НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПАВАРОТ ДА КАМПРАМІСУ

ПАВАРОТ ДА КАМПРАМІСУ

Практычна, амаль усё, што можа вынікаць зь міграцыйнай атакі на мяжу Польшчы, складваецца не ў карысьць Беларусі. Выйграе, найперш, Пуцін пры ўсіх раскладах. Эўразьвяз, здаецца, пачаў разумець небясьпеку правакацыі і робіць крокі да перамоваў з агрэсарамі (Пуціным і Лукашэнкам). Гэты варыянт лепшы, чым адсутнасьць перамоваў.

(Зазначу, што гаворачы пра "лепшыя" і "горшыя" варыянты, маецца на ўвазе параўнаньне дрэннага зь яшчэ горшым. Палітыкай у дачыненьні да Беларусі цяпер распараджаюцца чужыя сілы.)

Цана вымушаных перамоваў з рэжымам для Эўропы звычайная -- кампраміс на фоне амбіцый. Зьява ў гэтай частцы сьвету прывычная. Прытым самы вінаватыя, бо зрабілі грубую памылку з увядзеньнем эканамічных санкцыяў супраць народа Беларусі, прымітыўна думаючы ліквідаваць гэтым уладу Лукашэнкі (якая дзьвюма нагамі загразла ў Крамлі). Намеры нерэальныя.

Нішто Эўропу ня вучыць. Хочуць зваліць Лукашэнку, але караюць Беларускі народ, і адначасна зьвяртаюцца да Пуціна, каб дапамог. Антыбеларускую ўладу называюць "беларускі рэжым". Дык хто тут з кім і за каго?

Магчыма, немцы забяруць сабе частку мігрантаў. Калі не, тады рэальна ім трэба будзе ўступаць у перамовы з рэжымам аб адмене пасьпешных зканамічных санкцыяў, пра што Эўропа хацела б гаварыць толькі з Пуціным. Але прыйдзецца з Лукашэнкам. Пры гэтым сатрап у сваёй агрэсіі ня спыніцца. Яны йшчэ таго ня ведаюць, зь кім будуць мець справу.

Пра характар і мэты магчымай гаворкі эўрапалітыкаў з Крамлём можна здагадацца -- нічога добрага для Беларусі. Тэма рэпрэсіяў і гібрыднага генацыду беларусаў ужо падменена "праблемай" інвазіі мігрантаў з Усходу. Эўразьвяз вырашае свае праблемы.

Горшы варыянт, калі да перамоваў з лукашысцкім рэжымам ня дойдзе. Тады павялічыцца небясьпека збройнай правакацыі на беларуска-польскай мяжы. Працягам канфлікту можа стаць уезд расейскіх войскаў у Беларусь альбо ўвядзеньне ваеннага стану Лукашэнкам (як у 80-х гадах у Польшчы). Ваенны стан цалкам разьвязаў бы рукі бандытам рэжыму, адчыніў бы магчымасьць спыніць усялякія выбары і рэфэрэндумы, пашырыць шлях да масавых рэпрэсіяў народа па прыкладу сталінскіх.

Мушу сказаць, што нікому на Захадзе ня будзе справы да масавага генацыду ў Беларусі, калі Расея ў гэты час атакуе Украіну, што ня выключана, зыходзячы з абставінаў.

Тут меркаваньні аб падзеях, якія могуць і не адбыцца. Але сутнасьць маіх разважаньняў у тым, каб нам, беларусам, быць падрыхтаванымі да ўсяго. Гэта значыць да ўнутранага супраціву, да перамены ўлады і да збройнага змаганьня супраць маскоўскага акупанта за волю і незалежнасьць Радзімы. Людзям (тым што да гэтага падрыхтаваныя) трэба быць у стане гатовасьці. Сітуацыя такая, што любая рэзкая авантура Пуціна-Лукашэнкі накрые авантурыстаў з галавой, але пры ўмове, калі будзе народны супраціў. Трэба каб ён быў. Мусіў бы быць.

 

16 лістапад 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: