Вясной гэтага года перад выбарчай акцыяй аб трэцім тэрміне Лукашэнкі Пуцін некалькі разоў казаў Лукашэнку пра неабходнасьць «канструктыўнасьці» беларускай «апазыцыі». Ніхто на гэта не зьвярнуў увагі, хаця паўторы выказваньняў у палітыцы сьведчаць аб намерах.
Ужо летам мы ўбачылі (а цяпер асабліва) адкрыты паварот найбольш прамаскоўскай часткі вікаўскай апазыцыі (камуністы, АГП і інш.) на крамлёўскую арыентацыю.
М. Статкевіч тут жа агучыў сакрэт Палішынэля: Масква, напісаў ён, выдзеліла вялікія грошы на «дзейнасьць» гэтай «апазыцыі». Калі сказаць проста, то Крэмль рашыў цалкам перакупіць гэтых дзіўных людзей у Захада і кіраваць спэктаклем непасрэдна. Для Беларусі ўсё гэта ёсьць акт нацыянальнай брыдоты. Пачаўся раскол палітычнай антрэпрызы. Аднак за эмоцыямі і хваляваньнямі «дзіўных людзей» выразна відаць інтарэсы. І Крэмль, і рэжым у Беларусі вырашылі зьмяніць характар сваёй «апазыцыі» – зрабіць яе ўжо адкрытай і відавочнай часткай сваёй палітычнай сыстэмы. Такім чынам павінна б была заваліцца заходняя палітыка, абапертая на «правах чалавека», «зьніклых» і г.д. Абодва рэжымы пашырылі б дарогу пранікненьня на Захад і ўмацавалі б свой абсалютызм. Сродкаў на такія пэрспэктывы вырашылі не шкадаваць. У «апазыцыі» тут жа пачалося «бражэньне».
Для ілюстрацыі гэтых намераў прывяду вытрымкі з нядаўняга інтэрв’ю У. Нісьцюка (БСДП ГРАМАДА), зьмешчанага ў Сеціве агенцтвам Белапан (18 кастрычніка 2006 г., «Навіны»). Уладзімер Нісьцюк сказаў:
«Галоўнай памылкай усёй беларускай апазыцыі на працягу апошніх дванаццаці гадоў зьяўляецца тупое жорсткае супроцьстаяньне ўладзе па любых аспэктах і страта шансаў на ператварэньне яе ў частку палітычнай сістэмы краіны (…). Падтрымка радыкальнай, ці як шмат хто, а ня толькі Лукашэнка, яе называюць, нацыяналістычнай апазыцыі супярэчыць мэнталітэту беларускай нацыі. Нам з вамі (?) прыдзецца пачынаць усё з пачатку, таму што стаўка была зроблена не на тых. Беларусы могуць зразумець толькі таго, хто гаворыць на зразумелай ім мове, нават калі гэта проста сумесь беларускай з рускай, і пра зразумелыя рэчы. Такія людзі ёсьць у нашай партыі, гэтак жа і ў іншых палітычных і грамадзкіх структурах. Мы не заклікаем скідаць уладу, сёньня мы ня ў стане гэта зрабіць. Мы павінны паспрабаваць узаемадзейнічаць зь яе канструктыўным складнікам у імя пабудовы будучыні нашай краіны.
Наша партыя гатова выставіць на выбары ў мясцовая Саветы, якія адбудуцца ў студзені будучага года, больш за сто кандыдатаў (на больш чым дваццаць тысячаў месцаў. З.П.). Мы былі б вельмі ўдзячныя за дапамогу эўрапейскім інстытутам і брацкім партыям Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў падтрымцы гэтых людзей (…). Узьнікае неабходнасьць прынцыпова зьмяніць стратэгію і тактыку дзеяньняў дэмакратычных сілаў унутры краіны. Бачыцца неабходным прапрацаваць і ініцыяваць правядзеньне «круглага стала» (…), трэба зьмякчыць пазыцыю ў адносінах да улады з боку цэнтрысцкіх і левых дзеючых партыяў з пэрспэктывай пераходу іх ў канструктыўную апазыцыю.» (Канец цытаты.)
Новая маскоўская схема прадугледжвае ня толькі пераліцоўку вікаўскай апазыцыі ў «канструктыўную» (лубянскую) апазыцыю, але і называньне (прыпячатаньне) усіх беларускіх нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў «радыкальнымі», «экстрэмісцкімі», нацыяналістычным «атрэб’ем» і г .д. Працэс стварэня такога ўражаньня і нацыянальнага перасьледу пачаўся з восені гэтага году (рэпрэсіі супраць беларускай моладзі, прыдумваньне крымінальных справаў пра «тэрарызм» і г. д.).
Яшчэ на адзін аспэкт варта зьвярнуць ўвагу ў гэтай непрыгожай валтузьні «дзіўных людзей». Падстаўная апазыцыя, «круглыя сталы» з рэжымам «перагаворныя працэсы» і т. п. ініцыяваліся і ствараліся былымі паплечнікамі Лукашэнкі (і агентурай; прызнаньне Г. Віка). Цяпер, калі спушчана задача ўдакладненьня арыентацыі і пераліцоўкі, гэтыя людзі тут як тут; Лябедзькі, Калякіны, Нісьцюкі адразу загаварылі на сваёй мове і пра «мэнтальнасьць», і пра «беларускую мову» (прычыну ўсіх няшчасьцяў «дэмакратыі»), і пра «канструктыўную» уладу. Варта пачытаць ўсё інтэрв’ю У. Нісьцюка, дзе ён не проста ўзьвялічвае Лукашэнку, а панегірыкі сьпявае, акурат як некалі, у 1996 годзе (мне гэта добра запомнілася). Гэтыя людзі, што працуюць у «апазыцыі», ня маюць ніякага дачыненьня да дэмакратыі і, тым больш да беларускага нацыянальнага Адраджэньня, да змаганьня за волю, шчасьце і нацыянальную будучыню Беларусі.
Практычна нічога прынцыпова новага не адбываецца. Палітычна арыентаваныя беларусы добра ведаюць сутнасьць і цану гэтай эксклюзыўнай «апазыцыі». Нікога ўжо не зьдзіўляе іхны адкраты паварот да Масквы і тым больш да Лукашэнкі. Пачакайма мы яшчэ станем сьведкамі камэдаі павяртаньня блуднага сына. Вернецца калі напакасьціць шмат і спрафануе ўсё. Толькі ўсё спрафанаваць не удасца. Ёсьць сіла ў Беларусі. І калі яна ўзмацнее ад гэтага рэжыму месца мокрага не застанецца.
19 кастрычніка 2006г.