НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПЕРАМОЖАМ ЭПІДЭМІЮ і РЭЖЫМ

ПЕРАМОЖАМ ЭПІДЭМІЮ і РЭЖЫМ

Назіраючы за працэсамі, прыходзім да відочнага выніку, што сьвет (і ўсё ў сьвеце) разьвіваецца па правілах і ў сваім парадку. Перамены адбываюцца ў выніку катастроф (разбурэньня існага).

Гэтая банальная праўда вядомая даўно, але задумваемся над ёй найбольш тады, калі якраз адбываецца катастрофа.

Мы зараз перажываем сусьветную катастрофу, якая ўплывае на ўсё чалавецтва. Назва катастрофы -- "Ковід-19", альбо папулярна -- "Карона". Чалавецтва змагаецца з агрэсіўнай малекулай, якая пагражае ўсім.

Жыцьцё перамянілася. Перамены закранулі кожнага чалавека, і асабліва сацыяльныя, грамадзкія і працоўныя дачыненьні паміж людзьмі. Людзі ўжо ня могуць вольна зьбірацца разам, ня могуць непасрэдна кантактаваць з ворганамі і служачымі дзяржаўнай улады, і з грамадзкімі арганізацыямі (толькі, як правіла, -- праз Сеціва ды тэлефон, апасродкавана і аднабакова), ня могуць вольна карыстацца транспартам і падарожжамі -- усё з абмежаваньнямі, якія прыходзіцца пераадольваць. Абмежаваньні датычаць масавых мерапрыемстваў, падзеяў мастацтва і культуры, тэатра і кіно, спорту і палітыкі. У асобных момантах (кажу па амэрыканскім вопыце) жыцьцё робіцца невыносным, у людзей здаюць нэрвы. Ня раз чуў у ЗША і некалькі разоў у Польшчы, што чалавек не хацеў бы далей жыць у такім сьвеце.

Выйсьце ёсьць, але яно доўгае і цяжкое, прадугледжвае цярпеньне, вытрымку і адказнасьць людзей перад нацыяй, грамадзтвам і папуляцыяй. Шмат дзе гэтай адказнасьці хапае толькі на палову насельніцтва, нават вакцынацыю ня ўсе хочуць рабіць і статыстыка сьмерцяў (99 адсодкаў інфікаваных і памерлых зь ліку не зашчэпленых) не спыняе, не змушае падумаць.

Але гэта на Захадзе. Там іншыя праблемы. У Беларусі прамаскоўскі антынацыянальны рэжым ад пачатку стаў праводзіць палітыку падтрымкі не людзей, а эпідэміі каранавіруусу. Медыцыну пакінулі без дзяржаўнай дапамогі, лекараў звальнялі і кідалі ў турму. Тое працягваецца па сёньняшні дзень. Вярхоўны вар’ят аб’явіў, каб людзі лячыліся лазьняй, трактарам і гарэлкай, бо віруса, маўляў, не існуе, і ён яго ня бачыць.

Беларусы сталі арганізоўвацца і ратаваць самых сябе. Тады рэжым зьнішчыў самаарганізацыю людзей супраць Ковіда-19 і засакрэціў ахвяры эпідэміі.

Важнай задачай Часовага Нацыянальнага Ураду (калі яго роля рэалізуецца ў бліжэйшыя месяцы і гады) стане неабходнасьць ратаваць народ ад пандэміі каранавірусу. Медыцынскія працаўнікі будуць вернутыя на працу. Ім належыцца кампэнсацыя і рэабілітацыя. Тых, што, ратуючыся ад перасьледу, уцяклі за мяжу, папросяць вярнуцца. Усё, што магчыма, будзе выдаткавана зь бюджэту для ратаваньня людзей. Будзе адчынена свабода для самаарганізацыі і самапаратунку насельніцтва. Часовы Нацыянальны Урад зьвернецца за дапамогай да міжнародных мэдыцынскіх фондаў і арганізацыяў, асабліва ў патрэбе добрай вакцыны, прыбораў і мэдыкамэнтаў.

Беларусы не павінны выміраць. Уратуем сябе як народ. Свабода, справядлівая законнасьць і нацыянальная палітыка ў інтарэсах людзей стане зарукай нашага беларускага Адраджэньня і аднаўленьня здаровых традыцыяў жыцьця.

 

26 верасень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

 

bns-volnayabelarus.org

Дадаць у: