Сярод мноства прыгожых амэрыканскі сьвятаў ёсьць сьвята якое называецца "Нацыянальны Дзень Малітвы". У першы чацьвер траўня Прэзыдэнт падпісваў абавязковую праклямацыю да амэрыканцаў, каб маліліся ў гэты дзень. Гэта хораша. Сьвята існуе з 1952 года. Рашэньне прынята Кангрэсам пасьля масавага патрабаваньня вернікаў Амэрыкі.
1-га траўня Прэзыдэнт Трамп правёў Нацыянальны Дзень Малітвы на лужайцы перад Белым Домам разам з сотнямі запрошаных вядомых амэрыканцаў, палітычных і рэлігійных дзеячоў. Да Дня малітвы было падрыхтавана рашэньне аб стварэньні Камісіі па справах абароны рэлігіі. "Мы вяртаем рэлігію ў нашу краіну і робім гэта хутка і рашуча", -- сказаў Прэзыдэнт у сваім стылі.
Знакаміты палітык і рэлігійны дзеяч Дэн Патрык у гэты час зазначае: "У нас ёсьць выдатная спадчына рэлігійнай свабоды. Мы былі нацыяй, народжанай малітвай."
"Мы будзем служыць народу, -- кажа Прэзыдэнт Трамп, -- і мы будзем служыць Богу. Мы абаронім рэлігійную свабоду ва ўсім сьвеце."
Дастаткова разумеючы Трампа, я ўпэўнены, што гэта ня проста словы. Амэрыканскі Прэзыдэнт прадаўжае хораша дзеяць. Тое, што ён кажа, гэта важна само па сабе. Але яно значнае таксама для адзінства Амэрыкі, забясьпечвае прэзыдэнту падтрымку бальшыні насельніцтва.
Шчыра кажучы, гледзячы на гэта, мне часам думалася пра нашыя беларускія загубленыя магчымасьці. У 1994 годзе (калі б здарыліся іншыя абставіны, а яны павінны былі здарыцца) я для сябе думаў зрабіць тое самае. Тады б яно атрымалася. Добры закон аб рэлігіі, падрыхтаваны намі, дэпутатамі Апазыцыі БНФ, ужо быў прыняты, сьвяткавалі Дзень памяці продкаў (Дзяды), Вялікдзень і Нараджэньне Хрыстовае (былі выходныя дні) ва ўсіх канфэсіях па двух календарах. Па нашым законе ўсе канфэсіі былі роўныя. Адрадзілася Вунія.
Але галоўнае, што сталася б, -- гэта Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пад Канстанцінопальскім амафорам. Прытым не было б ніякага расколу (як ва Украіне). Аўтакефалію і аддзяленьне ад РПЦ аб’явіў бы Беларускі Экзархат і ўладыка Філарэт. Тады не было б ніякага ўнутранага супраціву.
Можна было б напісаць пра тое больш падрабязна (пра той час і дачыненьні). Але сэнсу ўжо ня бачу, бо сітуацыя зьмянілася так дрэнна, што цяпер, ці дакладней, потым, калі хто за гэта возьмецца, то РПЦ у Беларусі як аддзел ФСБ прыдзецца адразу прыцягнуць да адказнасьці па суду. А некаторых "бацюшек" і "матушек" -- пасадзіць за краты.
Дзякуй Богу, што хоць у Амэрыцы ў справе рэлігіі ўсё йдзе да лепшага.
6 травень 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК