25-га студзеня ў Вільні прэзыдэнт Украіны Зяленскі на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да пачатку Студзеньскага паўстаньня 1863 года, меў гаворку з С. Ціханоўскай і запрасіў яе прыехаць у Кіеў. Гэты факт узбудзіў "невераятных" і іхнія "дэмсмі", якія ўспрынялі тое як афіцыйнае запрашэньне. Паводзіны сп. Зяленскага зьвярнулі на сябе ўвагу, бо да гэтага часу Украіна не прызнавала ОСЦ, падтрымлівала полк Каліноўскага і беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы. Цяпер, як быццам, сітуацыя можа перамяніцца.
Амбасадар Ігар Кізім лічыць аднак, што адносіны Украіны тут агульныя да ўсіх беларускіх "дэмакратычных сіл". Аднак мы бачым, што паварот да ОСЦ відавочны. Гэты паварот можа выклікаць магчымасьць шырокага пранікненьня агентуры ва Украіну і павелічэньня яе ўплыву, асабліва на ўкраінскіх беларусаў і, магчыма, на беларускіх ваяроў.
Усё гэта ўзьнікае на фоне правалу эўразьвязаўскага праекту ОСЦ. Цяпер адбываецца павольнае спусканьне яго на дол. Магчыма, з ускладненьнем настрояў у Эўразьвязе эўрапалітыкі захочуць нават часткова перанакірваць ОСЦ ва Украіну (дзе наўрад ці стануць называць Ціханоўскую "лідаркай", "прэзыдэнткай", "электаркай" і т. п.). Але для беларускай нацыянальнай дэмакратыі гэты варыянт можа стацца такім жа шкодным, як віленскі.
31 студзень 2026.
Зянон ПАЗЬНЯК