НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ПАТРЭБНЫ НОВЫ НАРОДНЫ РУХ

ПАТРЭБНЫ НОВЫ НАРОДНЫ РУХ

    (Выступ на сьнежаньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

     Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

 

            …Апошнія два гады мінулі ў вельмі неспрыяльных для Беларусі абставінах. Рэжым практыкаваў татальныя рэпрэсіі супраць усяго беларускага, нішчыцелі спрабавалі забараніць і нашу Партыю, але гэта ім не ўдалося. І хоць наша фармальнае становішча пасьля рэпрэсіяў пагоршала (праблема памяшканьня, сувязі, сродкаў), але яно не спараджае няпэўнасьці. Наадварот, узрастае ўпэўненасьць. Бо мы адчуваем і назіраем вынікі нашай нацыянальна-асьветніцкай працы і перамогу нашай пазыцыі ў дачыненьні да рэжымных выбараў і рэфэрэндумаў. Я маю на ўвазе нашу канцэпцыю байкоту, якую грамадзтва, нарэшце, пачало ўспрымаць і ў гэтым годзе сваім няўдзелам дапамагло праваліць фальшывыя выбары. Іх ніхто не прызнаў, акрамя Масквы.

            Хачу зьвярнуць Вашу ўвагу, што над праблемай байкоту антынароднай выбарчай сiстэмы мы працуем ужо скора дзесяць гадоў. Першы станоўчы вынік, як вы памятаеце, быў ужо ў 2000 годзе, але толькі цяпер, у 2008-м, гэта наша пазыцыя праявілася ў грамадзтве як сістэмная зьява. Вы бачыце, што ёсьць сэнс у пасьлядоўнай канцэптуальнай працы. Урэшце рэшт яна дае вынік. У прынцыпе можна заблякаваць цалкам рэжымныя выбары, і рэжым пачне задыхацца. Патрэбная мэтанакіраваная праца. Але пакуль будуць існаваць штрайкбрэхеры ў выглядзе падстаўной апазыцыі, датуль будуць сур’ёзныя перашкоды ў нашым змаганьні з рэжымам. На ліквідацыю штрайкбрэхераў мы павінны будзем мабілізоўваць само грамадзтва.

            Па маіх назіраньнях маргінальная апазыцыя не існуе як сістэмная і колькасная палітычная сіла. Гэта пару дзясяткаў асобаў, якія сядзяць на замежных датацыях і знаходзяцца у Менску, генэралы бяз войска, самы стаяць у пікетах і самы раздаюць сумніўныя ўлёткі пра правы чалавека, напісаныя па-руску. Спыніць іхняе шкоднае існаваньне можна адным махам – перакрыць замежныя датацыі. Рэжым гэта ня робіць, бо яму лепш мець такую “падстаўку”, чымся сапраўды змагарны народны рух, праявы якога дыктатура імкнецца тут жа душыць.

            Пра халуйства маргіналаў і поўзаньне перад Масквой мы пісалі ўжо шмат разоў, паказвалі іхныя імітацыі барацьбы і падлыжнасьць перад рэжымам. Але публіка не сарамлівая, і цынізму няма канца.

            Нядаўна так званыя “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы” напісалі пад кіраўніцтвам Яраслава Раманчука “праграму” “Новы эканамічны курс” і накіравалі яе Лукашэнку (радыё “Свабода”, 11 сьнежня 2008 г.). У “праграме” яны прапануюць Лукашэнку скасаваць Савет Міністраў і стварыць узамен “групу антыкрызіснага кіраваньня” пры адміністрацыі прэзыдэнта, а кіраўніком гэтай “групы” просяць прызначыць аўтара “опуса”, гэта значыць Яраслава Раманчука. Нават тэкст указу аб прызначэньні напісалі і накіравалі Лукашэнку (каб аблегчыць, значыцца, яго клопат).

            Ну, што тут скажаш? Даўно вядома (яшчэ з часу спробы пабудаваць “пэрпэтум мобіле”), што агульны ўзровень ідыятызму ў рэжымнай Беларусі лунае на недасягальнай вышыні. Тут гэта заразная хвароба, інфэкцыйнае захворваньне. Вось гэта “дэмсілы”! Вось гэта “апазыцыя”! Сама просіцца на службу да праклятага “дыктатара”. Але іх можна зразумець: “свабоды” няма, дык часам і лейтэнантам хочацца “паруляваць”.

            Ліквідацыя падстаўной маргінальнай “апазыцыі” для нас даўно зразумелая задача. Толькі, як аказалася, гэта няпростая задача. Бо пакуль існуе рэжым, будзе і гэтая ягоная “апазыцыя”. Яна для яго як нялюбая жонка: днём яе лупіць і б’е, а ноччу сьпіць.

Падзеі ў Расеі, аднак (дзе Лубянка распусьціла ўсе свае так званыя “правыя апазыцыйныя партыі” і стварыла зь іх “Правое дело”, якое будзе супрацоўнічаць з Крамлём), нагадваюць, што аналягічныя перамены са статусам “падстаўной апазыцыі” ў прынцыпе магчымыя і ў Беларусі. Як бачым так званыя “аб’яднаныя дэмсілы” ўжо імкнуцца ўвайсьці ў структуры антыбеларускага рэжыму (дакладней, хочуць вярнуцца туды, адкуль прыйшлі). Дарэчы, тут адчуваецца дырыжорская палачка з Масквы. Там расфармаваньне лубянскай “апазыцыі” ідзе поўным ходам, тамтэйшы “лідэр” “правых сіл” Мікіта Бялых ужо нават пасаду губэрнатара ад Крамля атрымаў.

Крызіснае становішча (маецца на ўвазе эканамічна-фінансавы сусьветны крызіс) абцяжарвае жыцьцё людзей, але адначасна стварылася лепшая кан’юнктура (праўда, пакуль нязначная) для змаганьня за патрэбы беларусаў і за інтарэсы Беларусі. Сытуацыя, аднак, у каторы раз пацьвярджае, што за Беларусь могуць рэальна і вынікова змагацца толькі людзі і сілы адраджэнскай накіраванасьці.

Антыбеларускі рэжым пачаў ў рэчышчы агульнага нацыянальнага нішчэньня ліквідацыю дробных прадпрыймальнікаў. Кожны адраджэнец разумее акупанцкі сэнс гэтай ліквідацыі (гэтак жа як і ліквідацыю беларускай школы, мовы, сымволікі, саюзу пасьменьнікаў, беларускіх часопісаў, выдавецтваў, вёскі і сялянства і г. д.). Недаходзіць ён, гэты сэнс, толькі да прадпрыймальнікаў. Акупацыйная палітыка ўжо даўно занялася імі шчыльна і жорстка. Яны ж лемантуюць і паўтараюць, як заведзеныя, лёзунгі сваёй кіроўнай агентуры: “Ніякай палітыкі!” “Мы па-за палітыкай”! Нацыянальна сьляпы чалавек бывае неадэкватны ў паводзінах.

Гэтак жа неадэкватна паводзяць сябе розныя канфармісцкая групы. У гэтым годзе рэжым прыняў антыбеларускі закон супраць мовы – увёў свой рэжымны правапіс і юрыдычную адказнасьць за парушэньне рэжымнай артаграфіі. Да ўводу закона ў дзеяньне яшчэ больш чым паўтара гады. Яшчэ ёсьць час легальна пазмагацца за зьмены ў законе (як гэта правільна робяць А. Трусаў і ТБМ), пашукаць выхаду са становішча. Зрэшты, вымушанае падпарадкаваньне гвалтоўнаму закону дазваляе ўсё ж захаваць твар і, галоўнае, -- пакінуць пратэст, сваю рацыю і магчымасьць барацьбы.

Не, канфармісты так ня робяць, яны йдуць здавацца заранёў з высока паднятымі ў гару рукамі. А потым будуць даводзіць, што ў гэтым і ёсьць іхныя пранцыпы.

Першай пайшла па такой дарожцы і адмовілася ад клясычнага правапісу рэдакцыя тыднёвіка “Наша Ніва”. Як кажуць, пайшлі на шыбеніцу са сваёй вяроўкай (памятаеце гэты трапны антыбеларускі анэкдот?).

            У наступным годзе, адразу пасьля Зьезду, нам трэба будзе актывізаваць нашу ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць” з акцэнтам на нацыянальна-палітычную асьвету грамадзтва. Маргінальная апазыцыя, як бачым, можа існаваць толькі ў дэнацыяналізаваным балоце, дзе няма крытэрыяў, акрамя славаблудзтва. Перамена сьвядомасьці пераменіць абставіны. Гэта адзін аспэкт практычнага і крытычнага прыстасаваньня ініцыятывы. Другі аспэкт, які выяўляецца цяпер як грамадзкая патрэба, -- гэта падрыхтоўка ідэйна-палітычнага грунту пад новы беларускі народны рух, які разгоніць маргінальную апазыцыю і пачне рэальнае змаганьне з прамаскоўскім рэжымам.

Мяркую, што гэтыя пытаньні мы таксама абмяркуем на нашым Зьезьдзе.

Жыве Беларусь!

 

14 сьнежня 2008 г.                        

 

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”  

Дадаць у: