У канцы мінулага году і напачатку новага 2016 года ў міжнародных падзеях і ва ўнутраных справах Беларусі працягваліся ўсе тыя працэсы, што вызначыліся раней. У міжнародным плане адбываецца татальная акупацыя Эўропы арабскім сьветам. Гэтая акупацыя выклікана палітыкай лева-лібэральных колаў Эўропы.
Ідэя, якая ўжо стагоддзі рухае лібэралістамі і ўвогуле людзьмі левага кшталту -- гэта зьнішчэньне Хрысьціянства. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтай іхняй галоўнай ідэі нянавісьці яны гатовыя ахвяраваць і культурай, і народам, і дзяржавай, і нацыяй, і ўсёй Эўропай. Заснавалі гэтую бязбожную ідэалёгію французскія рацыяналісты, але ў цяперашняй актыўнай сацыяльнай фазе яна разьвіваецца ўжо цалкам ірацыянальна на мяжы абсурду. Арабскі сьвет, дакладней, яго адкіды, выкарыстоўваюцца лева-лібэраламі як прылада ліквідацыі Хрысьціянства ў Эўропе. Гэта галоўны імпэратыў той суіцыднай палітыкі, якую мы назіраем цяпер на Захадзе Эўропы.
Акупацыя Эўропы адбываецца шляхам перасяленьня народаў і мэтадам эфэктыўнай партызанскай вайны (Захад называе тое "тэрарызмам"), супрацьстаяць якой ня ў стане ніякая армія, ні тым больш бесхрыбетнае і дэмаралізаванае заходняе грамадзтва. Арабскія гуны адчуваюць гэта і, нягледзячы на сваю яшчэ абсалютную меншасьць, паводзяць сябе як гаспадары на акупаванай тэрыторыі. На Новы год яны ўчынілі акцыю згвалтаваньня эўрапейскіх жанчын у некалькіх гарадах Эўропы. Найбольш масава здарылася ў Кёльне (каля 200 пацярпелых за адну навагоднюю ноч і 535 нападаў).
Эўраграмадзтва паказала сваю поўную бездапаможнасьць перад гвалтаўнікамі. Адзін зь іх, якога арыштавалі, нават груба абарваў функцыянера эўраўлады, маўляў, вы кіньце тут парушаць мае правы, мяне ў Нямеччыну запрасіла сама спадарыня Мэркель. І, дарэчы, што да ролі Мэркель у гэтай справе, то тут, фактычна, так яно і ёсьць.
На Новы год і Нараджэньне Хрыстова зноў выступіў з бруднымі правакацыямі супраць рэлігіі маргінальны французскі лісток "Шарлі Эбдо", які здаўна фінансуецца расейскім "Газпромам". Нагадаю, што ў мінулым годзе ісламісты расстралялі ўсю рэдакцыю гэтага газпромаўскага опуса. Магчыма тут не абышлося без Лубянкі. Цяпер ужо набрана новая рэдакцыя.
Сымптаматычная рэакцыя заходнеэўрапейцаў на тэрор ісламістаў. Пасьля нападу на "Шарлі Эбдо" яны выйшлі ў Парыжы і іншых гарадах на дэманстрацыі супраць тэрору і тэрарыстаў. У першых радах пратэсту крочалі прэзыдэнт Францыі і іншыя кіраўнікі ўлады. У гэта цяжка было паверыць. Яны, кіраўнікі Францыі, пратэстуюць супраць тэрарыстаў. Дык хто гаспадар у краіне? Тут нейкі фрэйдзізм, падсьведамае прызнаньне з боку ўлады гаспадарамі Францыі арабскіх эмігрантаў. І якбы не выглядала тое абсурдам псіхалагічна так яно і ёсьць. Гэты фэнамэн некалі будуць вывучаць псіхолагі (калі ад такой Эўропы што-небудзь застанецца). Цяпер мы назіраем тое самае. Пратэстуюць супраць гвалту над жанчынамі, хочуць каб ісламісты іх пачулі і зразумелі. А адна эўрадама распранулася дагала ў знак пратэсту і стала з плякацікам ў цэнтры Кёлна, дзе быў напісаны зварот да арабскіх гвалтаўнікоў: «Паважайце нас! Мы не аб’екты для нападу, нават калі голыя». Вось што робіцца з мазгамі ў людзей, апрацаванымі лібэральнай прапагандай. Гэтае грамадзтва такое ж ненармальнае і неадэкватнае, далёкае ад рэальнасьці як і руская «вата», апрацаваная пуцінскім гёбельс-тэлебачаньнем. Два збочаныя бакі аднаго фальшывага бязбожнага мэдаля.
Сеціва напічкана відэазапісамі з краінаў Захаду. Вось сядзяць недзе ў скверы група заходніх людзей сталага веку (10-12 асобаў). Да іх падыходзяць два паўночна-афрыканцы і пачынаюць зьдзеквацца. Патым адзін зь іх б’е па галаве жанчыну жанчына падае без прытомнасьці. Паўночна-афрыканец весела рагоча проста ў камэру. Усе астатнія белыя маўчаць як ні ў чым не бывала.
Вось на вуліцы днём 5-6 эмігрантаў з Усходу хапаюць дзяўчыну, пачынаюць біць, хапаць за інтымныя месцы, цягаць па тратуары. Вакол па вуліцы ідуць заходнія людзі кожны па сваіх справах, ніхто не зьвяртае ўвагі на гвалт.
Усё гэта нагадвае мне жывёльны сьвет, савану, пасецца табун зебраў, вакол ляніва ляжаць львы. Калі адзін зь іх захоча есьці, то бяжыць да стада зебраў, адганяе адну і задзірае. Астатняя чарада пасецца сабе.
З сацыяльнай гісторыі вядома, напрыклад, як ў неспрыяльных варунках дэградуе этнас. Спачатку перастаюць паважаць і клапаціцца пра старых, потым перастаюць выхоўваць і клапаціцца пра дзяцей. І трэці этап – мужчына перастае змагацца за жанчыну. Глядзіш на тое, што адбываецца цяпер на Захадзе і ўзьнікаюць вельмі сумныя паралелі. Цывілізаваныя людзі ўжо ні на што ня здольныя.
Гэтыя некалькі фактаў я прыводжу, каб нагадаць пра той цывілізацыйны крызіс, які адбываецца на Захадзе на фоне агрэсіўнага варварства пуцінскай Расеі і фашызацыі "русского міра". Для нас гэта істотна ведаць, бо шмат беларусаў, якія слаба усьведамляюць жыватворнасьць беларускай нацыянальнай ідэі і якія напалоханы агрэсіяй Расеі супраць Украіны, спадзяюцца, што "Захад ім дапаможа".
Не дапаможа. Ня майма ілюзіяў. Беларусам могуць дапамагчы толькі самы беларусы. Спадзяемся на сябе. І калі хто падставіць плячо, дык гэта хіба ўкраінцы і палякі.
Ва ўнутраных справах краіны мы бачым працяг гніеньня акупацыйнай уладна-эканамічнай сістэмы, падаграваны пагрозьлівымі і неадэкватнымі заявамі нелегітымнага начальніка рэжыму.
У апошнія месяцы з боку розных СМІ, для якіх, відаць, часам праблематычна, пра што пісаць, вялікая ўвага надаецца рэжымнаму указу №222 аб фактычным зьнішчэньні дробнага беларускага гандлёвага бізнэсу. Гучаць пагрозьлівыя заявы аб забастоўках, пратэстах і т. п., прадказваюць сацыяльны выбух, дрыжэньне рэжыму і г. д.
Уражаньне, што ўсе гэтыя фантазіі пішуцца цалкам шчыра і таму незразумела, навошта.
Ня будзе ніякага сацыяльнага выбуху і ніякага масавага ўсьвядомленага пратэсту прадпрыймальнікаў. Дробны беларускі бізнэс перастане існаваць і настане цішыня. Найперш рэжым разьлічыў, што такіх гандляроў адносна няшмат (некалькі дзясяткаў тысячаў на ўсю краіну) і сур’ёзных пратэстаў не атрымаецца. Іхняе існаваньне не зьвязана з дзяржаўнай вытворчасьцю, і таму для акупацыйнага рэжыму пратэсты прадпрыймальнікаў пагрозы не ўяўляюць. Зрэшты, ёсьць АМАП і аўтазакі. Але галоўнае ня ў гэтым. Гандлёвыя людзі маглі б быць і моцнай сілай, і пагрозай для акупацыйнага рэжыму, калі б яны былі палітычна аб’яднаныя беларускай нацыянальнай ідэяй і ведалі б, што змагаюцца за вольную Беларусь, за вольную будучыню і вольную Беларускую дзяржаву. Тады б гэта была грозная сіла, і рэжым пачаў бы хістацца. Гэта была б не праслойка грантасмокаў і штатных правакатараў пад выглядам апазыцыі, а рэальная нацыянальная сіла сур’ёзных людзей. Такога яшчэ няма нават зблізку, а таму з пратэстаў гандляроў ня будзе нават пшыку.
Але пішу я тут гэта не дзеля крытыкі рэальнасьці, а каб паказаць пэрспэктыву і неабходнасьць абавязковай нацыянальна-асьветніцкай працы сярод людзей, чым займаецца і павінна займацца далей наша адзіная ў краіне адраджэнцкая народная партыя.
Мяркую, што ў бліжэйшы час трэба падрыхтаваць сэрыю матэрыялаў пад назовам "Што трэба ведаць беларусу", дзе па пунктах, простай мовай пералічваць тое, што сапраўды беларусу трэба ведаць, каб на нацыянальным узроўні існаваць у гэтым сьвеце і адстойваць беларускія ідэалы перад прапагандысцкай навалай з Усходу і Захаду.
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь"
10 студзеня 2016 года
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ і БНФ "Адраджэньне"
* * *