ЛІПЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ”
І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ -- БНФ
9 ліпеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адражэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Патрэбна нацыянальная асьвета і ўзмацненьне беларускай сілы”:
“Мы спадзяемся на перамены і стараемся набліжаць той час, калі разваліцца гэты антыбеларускі рэжым на Беларусі і зыйдзе ў нябыт. Тым часам мы павінны тлумачыць сябрам нашай партыі Фронту і прыхільнікам Адраджэньня, што ў выніку пераменаў і ў выніку ўпадку рэжыму Лукашэнкі да ўлады ў Беларусі могуць прыйсьці зноў антыбеларускія групы.
Такое становішча, як вы ведаеце, склалася пасьля 1999 года, калі ў выніку сумеснай расейска-нямецкай палітыкі (супрацоўніцтва КГБ і нямецкай разьведкі – Ганс Вік) быў расколаты Беларускі Народны Фронт і арганізавана новая ненацыянальная неадраджэнская “апазыцыя”, кіруемая з Брусэлю і Масквы і выстаўленая як “альтэрнатыва рэжыму”.
Масква, скарыстаўшы палітыку і фінансы Захаду, стварыла сабе бяспройгрышны варыянт уплыву на беларускую палітыку і магчымасьць зноў аднавіць сваю ўладу ў Беларусі пасьля нейкага непрадбачанага (ці наадварот – падрыхтаванага) краху прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі.
Па вялікаму кошту, гэтая зьява, створаная Вікам і кампаніяй, ня ёсьць апазыцыяй, але зьяўляецца своеасаблівым аплочваемым лобі чужой палітыкі. Адсюль і характэрная (паказушная) манера захаваньня і адсутнасьць дэкляруемых палітычных вынікаў.
Мушу заўважыць, што дзейнасьць гэтай “апазыцыі” ня ёсьць цалкам адназначнай, дзякуючы ўцягваньню ў яе мерапрыемствы розных людзей. Але фактычна яна выконвае (зьнешне парадаксальным чынам) ахоўніцкую функцыю рэжыму Лукашэнкі. Найбольш значныя і шкодныя яе дзеяньні – гэта спрыяньне “элегантнай перамозе” Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе шляхам выстаўленьня і падтрымкі заведама нікчэмнай кандыдатуры камуністычнага намэнклятуршчыка У. Ганчарыка, потым удзел у незаконным рэфэрэндуме аб трэцім тэрміне Лукашэнкі ў 2004 годзе і фактычнае спрыяньне яго вынікам. Нарэшце сёлетнія незаконныя выбары прэзыдэнта, калі лобі (“апазыцыя”) выконвала маскоўскую канцэпцыю “двух апазыцыйных лідэраў” і рэжым “абмежаванай планкі”. Канцэпцыя (група Г. Паўлоўскага) прынесла добры вынік для Крамля – Лукашэнка захаваў прэзыдэнцтва і ўладу і адначасна скампрамэтаваў сябе фальсіфікацыяй, пахіснуў сваё становішча, стаў больш залежным ад Масквы. Цікава, што “лідэры” (Мілінкевіч, Казулін) выканалі ўсё (усе ўстаноўкі) да драбніц. Тым ня менш былі моманты, калі сітуацыя магла выйсьці з-пад тэхналягічнага кантролю. Гэта было належным чынам ацэнена ў Маскве і ў выніку прынята новая рэкамендацыя для рэжыму (той жа групай) – ліквідаваць нацыянальную грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Мы бачым, як пачалася інтэнсіфікацыя гэтага працэсу. Тут найбольш разбуральным і цалкам варварскім ударам зьяўляецца зьнішчэньне Саюзу пісьменьнікаў, ягонага архіву і біблітэкі, а таксама ліквідацыя рэдакцыі Беларускай Нацыянальнай Энцыкляпэдыі. Гэта тыповы і агрэсіўны этнацыд, які нават не стараюцца замаскаваць.
Вяртаючыся да апазыцыйнага лобі ў апошняй кампаніі, зазначу, што рэжым дапусьціўся некалькіх памылак. Магчымасьць перакуліць рэжым (ці калі не перакуліць, то сьпіхнуць яго на край бездані) была двойчы: 19-га і 25-га сакавіка. Але абодва разы спраўна спрацавалі “два лідэры”, якія “абнізілі планку” дакладна па тэхналёгіі. 19-га Мілінкевіч зьвёў дзесяткі тысячаў людзей з Цэнтральнай плошчы на Круглую плошчу “да вечнага агню” (гэта трэба ж было дадумацца), а 25-га яны абодва пры дапамозе рознай гэбоўскай драбязы, якая крычала “нет вражде”, зьвялі народ з Цэнтральнай плошчы ў цесны сквер імя Янкі Купалы. Потым Казулін павёў людзей яшчэ далей на вул. Акрэсьціна “падтрымаць арыштаваных”. І не было каму спыніць гэты абсурд. Так былі ліквідаваныя магчымасьці супольных дзеяньняў у патрэбным месцы. (Мой заклік да Плошчы праз Інтэрнэт – гэта быў ужо крык сьмагнучага ў пустыні). Спробы “двух лідэраў” зьвесьці прэч беларускую змагарную моладзь з намётавага лягеру на плошчы Каліноўскага ім, аднак, не ўдалася. Але, як пісаў журналіст Ігар Карней, у выніку такіх паводзінаў “23 сакавіка група моладзі самахоць пакінула лягер. Такім чынам яны выказалі сваё стаўленьне да пасіўнасьці апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта – А. Мілінкевіча і А. Казуліна. Моладзь тлумачыла: зь першых кантактаў з гэтымі палітыкамі стала зразумела, што тыя не гатовыя да радыкальных крокаў і не ўяўляюць, куды і як скіраваць энэргію пратэсту. Адсутнасьць рэальных прапановаў з боку дэмакратычных “лідэраў” агаломшыла некаторых жыхароў намётавага лягеру” (радыё “Свабода”, 24 чэрвеня 2006 г.).
Цікава прасачыць далейшыя выказваньні Мілінкевіча, дзе ён (магчыма сам таго не ўсьведамляючы) фактычна закладвае маскоўскіх паліттэхнолягаў. 30 і 31 траўня, напрыклад, тэлеканал “Эўраньюс” штогадзіну круціў інтэрв’ю зь Мілінкевічам, які наведаў яго расейскую рэдакцыю. “Наша кааліцыя імкнулася стрымаць вулічныя пратэсты пасьля выбараў,-- сказаў Мілінкевіч. – Для нас ня гэта ёсьць галоўным, а галоўнае – гэта справядлівыя выбары”. (Зазначым, што свабодныя выбары ва ўмовах дыктатуры ў прынцыпе немагчымыя і гэта агульнавядомая праўда.)
Тым часам тэхналёгія “двух лідэраў” і “планкі” працягваецца далей (гл. “Беларускія Ведамасьці” №2 (56) за гэты год, стар. 8, артыкул “Чужая палітыка”). З гэтага гледзішча часам цікава пачытаць ў Сеціве шчырасьці агентуры. Напрыклад: “Для Козулина главное – перетерпеть. Он выйдет к концу 2007 – началу 2008 года, как раз в тот момент, когда власть Лукашенко начнёт стремительно рушиться. Тогда он и возглавит при помощи, например, России демократическую революцию. Но пока Козулин в тюрьме, лидер один – Милинкевич. Это технологически верно. Цели ясны, структура управления сформирована” (П. Шарамет).
Думачкі і стыль зразумела адкуль. Гэтая публічка, вядома, не прафэсіяналы (не Няўзораў і не Дарэнка і нават не Кісялёў), але яна добра даказвае адну парадаксальную ісьціну аб карысьці балбатуноў і дурняў у палітыцы, асабліва калі яны ў стане ворага.
Аднак разьлічваць толькі на дурняў нам не прыходзіцца. Вынішчэньне беларускай нацыі плянуюць разумныя і адукаваныя ворагі, а выконваюць цемра і нягоднікі. Перш за ўсё мы павінны выразна разумець якраз гэтыя пляны, сістэму, прычыны, што і чаму робіцца, а потым ужо рэагаваць на дзеяньні.
Іншая справа, што ў асяроддзі апазыцыйнага лобі ёсьць пэўная частка людзей, якая шчыра шукае вольнай незалежнай Беларусі і беларускіх лідэраў (паколькі Фронт інфармацыйна ізаляваны). Парадоксы гэтага сьляпога шуканьня прыводзяць да таго, што некаторыя патрыёты гатовыя былі пайсьці ня тое што за русафілам Казуліным ці безыдэйным Мілінкевічам, але нават за рускім генэралам Фраловым, не зважаючы на ўсе клясічныя асаблівасьці савецкага генэральскага інтэлекту.
Наяўнасьць такіх людзей у апазыцыйным лобі трэба ўлічваць, але ня мець ілюзіяў. Большы вынік будзе мець агульнае нацыянальнае асьветніцтва. Але рашучы паварот зробіць толькі ўзмацненьне і дамінаваньне магутнай нацыянальна-дэмакратычнай адраджэнцкай сілы.
З гэтага вынікае, што нам ня трэба марнаваць час на палітычнае змаганьне з падстаўной апазыцыяй. Гэта не наша задача. (Масква толькі парадавалася б). Акрамя таго, гэта бяссэнсоўна. Бо ў іх не палітычная, а выгадніцкая прырода. Наша задача – раскрываць і паказваць грамадзтву палітычную сутнасьць падстаўной апазыцыі і выгадніцкі зьмест яе імітацыі, чаму адсутнічаюць вынікі і рэальнае змаганьне і г.д.
Але галоўны кшталт нашай дзейнасьці цяпер – нацыянальна-дэмакратычная асьвета беларускіх людзей, ідэйна-палітычнае, арганізацыйнае і кадравае ўзмацненьне нашай партыйнай і ў цэлым адраджэнцкай сілы.
Нагадваю і прапаную неадкладна прыступіць да стварэньня групаў падтрымкі Беларускага адраджэньня і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.
Жнівень небясьпечны месяц у гісторыі расейскай палітыкі. Таму прасіў бы быць уважлівымі. Расейскі гэбізм пачынае нэрвавацца. Прагназуецца фінансавы банкаўскі крызіс у Расеі. Тым часам расейцы напралом хочуць увесьці свой рубель на Беларусі, пры гэтым рыхтуюць зрабіць гэта праз прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” на рэфэрэндуме.
Незаконны рэфэрэндум зноў, відаць, захочуць сумясьціць з выбарамі ў мясцовыя ворганы ўлады. Наша пазыцыя тут зразумелая і выразная. Нельга ўдзельнічаць у такіх выбарах і рэфэрэндуме. Але дзеяньні нашы павінны быць актыўнымі: заклікаць людзей у дзень выбараў не галасаваць, а выйсьці на плошчы і вуліцы, каб скончыць са здрадай і прамаскоўскім рэжымам на Беларусі”.
З дакладам па палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і за яе межамі, а таксама па задачах партыйнай дзейнасьці выступіў сп. Юры Беленькі, выконваючы абавязкі старшыні Фронту і Партыі на Беларусі.
Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі аб разгортваньні дзейнасьці мясцовых прадстаўнікоў падстаўной псэўдаапазыцыі, якія пачынаюць ужо заклікаць людзей да “удзелу ў будучых мясцовых выбарах”. Неабходна тлумачыць беларускаму грамадзтву аб недапушчэньні паўтору фальшывай “перамогі” рэжыму пры падтрымцы антыбеларускай псэўдаапазыцыі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
9 ліпеня 2006 г.