны чыстых бюлютэняў, прытым пачкамі. Характэрна, што фальсіфікатары ўжо асабліва і не хаваліся ў сваіх злачынных дзеяньнях.
Такім чынам рэальна выбары не адбыліся. Але фальсіфікатары аб’явілі аб поўным камплекце выбраньня псэўдапарляманту.
Чарговае выбарчае злачынства аформлена з несхаваным цынізмам. У будучыні адказнасьць будуць трымаць за гэта арганізатары і выканаўцы рознага ўзроўню, і найперш -- старшыня ЦВК, ролю якога бяззьменна выконвае службістка службы чужой дзяржавы. База доказаў існуе. (Гэты суд абавязкова неабходна будзе зрабіць дзеля ачысткі нораваў у грамадзтве пасьля хамскай улады.)
Вышэйсказанае -- гэта было пакуль што патрэбнае адступленьне ад тэмы. Вернемся да сутнасьці.
Мы (наша народная партыя) і ўся беларуская грамадзкасьць, што хоча вольнай дэмакратычнай Беларусі, ставіла задачу байкоту, няўдзелу ў фальсіфікацыйным фарсе рэжыму. Трэба, каб людзі перасталі падтрымліваць рэжым і не пайшлі на фальшывыя выбары.
Сэнс такога дзеяньня ў маральнай ізаляцыі рэжыму і ўнутранным непрызнаньні фальшывых выбараў. У выніку нагляднага выяўленьня фальсіфікацыяў фальшывыя выбары ня могуць быць таксама прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.
Задача рэжыму была ў адваротным: любымі шляхамі (найперш фальсіфікацыяй яўкі і бюлетэняў) стварыць бачнасьць масавага галасаваньня. І самае галоўнае, што выцякае з гэтага, -- дамагчыся міжнароднага прызнаньня фальшывых выбараў за сапраўдныя. Прытым, калі ня цалкам, то хаця б часткова (гэта значыць, каб заходнія бюракраты адзначылі "прагрэс").
І цяпер -- што мы маем. Рэальна выбары не адбыліся, яўка і галасаваньне сфальсіфікаваныя, і тое адзначана міжнароднымі назіральнікамі.
Інфармацыя рэжыму наступная: выбары адбыліся на дэмакратычным узроўні, галасаваньне была "чэсным", у палату прайшлі прадстаўнікі "апазыцыі".
Вось гэта якраз і стане тым аргумантам для левакоў (і проста крамлёўскай агентуры) на Захадзе, каб адзначыць "прагрэс", і магчыма, нават часткова, нешта прызнаць законным у гэтых ілжывых выбарах.
Бяспрынцыпныя ў палітыцы дзьве жанчыны-штрайхбрэхеры, якіх уключылі ў бяспраўную кішэнную палату, напэўна, нават не разумеюць, у якое становішча яны трапілі, пагадзіўшыся з фальсіфікацыяй выбараў і сістэмай ілжы. Мяркуючы па тым, што яны кажуць пра свае планы, -- яны не разумеюць таго зусім.
Палітычная логіка, аднак, ў такіх выпадках сьведчыць аб тым, што не сваіх людзей тут не прапускаюць. Шкода. Прыгожыя жанчыны.
Іх скарысталі ўжо і скарыстаюць потым. Варыянты паводзін толькі два: альбо пасіўна ці актыўна супрацоўнічаць з рэжымам у малых справах, альбо -- жорсткі канфлікт з сістэмай (з усімі для іх вынікамі ў бяспраўным грамадзтве). Што атрымаецца -- вядома, бо кліентаў у палату падабралі прадумана.
З гледзішча паліттэхналёгіі, апэрацыя з уключэньнем (усё бачна) зроблена груба, але прафэсійна. Рэжым улады захоўвае цяпер вытрыманае маўчаньне. Затое шумна дзейнічае ягоная калона ў псэўдаапазыцыі і ў так званых "дэмакратычных СМІ". На розныя галасы там крычаць аб "першай перамозе", аб "прарыве" ў "парлямант", аб "апазыцыі" ў "парляманце" і г. д. Жанчыны наіўна распавядаюць пра свае "апазыцыйныя" пляны ў палаце, а адзін выступовец на мітынгу нават павіншаваў усіх зь вялікім посьпехам "апазыцыі" і гукаў "Жыве Беларусь!".
Ну, і як жа ні адзначыцць "прагрэс" -- мусілі б падумаць у Эўразьвязе, калі "апазыцыя" радуецца і сьвяткуе перамогу? Словам, апэрацыя адпрацавана дакладна.
Тым часам 22 гады пад хамскім рэжымам , відаць, мала чаму навучылі нашае адукаванае грамадзтва ў палітыцы. Нажаль.
Мяркую, што, пэўна дзеля таго Бог і дапусьціў рахманым беларусам такую ўладу, каб яны нешта зразумелі ў жыцьці, што ня хлебам адным жыве чалавек, але словам. І слова гэтае мусіць быць словам праўды, і толькі сваім.
14 верасьня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК