НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПЕРАМЕНЫ

(ТЭМЫ: «Дабрыя навіны ў амэрыканскай эканоміцы і дачыненьнях». «Падзеі ў замежнай палітыцы Трампа. Расея і блізкі Усход». «Лібэральна-сацыялістычны глабалізм і рэвалюцыя Трампа». «Асаблівасьці асобы Трампа». «Дэгрэсія аб сутнасьці сацыялізму». «Рэвалюцыя Трампа» падзяліла розумы».)

 

* * *

 

Імкненьне наладзіць добрыя дачыненьні з Амэрыкай выклікаюць разважаньні аб палітычным лёсе Беларусі, які цяпер кепскі і галоўнае, -- няпэўны. Беларусам якраз абходзіць зацікаўленасьць Амэрыкі нашай краінай. Арыентацыя здрадніцкага рэжыму на Кітай ня менш небясьпечная, чым арыентацыя на Расею. Амэрыка тут магла б сыграць лепшую ролю. Тым больш, што ЗША, дзякуючы разумнай і рашучай палітыцы прэзыдэнта Трампа, знаходзіцца цяпер на ўздыме.

Пра гэта, дарэчы, варта сказаць асобна, бо перад Амэрыкай якраз адчыняюцца пэрспэктывы адражэньня эканамічнай і сацыяльнай амэрыканскай нармальнасьці ды выратаваньне краіны з палітычнага лявацкага балота, якое распаўсюдзілася ў Штатах.

Найперш, добра запрацавала амэрыканская эканоміка. Тут назіраецца скачак угару. Упершыню за 60 гадоў за вельмі кароткі час зарплата амэрыканцаў павялічылася на 2%. Пры гэтым інфляцыя пайшла ўніз і спынілася. Сумяшчэньне гэтых чыньнікаў паказвае на павышэньне ўзроўню жыцьця (тое, што абяцаў Трамп амэрыканскім выбарцам).

Назіраецца рэзкае павелічэньне колькасьці рабочых месаў і магчымасьцяў у працы. Адначасна зьменшала і спынілася на нізкім узроўні беспрацоўе (практычна, яно мінімальнае, гэтак жа, як у час першай кадэнцыі Трампа ў 2016-2020 гг.).

У эканоміку пайшлі мільярдныя інвэстыцыі, новая мытная раскладка ўжо дала прыбытак у бюджэт 88 мільярдаў даляраў.

Аднаўляецца свабода слова, спынена дыскрымінацыя спэцыялістаў і разумных людзей па прыкмеце полу, расы і сэксуальных паводзін. Усе (згодна Канстытуцыі) роўныя перад законам і магчымасьцямі працы.

Спынена трансгендэрнае разбэшчваньне дзяцей і моладзі ў школах гарманальнымі прэпаратамі і шляхам мэнтальнага ўціску на сьвядомасьць моладзі. Ліквідавана непатрэбнае фэдэральнае міністэрства асьветы, якое гэтым займалася. Забаронена выкарыстаньне мужчын у жаночых відах спорту, спынены абсалютна не характэрны для Амэрыкі антысемітызм і ксенафобія ў асобных унівэрсітэтах.

Забаронена лекарам выпісваць лекі, тлумячыя гармоны для людзей з трансгендарным парушэньнем псіхікі (прыгнятаньне палавых гармонаў уплывае на дэградацыю псіхікі і рост самагубстваў).

Вельмі хутка і вынікова быў спынены вал нелегальнай міграцыі праз мэксіканскую мяжу (на чэрвень месяц «0» парушэньняў мяжы).

Станоўчых зьменаў шмат. І галоўнае, што ўсе яны – вынік спраўджваньня перадвыбарчых абяцаньняў Трампа і добра ўспрынятыя амэрыканскім народам. Некаторыя сацыялагічныя апытаньні (вядома, калі ім верыць) паказваюць, што рэформы Трампа падтрымлівае больш за 70% насельніцтва. На пытаньне ў мінулым месяцы, зьвернутае да амэрыканцаў, -- ці ў правільным накірунку йдзе Амэрыка, -- палова апытаных людзей адказала станоўча.

 

Больш складаная карціна ў міжнароднай палітыцы. Найбольш бліскучае асабістае дасягненьне Трампа тут – гэта спыненьне ваенных дзеяньняў паміж Конга і Руандай і асабліва паміж Індыяй і Пакістанам, што было зроблена, фактычна, на працягу аднаго дня і адной ночы. Гэта я адмыслова адзначаю адносна вобразнай фразы, сказанай некалі Трампам, што вайну паміж Расеяй і Украінай ён спыніць за адны суткі.

Адносна Расеі, аднак, вобразна лепш не выказвацца. На Захадзе, праўда, таго не разумеюць. А менавіта не разумеюць, што «умом Расею не понять». І гэта праўда. Расею можна «паняць» толькі біцьцём. І чым мацней – тым лепей. Украінцы гэтую азбуку ведаюць. Заходнікам яна, на жаль, інтэлектуальна недасяжная. І ніякая гісторыя з масавай разьнёй і групавым згвалтаваньнем двух мільёнаў жанчын іх нічаму не навучыць. Будуць пісаць неразумныя кніжкі пра «канец гісторыі» і будаваць «дэмакратыю» ў Расеі (якая ёй, гэтая дэмакратыя, арганічна не патрэбная).

Вось на гэтым мэнтальным канёчку спатыкнуўся і геніяльны Трамп. Безумоўна, у пляне тактычнай дыпляматыі, Трамп лепш выглядае, чым Пуцін. Прэзыдэнт Амэрыкі, здаецца, выкарыстаў ужо ўвесь свой цярплівы дыпляматычны арсенал – і рацыё, і пахвальбу, і выгадныя прапановы, і хваленьне расейскай гісторыі, і намёкі пра адказнасьць, і пагрозы другасных санкцыяў, і абвалу эканомікі; словам, «і моркву, і пугу», і нават абяцаньні пакінуць пад расейскай акупацыяй Крым і Данбас, зьняць санкцыі, даць інвэстыцыі Расеі і інш. Фантастычна! Некаторыя аматары палітыкі ўпалі ў прастрацыю. Але ў выніку... пшык! Геній рускага драньства паставіў у тупік генія амэрыканскай «зьдзелкі».

У мяне складваецца ўражаньне, што прэзыдэнт Трамп шчыра не разумее, што за бледная моль шалясьціць перад ім. Гэта называецца мэнтальная пастка, у якую трапляюць заходнікі перад «великим русским человеком», а скарочана – перад крымінальнікам «на пантах».

Рацыянальная дыпляматыя Трампа наглядна паказала ўсім, што Пуцін ня хоча міру, што ён хоча вайны і зьнішчыць Украіну (што ён увесь час і робіць без адрыву ад трампаўскай «дыпляматыі»).

Зацяжная дыпляматыя Трампа высьвечвае, але не вырашае праблему. А праблема паказвае, што яна можа быць вырашана толькі радыкальным (сілавым) шляхам, што ацаленьне Украіны рэальна залежыць ад Амэрыкі і ад дзеяньняў Прэзыдэнта Трампа. Тым часам Расейска-Украінская вайна – гэта трэцяя (ці нават чацьвертая) праблема для Трампа і для міжнароднай палітыкі ЗША. Амэрыка ня хоча завязнуць у гэтай вайне і аплочваць яе кошты. Але калі б Амэрыка ўсё кінула і выйшла б з праблемы, тады дзяржава Украіна стала б перад пагрозай страціць сваё існаваньне. Так было ў В“етнаме. Амэрыка выйшла – В“етнам стаў камуністычным. Так было ў Аўганістане. Амэрыка выйшла – Аўганістан апанавалі талібы. Украінскае кіраўніцтва тое разумее. Але грамадзтва, здаецца, яшчэ не (асабліва тыя, што паносяць Трампа і ЗША).

Складаная сітуацыя для ЗША ўзьнікла на Блізкім Усходзе ў сувязі з 12-цідзённай вайной Ізраіля супраць Ірана, дзе зноў жа канцовы вынік залежыў ад паводзінаў Амэрыкі і палітыкі Трампа. Прэзыдэнт Трамп, які асабіста кіраваў стратэгіяй і дыпляматыяй гэтай вайны, вывязаўся з праблемы на выдатна. Атамны вытворчы арсэнал Ірана зьнішчаны. Мір устаноўлены. Працяг – наладжваньне гандлёвых стасункаў з Іранам.

Уменьне Трампа бачыць сытуацыю відавочнае. Можна паназіраць. Гэта што датычыць, напрыклад, фатальна неабдуманай прпановы прэм“ера Ізраіля ліквідаваць аяталу Хамэйні. Маўляў, усё гатова. Але Трамп катэгарычна забараніў. (Інакш бы Усход палымнеў і міру не было б з кім заключаць.)

 

Аднак усё, пра што тут напісана з усімі праблемамі, – гэта ёсьць аспэкты абмежаванага значэньня. Галоўнае дзеяньне, за якое ўзяўся Трамп і якое сьведчыць, што ён неардынарны чалавек і моцны палітык, нягледзячы на ўсе свае недахопы і нават памылкі (напрыклад, іронія і тролінг пра далучэньне Канады да ЗША, што выклікала нечаканую паразу канадзкіх кансэрватараў на выбарах) – галоўнае дзеяньне Трампа – гэта намер разбурыць існуючы лібэральна-сацыялістычны глабалісцкі парадак сьвету і перабудаваць яго на аснове мірнага ўзаемавыгаднага партнёрскага гандлю і ўлічваньня нацыянальных інтарэсаў, без прыдуманай псэўдаідэалёгіі, але на падставе свабоды гандлёвых адносін, справядлівасьці і ўзаемавыгадных эканамічных дачыненьняў. Асновай сьветапарадку павінна быць гандлёвае ўзаемадзеяньне нацыянальных дзяржаў. Не касмапалітычны калектывізм, а ўлічваньне нацыянальных інтарэсаў. Аснова – нацыя, інтарэсы нацый і салідарнасьць нацый.

Лібэральна-сацыялістычны глабалізм склаўся на паразітаваньні шэрагу краінаў за кошт Амэрыкі і, перш за ўсё, тое скарыстаў Кітай, сацыялістычная эканоміка якога носіць адначасна спажывецка-паразітны характар (у дачыненьні да ЗША) і нэакаланіяльны характар у дачыненьні да слабейшых і менш разьвітых краінаў.

Паразітнае існаваньне краін за кошт эканомікі і гегемоніі ЗША прывяло да касмапалітызму і карупцыі, перш за ўсё, у самой Амэрыцы, да стварэньня штучных міжнародных арганізацыяў і «сінекур» (галоўным чынам таксама за кошт Амэрыкі), да гіпертрафіраванай сацыяльна-дапамаговай сістэмы і павелічэньня колькасьці не працуючага, але працаздольнага насельніцтва, існуючага за кошт грамадзтва, ізноў жа – да паразітнай міграцыі насельніцтва (асабліва ў ЗША і Эўропу), -- урэшце прывяло да павелічэньня крыміналу, злачыннасьці і маральнай дэградацыі, якая стала лібэральна-сацыялістычнай ідэалёгіяй неабмежаваных правоў без усьведамленьня абавязкаў.

Увесь гэты лева-глабалісцкі шлак узяўся ліквідаваць і выкінуць Прэзыдэнт Дональд Трамп, пачаўшы з навядзеньня здаровага парадку ў аснове галоўнай хворай сістэмы – ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Усё йдзе ў станоўчым разьвіцьці, і гэта робіць уражаньне.

 

Апошнія паўгады я даволі мэтадычна слухаў выступы, інтэрв“ю, гаворкі, распараджэньні Трампа і яго каманды (найперш Вэнса, Рубіа, і, дарэчы, Кэралайн Левіт, у якой можа ўзьнікнуць, як мне здаецца, знакамітая будучыня). Каштоўнасьці Трампа, як я заўважыў, характэрна амэрыканскія. Што падабаецца – гэта адсутнасьць чванства, натуральнасьць паводзінаў, гумар, уменьне гаварыць з аўдыторыяй і з простымі амэрыканцамі (з народам). Трамп-кансэрватар выглядае тут класічным дэмакратам. Прытым, я заўважыў у Трампа натуральнае пачуцьцё эмпатыі і павага да добрых якасьцяў людзей, пра якія ён часта і пастаянна кажа, выклікаючы да сябе прыхільнасьць. Ён пакідае ўражаньне разумнага практычнага чалавека, які здольны глянуць у корань праблемы, тут жа прыняць рашэньне і пачаць яе вырашаць.

Несур“ёзнае ўражаньне ў некаторых беларусаў выклікае пастаянная пахвальба Трампа самога сябе, хваленьне сваіх намераў і зробленых спраў. Аўтаматычна гэта адкідваецца ў мінус, бо мы хрысьціяне, і сьціпласьць лічым маральнай каштоўнасьцю. Хваліцца сабой як бы не прынята.

Ключыкам да разуменьня такіх паводзінаў стала для мяне адна фраза Трампа, калі ён, мо“ ў дзясяты раз сказаў, як прадухіліў магчымую ядзерную вайну паміж Індыяй і Пакістанам і як ён дамогся міру і спыненьня вайны паміж Конга і Руандай. «Толькі ніхто пра гэта чамусьці ня кажа», -- кінуў ён аднойчы такую фразу.

І сапраўды, сярод таго мэдыйнага і палітычнага хору хлусьні, паклёпу і брыдоты супраць Трампа, якую татальна валяць на яго палітычныя праціўнікі ды замоўчваюць яго дасягненьні, то самаму Трампу якраз і трэба сярод гэтага брэху пра сябе нагадаць і сказаць, і паўтарыць, бо ўсе яго чуюць у яго прэзыдэнцкім статусе:

-- Я спыніў нелегальную эміграцыю.

-- Я дамогся міру паміж Індыяй і Пакістанам.

-- Я памірыў Конга і Руанду.

-- Я прыцягнуў інвэстыцыі ў Амэрыку.

-- Я ліквідаваў атамную пагрозу з Ірану.

-- Я выгнаў Кітай з Панамскага каналу.

-- Я прымусіў Эўропу плаціць у НАТО і г. д.

І галоўнае, што ўсё гэта праўда.

Трамп нават вызваленьню беларускіх палітвязьняў стаў дапамагаць (пра што мы, беларускія патрыёты, рэальна клапоцімся перад амэрыканцамі ўвесь час і ёсьць вынікі).

Шалёную нянавісьць і хлусьню, якую абрынулі супраць Трампа пачырванелыя дэмакраты, марксісты, сацыялісты, садаміты, левыя маргіналы і іншыя, ні з чым нельга параўнаць. Гэта нешта сатанінскае, і прычына такой ярасьці зразумелая, калі глянуць у корань ідэалёгіі, якая ў чарговы раз захацела заўладаць сьветам і на якую брутальна «накаціў» гэты «фашыст» і «вар“ят» -- знакаміты прэзыдэнт Трамп.

 

Дэгрэсія. Тут невялікая дэгрэсія адносна фашызму і сацыялізму.

Мушу адразу заўважыць пра нямецкі «фашызм». Ярлык фашызму для гітлерскага нацыянал-сацыялізму сьведама прыляпілі расейскія камуністы, каб адрозьнівацца. Ідэалёгія ўлады ў Нямеччыне 1930-х гадоў – гэта характэрны шавіністычны нацыянальны сацыялізм з элемэнтамі ўлады, арганізацыі і дэталямі італьянскага фашызму Мусаліні і містыкі Усходу. Фашызм як дыктатура і ідэалёгія (даволі маргінальная) нідзе і ніколі ня ставіў задачу сусьветнага панаваньня і перарабленьня сьвету. Гэта важна ведаць пра такі тып рэжыму.

Існуе толькі адна ідэалёгія, якая ставіць плянэтарную задачу сацыяльнай і прыроднай пераробкі, і зьмены чалавецтва, і стварэньня глабальнай улады над зьмененым чалавецтвам. Гэта ідэалёгія ўзьнікла ў ХІХ-м стагоддзі ў адзінай сутнасьці, але пад рознымі назвамі: камунізм, бальшавізм, сацыялізм, потым нацыянал-сацыялізм, мааізм і інш. Яна жывучая і будзе існаваць заўсёды, бо вынікае з падвойнай мэнтальнай прыроды людзей. Прывід ходзіць па Эўропе, прывід камунізма(К. Маркс). Гэта амаль прароцтва.

Ня буду спыняцца на гнасеалогіі і сутнасьці гэтай зьявы. Адзначу толькі пацьверджаны вопытам і гісторыяй факт аб планетарнасьці камуна-сацыялістычнай ідэалёгіі, накіраванай на перарабленьне чалавецтва, згодна ідэйных уяўленьняў. На дарозе гэтай ідэалёгіі – мільёны загубленых жыцьцяў.

Расейскі камунізм 1917-1930-х гадоў бачыў пэрспэктыву і перарабленьне чалавецтва (захоп сьвету) шляхам «сусьветнай сацыялістычнай рэвалюцыі». (Гэта ўсё напісана ў ідэалагічных працах камунізма.) У аснове сацыяльны прынцып – багатыя людзі («эксплуататарскія класы») і «их прихлебатели» фізічна зьнішчаюцца. Багацьце дзеліцца паміж небагатымі і пралетарыятам. Усе працуюць на пралетарскую дзяржаву, якая ўсё дзеліць і разьмяркоўвае.

Савецкі сацыялізм 1950-1980-х гадоў уяўляў захоп («заваяваньне») сьвету шляхам «социалистического строительства в СССР» і шляхам стварэньня і падтрымкі «социалистических революций во всем мире».

Згодна нямецкага нацыянал-сацыялізму 1930-х гг., зьмена чалавецтва павінна быць ажыцьцёўлена па нацыянальна-расаваму прынцыау, шляхам радыкальнага ўмяшаньня ў нацыяльную прыналежнасьць і прыродную сутнасьць чалавека, шляхам фізічнай ліквідацыі «дэфэктных» народаў і расаў, сцьвярджэньнем першаснасьці нардычнай расы і біялагічным (Sic!) стварэньнем «звышчалавека», які прыйдзе ўзамен сапсаванага людзтва. Гэтым (біялагічнай сэлекцыяй) рэальна займаўся нямецкі «Лебэнсборн».

І, нарэшце, цяперашні час – лібэральны сацыялізм, які вырастае ў нас на вачах. Здаецца, што разьвіваецца самы страшны тып сацыялізма, які пакуль што без вайны і бяз масавых рэпрэсіяў цалкам усьвядомлена зьнішчае сацыяльную і (Sic!) біялагічную прыроду чалавека. Расейскі, нямецкі, кітайскі і іншыя сацыялізмы фізічна зьнішчалі мільёны непадобных (нязгодных). Але заставаліся іншыя людзі, і чалавецтва працягвала існаваць і разьвівацца.

Тое, што адбываецца цяпер у Эўропе, і асабліва ў Амэрыцы, прыводзіць да незваротных зьменаў у грамадзтве шляхам стварэньня (выхаваньня) псіхічна, мэнтальна і фізіялагічна іншага чалавека, ня здольнага падтрымліваць сваё грамадзкае існаваньне. Разбураецца сям“я, культывуецца новы тып дэвіантнага суб“екта, новы тып псіхічна і сацыяльна бездапаможнай асобы ў новай парадыгме гедэністычнага існаваньня на ўтрыманьні грамадзтва. І гэта ўжо далёка не маргіналізм.

Ужо існуе (створана) ідэалёгія такога дэградуючага існаваньня чалавека, прыдумана яго права на існаваньне, апраўданьне і прыярытэт. Аналогіі былі ў цывілізацыях, якія загінулі, і ў тэкстах разумных кніг.

Ня буду далей апісваць гэтую крызісную зьяву сучаснасьці, бо кожны, хто шырока расплюшчыць вочы, усё ўбачыць сам. Цяперашні сьвет адкрыты. Толькі трэба ўмець назіраць.

 

Гэтае адступленьне я зрабіў, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу на лібэральна-лявацкую прыроду нянавісьці супраць Трампа, чалавека, які спрабуе ня тое, што зрабіць Амэрыку зноў вялікай, але, перш за ўсё, спыніць Кітай і лібэральна-марксісцкае шаленства, перамяніць глабальны парадак разьвіцьця ў іншае нацыянальнае рэчышча, што паўплывае шмат на каго, на шматлікіх людзей, на палітыку і ўладу, на багацьце і паразітнае існаваньне.

«Рэвалюцыя Трампа», як бачым, падзяліла розумы. Але вось тут для нас, беларусаў, пытаньне ня ў тым, хто на чыім баку, а пытаньне ў тым, каб нам усім разам (незалежна ад інтэлектуальных расколаў) прыняць свой беларускі бок і зрабіць Беларусь зноў свабоднай. Гэта для нас, беларусаў, ёсьць і павінна быць галоўным пры любым падзеле зьнешняга сьвету.

 

20-25 чэрвень 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: