Супраць намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянска Партыі--БНФ Юры Беленькага распачаўся судовы перасьлед з боку ўладаў .
Прычынай перасьледу ўлады называюць быццам бы не забясьпечаныя з боку Ю. Беленькага ўмовы бясьпекі правядзеньня дэманстрацый і мітынгаў 2 і 9 лістапада 2014 г.
Абвінавачваньні ўладаў у дачыненьні да Юры Беленькага ня маюць пад сабой абсалютна ніякай юрыдычнай падставы, бо падчас правядзеньня мерапрыемстваў ніякіх заўваг з боку работнікаў міліцыі зроблена не было. Тым больш што Партыя сама забясьпечыла дружыну аховы мерапрыемства, парадак і мэдыкаў і інфармавала пра гэта адміністрацыю. Адміністрацыйная справа, накіраваная на Юры Беленькага, не ўтрымлівае ні воднага факту, які б сьведчыў аб здзейсьненым правапарушэньні.
На нашую думку, перасьлед Беленькага мае відавочна палітычную матывацыю.
Пачатак судовага працэса над Ю. Беленькім 17 лістапада 2014 года ў 9-00 у судзе Першамайскага раёна г. Мінска, па адрасе Талбухіна, 9.
Сяргей Папкоў
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі--БНФ
14.11.2014