НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПЕРАКОШАНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

Беларуская служба польскага радыё перадрукавала наступную інфармацыю: "Беларускую мову як фактар ідэнтычнасці назвалі толькі 4 працэнты беларусаў, і ажно 92 працэнты палякаў такім маркерам адзначылі польскую мову." (https://www.polskieradio.pl/396/7819/Artykul/3460478 )

На выгляд тут сухая канстатацыя. Аднак інфармацыя ўспрымаецца, як зьлёгку маніпулятыўная, бо падсьведама адсылае яе спажыўца ў недагаворанасьці да памылковай высновы, што, маўляў, ужо і беларусаў няма, калі толькі чатыры адсоткі да мовы прызнаюцца.

Зрэшты, так выглядае цяпер наша сацыялогія. Тут тыповы навуковы (дакладней -- псэўданавуковы) пазітывізм. Гэта калі жывая зьява разглядаецца аб’ектыўна, але бяз чыньніка руху і абставінаў утварэньня, найчасьцей таксама без складовай гісторыі. У выніку атрымліваем фармалізаваную мярцьвечыну, якая не адбівае сутнасьці зьявы.

Цэлыя пакаленьні беларусаў перажылі пад расейскай акупацыяй кашмар дзікай вырабленай мэтанакіраванай моўнай русіфікацыі. Цяпер бальшыня беларусаў вымушана гаворыць па -расейску. Але (увага!) беларусы ў гэтых акупацыйных умовах не перасталі быць беларусамі, ня страцілі ўсьведамленьня нацыянальнай ідэнтэфікацыі. На падступнае пытаньне "сацыёлага" яны адказваюць цалкам адэкватна. Мову у іх адабралі, і таму чужая расейская мова, на якой яны гавораць, ня ёсьць чыньнікам іхняй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Дакладна так (а беларускай мовай яны не карыстаюцца).

Яны рацыянальна правільна ў гэтых абставінах шукаюць і называюць тыя нацыянальныя чыньнікі ідэнтэфікацыі, якія яшчэ ў іх засталіся (культуру, тэрыторыю, гісторыю, традыцыі, мэнтальнасьць і т. п.). Але (увага!), практычна, усе русіфікаванамоўныя беларусы і не беларусы (!) ў Беларусі прыхільна адносяцца да беларускай мовы, і бальшыня за тое, каб яе зацьвердзіць, зьняць перашкоды і аднавіць у грамадзкім карыстаньні. Вось тут і праяўляецца рэальная ідэнтыфікацыя беларусаў у адносінах да мовы ў існуючых абставінах.

Палякаў ніхто не русіфікуе. Яны гавораць па-польску. Іншага адказу ў палякаў і быць ня можа. Параўноўваць жа адказы на зададзенае пытаньне цяперашняга паляка і цяперашняга баларуса, падразумяваючы аднолькавы сэнс, -- гэта ня тое што, не адпаведна зьместу, не навукова, але і не карэктна для дасьледчыка.

Пазітывізм ў філасофіі -- гэта мярцьвечына, а ў навуцы шкодная зьява, за якой часам хаваюцца звыклыя ў скажоных грамадзкіх абставінах ненавуковыя намёкі і абагульненьні.

Зянон Пазьняк
22 сьнежань 2024 г. 

Дадаць у: